Уладзімер Макей: Без мовы не можа быць краіны
Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей у інтэрв'ю «Радыё Свабода» заявіў, што беларусам трэба больш размаўляць на беларускай мове і не саромецца гэтага.
«Калі ты беларус, калі разумееш, што без мовы не можа быць краіны — будзе і мова жыць, і краіна развівацца. Але нічога не павінна рабіцца штучна, а павінна ісці ад душы, ад сэрца. МЗС спрабуе зрабіць свой унёсак у развіццё беларускай мовы. Напрыклад, пазаўчора мы ў Мадрыдзе правялі выдатнае мерапрыемства: гішпанская дзяўчына пераклала на гішпанскую мову Максіма Багдановіча, выдатна гаворыць па-беларуску — гэта прыклад для многіх беларусаў, якія саромеюцца, магчыма, размаўляць па-беларуску. Трэба больш размаўляць на беларускай мове. Мы спрабуем гэта рабіць у нашым міністэрстве і заахвочваць людзей. Але ўсё павінна ісці ад душы, ад сэрца».
У Празе адбываецца міжнародны сымпозіум «Францішак Скарына і Прага», арганізаваны Нацыянальнай бібліятэкай Чэхіі, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і амбасадай Беларусі. Кветкі да памятнай дошкі Скарыну разам з удзельнікамі сымпозіюму ўсклаў міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей. Ён таксама падараваў Нацыянальнай бібліятэцы Чэхіі і мастацкаму музею факсімільнае выданне скарынаўскай Бібліі.