У "віцебскіх Курапатах" стварылі новы мемарыял

Источник материала:  
10.07.2017 13:01 — Новости Общества

Актывісты ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» паставілі 16 мэмарыяльных крыжоў на ўзлеску каля вёсак Хайсы і Дрыколле. Паводле ўспамінаў мясцовых старажылаў, у 1937−1940-я гады тут адбываліся «сталінскія расстрэлы». А сёлета ўвесну «чорны капальнікі», шукаючы спажывы, павыкідвалі на паверхню чалавечыя косьці зь безыменных магілаў.


13 крыжоў зьявіліся днямі ў суседнім ад вёсак лесе, дзе вяскоўцы знайшлі выкінутыя з зямлі чалавечыя парэшткі. Столькі ж раскопаў даследаваў сёлета 53-і пошукавы батальён, выкліканы мясцовымі ўладамі, і навуковец Алег Іоў, на запрашэнні якога настойвалі актывісты. Яшчэ тры крыжы паставілі на ўваходах на сымбалічныя «могілкі».


Ян Дзяржаўцаў

З часам з’явіцца і больш грунтоўны помнік трагедыі, кажа заснавальнік ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» Ян Дзяржаўцаў:

«Мы маем намер паставіць жалезныя крыжы, якім не страшнае ніякае прыроднае ўздзеянне. Мы мусім гэта зрабіць, бо мясцовыя ўлады нашу ідэю ўшанавання памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў не падтрымалі. Пошукавы батальён з’ехаў, забраўшы з сабой некалькі мяхоў чалавечых парэшткаў і фрагмэнтаў адзення ды абутку, знойдзеных у раскопах. Аднак працавалі пошукавікі не дужа сумленна: пасля іх на зямлі засталіся і чалавечыя косці, і рэчы. Усё гэта мы сабралі ды пахавалі ў сымбалічнай магіле — там, дзе быў адзін з раскопаў „чорных капальнікаў“, пазней паглыблены пошукавікамі».


Пошукавікі пакінулі пасля сябе шмат артэфактаў з раскапаных ямаў

Галёша, вырабленая ў 1937 годзе

У чаравіку засталася чалавечая костка

Жаночыя грабеньчыкі з рэшткамі валасоў

На адным з крыжоў актывісты прымацавалі шыльду «Урочышча Хайсы. Месца масавых расстрэлаў грамадзянаў Беларусі падчас сталінскага тэрору ў 1937−1940-я гады». На другой мэмарыяльнай таблічцы згадана імя Вольгі Данцыт, расстралянай 30 красавіка 1938 году нібыта за антысавецкую дзейнасць у складзе «латыскай контррэвалюцыйнай арганізацыі».


Падчас раскопак быў знойдзены фрагмэнт жаночага грабеньчыка, на якім надрапана імя «Оля» і частка прозвішча меркаванай гаспадыні.

Удзельнік грамадзкай ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты» Андрэй Кешанюк правёў уласнае дасьледаваньне і вызначыў, што грабенчык мог належыць расстралянай жыхарцы вёскі Матушова Лёзненскага раёну, 28-гадовай настаўніцы Вользе Данцыт.


Сымбалічная труна з парэшткамі, сабранымі у лесе пасьля працы пошукавікаў

Віцебскія актывісты працягваюць даследаванні. З архіўных звестак ім удалося даведацца прозвішчы яшчэ 62-х чалавек, расстраляных у віцебскай турме НКУС у адзін дзень з Вольгай Данцыт, прычым паводле таго самага абвінавачання — за нібыта дзейнасць у «латыскай контррэвалюцыйнай арганізацыі». Верагодна, гэтыя людзі таксама былі расстраляныя ва ўрочышчы каля вёскі Хайсы.


Ян Дзяржаўцаў паказвае чэрап з кулявой адтулінай

Пра трагічныя падзеі прысутным расказаў Дзьмітры Ганчароў, мясцовы жыхар 1928 году нараджэння:

«Мы з сябруком пайшлі шукаць цяля, якое згубілася. Было гэта да вайны, у 1937-м ці 1938 годзе. Глядзім, а ў лесе каля чыгункі стаіць дзядзька ў скураной куртцы, які нікога далей не пускае. Перад тым мы стрэлы ў лесе чулі, некалькі начэй запар. Сваё цяля мы пазьней знайшлі, яно ў балоце загразла… А яшчэ адзін аднавясковец знайшоў у лесе страшнейшую знаходку. Былі арыштавалі старшыню нашага калгаса па прозвішчы Антон Рамашка. Я з ягонай дачкой сядзеў у школе за адной партай. Яго забралі нібыта за тое, што быў польскі шпіён. А празь нейкі час сусед знайшоў у лесе ягоны пінжак — рукаў з зямлі тырчаў. Сказаў жонцы, тая кінулася бегчы шукаць, але людзі ў скураных куртках у лес нікога не пускалі. Каму ўдалося абдурыць варту, той казаў, што там зямля варушыцца».


Дзмітры Ганчароў

Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы — «віцебскія Курапаты» ўжо трэці год збіраюць сведчаньні тых, хто ведае пра «сталінскія расстрэлы» ў гэтых мясцінах. З той самай пары, як чалавечыя парэшткі ва ўрочышчы Хайсы былі знойдзены ўпершыню. Тады, у 2014 годзе, былі ўсталяваныя першыя мэмарыяльныя крыжы, і цяпер адлеглаць паміж двума самаробнымі мэмарыяламі складае каля паўкілямэтра. Зрэшты, можна лічыць гэты мэмарыял і адзіным, бо расстрэлы, паводле старажылаў, адбываліся на розных участках лесу.

Аднак, нягледзячы на існаваньне жывых сведак, мясцовыя ўлады ўпарта прытрымліваюцца версіі, што невядомыя масавыя пахаванні ўтварыліся падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў лесе каля вёсак Хайсы і Дрыколле стрэламі ў патыліцу забівалі ахвяраў фашызму, але ніяк не сталінізму.


Андрэй Кешанюк, адзін з дасьледчыкаў трагедыі ва ўрочышчы Хайсы

Віцебскія актывісты робяць усе магчымыя захады, каб гістарычная праўда стала здабыткам шырокай грамадзкасьці, а памяць бязвінных ахвяраў была ўшанаваная належным чынам.

←ЦТ на "отлично" написали более 300 абитуриентов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика