"Смеццевыя дываны" на газонах. Куды зніклі дворнікі з віцебскіх двароў?
На гарачую лінію тэлерадыёкампаніі «Віцебск» паступаюць званкі ад гараджан, якія скардзяца на дрэнна прыбраныя двары ў спальных мікрараёнах. У асобных выпадках смецце пакрывае газоны каля дома. Куды зніклі дворнікі, і калі ў перыферыйных раёнах стане гэтак жа чыста, як у цэнтры, высвятляла карэспандэнт рэгіянальнага тэлеканала.
З 1 лістапада 2016 года ўсе паркі, тратуары і двары, у тым ліку і таварыстваў уласнікаў, прыбіраюць работнікі "Зелянгаса". Гэта арганізацыя выйграла тэндар на ўборку гарадскіх тэрыторый. Новая расстаноўка сіл, як лічылі ў «Віцебскім ГЖКХ», павінна была толькі палепшыць ўборку. Аднак на практыцы жыхары горада бачаць зусім іншае.
Месяц таму ў "Зелянгасе" змяніўся дырэктар, ад каментароў на прадпрыемстве адмовіліся. Аднак у размове без камеры скардзіліся на недахоп супрацоўнікаў і вялікі аб'ём працы.
Віцябляне спадзяюцца, што "Зелянгас" перастане скардзіцца на лёс і арганізуе працу дворнікаў. А можа, гарвыканкам аб'явіць новы тэндар і перадасць уборку двароў больш сумленнаму падрадчыку?