Жыхары дома з "Чарачнай" хочуць зрабіць свой двор безалкагольнай тэрыторыяй

Источник материала:  
22.06.2017 08:19 — Новости Общества

Рэзананс вакол «Чарачнай» у жылым доме № 18 на вулiцы Чапаева ў Вiцебску не сціхае. Нагадаем, людзей абурала рэклама пiцейнай установы і тое, што яна працуе да 11 гадзiн ночы. Зараз жыхары хочуць зрабiць навакольную тэрыторыю свабоднай ад продажу спiртнога i тытуню.



Непрыемнае суседства

Раней на гэтым месцы знаходзiўся стары жылы дом без камунальных выгод. Пасля зносу некалькiх такіх будынкаў на вуліцы Чапаева іхнія жыхары атрымалi ключы ад новых кватэр. А на месцах, якiя вызвалiлiся, пабудавалі шматпавярховікі. Сотнi людзей павiнны быць задаволеныя. Але не…

Самыя актыўныя крытыкi «Чарачнай» — тыя, што пражывае ў двух пад’ездах недалёка ад яе. Большая частка кватэр — з iншага боку будынка.

Карэспандэнт праверыў рэакцыю жыхароў дома на сабе. Выпiў пiва ў «Чарачнай» і стаяў побач з пад’ездам. Жаданне выкiнуць выкураную цыгарэту ў сметнiцу выклiкала нервовую рэакцыю дамы з дзiцем. Яна адчыняла дзверы. Бачылi б вы яе вочы! У iх, быццам бы, чыталася: «Дасталi выпiвохi, курыльшчыкi!».

Пачуццi жанчыны зразумець можна. Хоць выпiць у «Чарачнай», як i падыхаць паветрам каля яе, нiкому не забаронена.

Праблему дрэннай работы вентыляцыi ў пiцейнай установе ўжо вырашылі. Выцяжную трубу «Чарачнай» знялi з фасада дома пасля сходу жыхароў. У закусачнай усталявалi кандыцыянер. Калi пахi грамадскай кропкi харчавання перашкаджаюць, уласнiкi кватэр могуць звярнуцца ў Вiцебскi занальны цэнтр гiгiены i эпiдэмiялогii.

Грошы або камфорт?

Нядаўна адбыўся чарговы сход жыхароў дома № 18. На сустрэчу прыйшлi прадстаўнiкi мясцовай улады i фiрмы, якой належыць пiцейная ўстанова.

Дыялог атрымаўся няпросты. Аргументы за тое, каб закусачная працавала далей, падмацаваныя законам: згодна з ім, нiякiя правы не парушаны. Акрамя таго, горад зацiкаўлены ў развiццi малога i сярэдняга бiзнэсу i папаўненнi казны. Падаткi, у тым лiку i ад дзейнасцi «Чарачнай», выкарыстоўваюць для ўборкi i рамонту вулiц, добраўпарадкавання сквераў, на набыццё грамадскага транспарту і г. д.

Але, мяркуючы па рэакцыi жыльцоў, яны чакаюць ад уладаў большага разумення.

— На жаль, не ўсе разумеюць сэнс нашага пратэсту. Справа не ва ўстанове, а ў яе размяшчэннi! У жылым доме, памiж пад’ездаў! Зусiм не хочацца, каб, у першую чаргу, дзецi штодня бачылi на ганку «Чарачнай» i сваiх пад’ездаў п’яных, якiя кураць, лаюцца матам, — тлумачыць сваю пазiцыю адзiн з жыльцоў.


Змаганне працягнецца

Жыхары дома вырашылi працягваць барацьбу. Адна сям’я прапанавала зрабiць навакольную тэрыторыю таварыства ўласнiкаў свабоднай ад продажу спiртнога i табачных вырабаў. Па прыкладзе месцаў грамадскага прызначэння, многiх паркаў, дзе піць і курыць забаронена.

Цiкава, што незадаволеным жыльцам дома нават у галаву не прыйшло расказаць пра тое, што iх турбуе, свайму дэпутату. У прыёмнай гарсавета дэпутатаў журналiсту адразу далi нумар кантактнага тэлефона. Народны выбраннiк Вячаслаў Багдановiч (выбарчая акруга № 3) пацвердзiў, што да яго выбаршчыкi не звярталiся наконт «Чарачнай». Ён запэўнiў, што гатовы з iмi сустрэцца, выслухаць i ўнiкнуць у сiтуацыю.

Трэба разумець, што законы ствараюцца для людзей, а не супраць iх. Калi iнтарэсы бiзнесу i простых грамадзян сутыкаюцца, а закон не дапамагае вырашыць канфлiкт i напружанне ў грамадстве нарастае, то трэба разабрацца: наколькi закон дасканалы? Магчыма, настаў час нешта ў iм памяняць? Магчыма, пэўную сiтуацыю трэба разглядаць iндывiдуальна, бо закон не можа прадугледзець усе нюансы нашага жыцця.

Сёння на нашых дзяцей звальваецца навала негатыўнай або сумнеўнай iнфармацыi з глабальных крынiц, якiя даросламу чалавеку цяжка кантраляваць. Сям’я можа супрацьпаставiць ёй лад i ўзаемаразуменне ва ўласным доме. Але калi непадалёк ад гэтага дома перыядычна ляжаць п’яныя наведвальнiкi закусачнай, то зрабiць гэта значна цяжэй.

←Более 500 человек приняли участие в реконструкции обороны Брестской крепости

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика