Горад-кветка. Гарадскія ўлады абяцаюць за 2 гады змяніць Жодзіна
Праз год-другі Жодзіна непазнавальна зменіцца. Гэта будзе горад-кветка, горад-сад. Ва ўсялякім выпадку такую задачу паставілі мясцовая адміністрацыя і гарадскі Савет дэпутатаў.
— Сёння ў Жодзіне ідзе маштабная работа па добраўпарадкаванні тэрыторый, азеляненні, навядзенні парадку. Работа праводзіцца комплексна, сістэмна, у гэтым кірунку выпрацаваны адзіныя падыходы. І самае галоўнае, што ў справе прымаюць удзел усе: і жыхары, і дэпутаты, і грамадскасць. Ёсць разуменне з боку кіраўнікоў арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў, — расказала старшыня гарсавета Наталля Сушко. — Падтрымлівае нас і гарадскі савет прадпрымальнікаў, з якім рэалізуем шмат праектаў. Усе разумеюць, што толькі агульнымі намаганнямі можна стварыць камфорт і ўтульнасць у нашым агульным доме.
Сапраўды, Жодзіна сёння нагадвае вулей: ездзяць сюды-туды грузавікі з будаўнічымі матэрыяламі, гудуць асфальтаўкладчыкі, парадкуюцца тратуары, дваровыя тэрыторыі, устанаўліваюцца кантэйнеры, рамантуюцца дзверы пад’ездаў жылых дамоў, фарбуюцца падмуркі, цокаль будынкаў, ставяцца новыя сметніцы, мяняюцца лаўкі.
— У нас шчыльная гарадская забудова, таму «цесна» для стаянак аўтатранспарту. Пры добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый расшыраем месцы для паркоўкі наколькі гэта магчыма, — тлумачыць Наталля Міхайлаўна. — Актыўна вызначаем і месцы для дзіцячых гульнявых пляцовак. На многіх састарэла абсталяванне — не адпавядае патрабаванням эксплуатацыі. Вядома, мы не можам адразу яго абнавіць у кожным жылым двары. Але плануем уладкаваць па адной пляцоўцы ў кожным мікрараёне за кошт сродкаў, якія жыхары зарабілі на суботніку.
Яшчэ адзін цікавы праект — на праспекце Міра хутка з’явіцца алея ліхтароў. Яна будзе ўяўляць сабой зону адпачынку, разбітую на 24 «кішэні», у кожнай з іх установяць тэматычныя ліхтары як сімвалы або візітныя карткі канкрэтных прадпрыемстваў: «БелАЗа», «Світанка», Кавальскага завода цяжкіх штамповак ды іншых. Далі на гэта згоду ўжо 30 суб’ектаў гаспадарання. Праекты зацверджаны ў гарвыканкаме. Аб’ект плануецца адкрыць трэцяга ліпеня, калі ўпершыню пройдзе Дзень горада. Да гэтага свята сумяшчалася з Днём машынабудаўніка ў апошнюю нядзелю верасня.
Шмат увагі ўдзяляецца і навядзенню парадку ў прыватным сектары.
— Працуем разам з камунальнікамі, санстанцыяй, прадстаўнікамі мясцовага самакіравання. Заходзім у кожны дом, даём рэкамендацыі, просім замяніць агароджу, якая мае непрэзентабельны выгляд, — кажа Наталля Міхайлаўна.
Тым часам на праспекце Міра, пад вокнамі гарсавета, рабочыя кладуць асфальт, тратуарную плітку.
— Зіма была вельмі суровая, што паўплывала на стан дарог. Адміністрацыя горада прыняла рашэнне: некаторыя з іх няма сэнсу рамантаваць, трэба цалкам мяняць пакрыццё. Да канца года плануем добраўпарадкаваць усе цэнтральныя вуліцы горада, — уводзіць у курс справы галоўны інжынер унітарнага прадпрыемства «АЖКГ» г. Жодзіна Юрый Рабецкі. — У мінулым годзе мы праклалі 1,5 тыс. квадратных метраў тратуарнай пліткі. А сёлета на сярэдзіну мая ўжо больш як 4 тыс. «квадратаў».
Асноўную частку сродкаў на выкананне праграмы добраўпарадкавання выдаткоўвае гарадскі бюджэт. Але і арганізацыі горада аказваюць дабрачынную дапамогу, выдзяляюць людзей, тэхніку. Многія работы вядуцца гаспадарчым спосабам, горад забяспечвае ахвотных неабходнымі матэрыяламі. Атрымліваецца танней, чым метадам падраду.
На вуліцы Савецкай укладкай тратуарнай пліткі займаюцца рабочыя ААТ «Буджылсэрвіс». Помнік воінам-інтэрнацыяналістам у раёне вуліцы Лебядзеўскага ўстанавілі за кошт сродкаў гарадскога суботніка. Частку тэрыторыі, што непадалёку ад чыгуначнай станцыі Жодзіна-Паўднёвае, прывёў у парадак індывідуальны прадпрымальнік.
— Інвестар на аўкцыёне купіў участак і пабудаваў тут аб’ект гандлю, — растлумачыў першы намеснік старшыні гарвыканкама, дэпутат гарадскога Савета Сяргей Конан.
Вось так агульнымі намаганнямі гарадскіх улад, прадстаўнікоў мясцовага самакіравання, грамадскасці, суб’ектаў гаспадарання і бізнесу мяняецца выгляд Жодзіна.