"Матачка Божая, Матачка Добрая": на Браслаўшчыне знайшлі старадаўні абразок з беларускай малітвай
Гэты абразок Маці Божай Вастрабрамскай я знайшоў паміж старонак кніжачкі «Żywy różaniec», якую летась даслала мне Юлія Цярэнцьева з вёскі Зарачча на Браслаўшчыне.
Пра сям’ю Цярэнцьевых, якія кінулі Мінск і пераехалі на Паазер’е, я прачытаў у «Нашай Ніве». Знайшоў Юлію Цярэнцьеву на фэйсбуку і даслаў запыт у сябры. Гэтае віртуальнае знаёмства прывяло да цікавай знаходкі. Аднойчы Юлія напісала, што ў яе ёсць старыя каталіцкія выданні і папрасіла парады, што з імі рабіць. Я прапанаваў даслаць іх мне і паабяцаў перадаць іх у музей Віцебскай дыяцэзіі, калі ён будзе створаны (размовы пра гэта ходзяць не першы год).
У старых малітоўніках і рэлігійных кніжках часта можна знайсці папяровыя абразкі. Іх укладалі як закладкі між старонкамі ці проста, каб не згубіўся. Разгарнуўшы кніжачку «Żywy różaniec», якую даслала мне Юлія, я знайшоў моцна патрапаны каляровы абразок Маці Божай Вастрабрамскай. Перагарнуў яго — і быў вельмі здзіўлены.
На зваротным баку абразка быў надрукаваны верш па-беларуску лацінкай. Частка тэксту страчана, аднак лёгка было зразумець, што гэта за верш. «Матачка Божая, Матачка Добрая, бедныя дзеці. мы клічам Цябе…» — песню на гэтыя словы, злёгку змененую, сёння спяваюць у многіх беларускіх касцёлах.
Простыя і натхнёныя словы, напісаць якія мог толькі такі аўтар, які не толькі паэтычны дар меў, але і добра ведаў душу беларуса-селяніна.
Матачка Божая, Матачка Добрая,
Бедныя дзеці, мы клічам Цябе.
Песняй пакорнаю мольбы складаючы,
Сэрцы свае аддаём мы Табе.Нас, сваіх дзетачак, што ў Цябе просяцца —
Матачка Добрая, Ты пашкадуй;
Ласкай аджыўчаю Бога Прадвечнага,
Матачка Божая, нас абдаруй.Вылеч Ты сэрца нам раны глыбокія,
Міласцяй чыстаю нас запалі,
Каб хвала Божая ўмест жальбы вечныя,
Ў неба ляцела, ляцела з зямлі.Светам нябесным галовы нам цёмныя,
Матачка Божая, Ты асвяці,
Каб мы пазналі Мудрасць Адвечную,
Богу служылі тут верна ў жыцці.Дай жа нам, дзеткам, дарожаньку простую,
Хвіліну смерці шчасьлівую дай.
Вядзі нас, Матачка, зоранька ясная,
У вечную хвалу, у цудны Божы рай.
Гэтая рэлігійная песня лічыцца народнай. У пачатку ХХ стагоддзя яе паклаў на музыку ксёндз Фабіян Абрантовіч, які быў беларусам і ідэйным прыхільнікам беларускага адраджэння. Песня была надрукаваная ў малітоўніку «Голас душы», выдадзеным у 1926 годзе ў Вільні. Укладальнікам гэтага малітоўніка быў ксёндз Канстанцін Стэповіч.
На абразку няма ні даты і месца друку, ні пазнакі аб дазволе духоўнай улады на друк. Паходжанне абразка — загадка. Трэба сказаць, што каляровы друк з залацістымі ўстаўкамі быў характэрны для абразкоў, датаваных ад 1890-х да пачатку І Сусветнай вайны. Прынамсі такую выснову можна зрабіць, прааналізаваўшы калекцыю каталіцкіх абразкоў, якую я сабраў у ваколіцах Глыбокага. Абразкі, датаваныя міжваенным перыядам, такога афармлення не мелі.
Гістарычных звестак пра друк беларускіх абразкоў перад І Сусветнай вайной вельмі мала. У 1912 годзе Рамуальд Зямкевіч перасылаў Аляксандру Ельскаму «абразок Маці Божай Вастрабрамскай з вершаванай малітвай пяра Сыракомлі. Гэты абразок быў выдадзены ў бягучым годзе коштам маім [г. зн., Зямкевіча] і пана Власта (Вацлава Ластоўскага)». Яўхім Карскі піша, што «Образки… с белорусскими молитвами на обороте напечатаны в 1913 г. в Вильне и Кракове».
Ці не адзін з абразкоў гэтага выдання знайшоўся на Браслаўшчыне?
Гісторык літаратуры Вячаслаў Мартысюк з Брэста адказаў мне, што верш «Матачка Божая, Матачка Добрая…» стылістычна не падобны да вершаў Сыракомлі. Аднак, можа, усё ж Зямкевіч і Ластоўскі надрукавалі абразок з гэтым вершам, але памыляліся, прыпісваючы яго аўтарства Сыракомлю?
Мы не ведаем іншага абразка Маці Божай Вастрабрамскай таго часу з вершам па-беларуску.
У любым выпадку, гэты абразок — адно з першых каталіцкіх выданняў часоў беларускага Адраджэння. Спадзяюся, навукоўцам удасца высветліць яго паходжанне.
Яшчэ адна акалічнасць звяртае на сябе ўвагу. Абразок моцна патрапаны, забруджаны пальцамі сялянскіх рук. Гэтаксама выглядаюць у старых малітоўніках старонкі з папулярнымі малітвамі, якімі чалавек маліўся сотні, тысячы разоў.
Падобна, што верш «Матачка Божая, Матачка Добрая…» быў адной з улюбёных малітваў чалавека, якому гэты абразок належаў.