Як уратаваць возера Карасёва на Сенненшчыне, дзе штогод гіне рыба?

Источник материала:  
12.04.2017 08:41 — Новости Общества

Чытач «Звязды» цікавіцца: у чым сапраўдная прычына масавай гібелі рыбы ў возеры Карасёва, што ў Сенненскім раёне? Паводле слоў суразмоўцы, надзвычайная экалагічная сітуацыя паўтараецца штогод.

Побач з возерам няма ачышчальных збудаванняў, прадпрыемстваў, фермаў. Таму, напэўна, версію наконт атручвання бруднымі водамі можна не разглядаць.

У СМІ, паводле разважанняў чытача, сёлета з’яўлялася супярэчлівая інфармацыя. У прыватнасці, дасталася і лясгасу, які адказвае за возера. Маўляў, чаму яго супрацоўнікі не зрабілі лункі, каб рыба магла дыхаць, калі вада пакрываецца лёдам? У выніку штогод назіраецца вялікая колькасць мёртвай рыбы. І ўжо на падыходзе да берага адчуваецца непрыемны пах.

Вінавацілі ў інтэрнэце і работнікаў экалагічнай інспекцыі. Ім, на думку крытыкаў, быццам бы ўсё роўна, што з рыбай, галоўнае — «выканаць план па „лоўлі“ браканьераў».

Насамрэч ёсць нямала прыкладаў, калі рыбу ловяць з выкарыстаннем забароненых рыбацкіх сродкаў. У якасці апраўданняў парушальнікі спасылаюцца на маленькую зарплату. Накшталт, «рыбай, бывае, толькі і харчуемся».

Некаторыя цікавяцца, які прыблізна памер фінансавай страты ад мору? І няўжо эколагам, уладзе насамрэч усё роўна?

Рыба загінула падчас маразоў

У камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя аблвыканкама тлумачаць:

— Карасёва знаходзіцца на тэрыторыі Багушэўскага лясніцтва аднайменнага лясгаса. Плошча воднай роўнядзі - 12,1 гектара. Вадаём знаходзіцца ў лесе, магчымасць пад’езду на транспарце адсутнічае. Возера ў стадыі зарастання. Тоўшча вады складае 1,2−1,5 метра.

У асноўным у Карасёве водзяцца карась (адсюль і назва), плотка, краснапёрка, акунь, зрэдку — шчупак.

Супрацоўнікі Сенненскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя правялі абследаванне і мёртвай рыбы ў возеры не знайшлі: ні ў прасвідраваных рыбакамі лунках, ні ў прамывінах каля берагоў.

— Мёртвую рыбу знайшлі ў пратоцы, за 70−100 метраў ад возера. Бліжэй трапляліся толькі адзінкавыя асобіны. Па сведчанні рыбакоў, рыба пайшла ў пратоку прыкладна ў сярэдзіне студзеня. У гэты час наступілі вялікія маразы, і пратока цалкам прамерзла разам з рыбай. Калі растаяў лёд, яна апынулася на паверхні. Па прыблізных падліках, на момант абследавання, у вадзе знаходзілася каля 200 кілаграмаў мёртвай рыбы, — паведамілі ў інспекцыі.

Карасёва злучана з іншымі азёрамі пратокамі шырынёй 1,5−3 метры і глыбінёй — у перыяд нізкага ўзроўню вады — не больш за 0,6−0,7 метра.

Здабыча сапрапелю дапаможа ўратаваць возера

Асаблівасць і каштоўнасць возера не ў рыбе, а ў сапрапелі. Таму Карасёва вельмі прывабнае для яго прамысловай здабычы.

25 гадоў таму на возеры працавалі прадстаўнікі навукова-даследчага інстытута са Смаленска. Яны вызначылі, што паклады сапрапелю маюць «вышыню» прыкладна 7,5−9,5 метра. Быў распрацаваны адпаведны праект для ахвотных інвеставаць у здабычу каштоўнага прыроднага ўгнаення.

— Летам водная роўнядзь на Карасёве практычна адсутнічае, бо зарастае воднай расліннасцю, — дадалі ў інспекцыі.

Канешне, у такіх умовах здабываць сапрапель можна пры мінімуме выдаткаў. Інвестарам у нашай краіне «зялёнае святло». Умовы для дзейнасці вельмі прыцягальныя, а мясцовыя ўлады абяцаюць падтрымку.

←Полоса препятствий для спецназа? Как выглядит детская площадка в одном из витебских дворов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика