Як выглядаюць берлагі беларускіх мядзведзяў і чаму жывёл узімку нельга турбаваць
Як і дзе спяць мядзведзі ўзімку? Чаму іх не трэба турбаваць? Як выглядаюць берлагі, пра якія ўсе чулі, але якіх амаль ніхто не бачыў? Вучоны распавёў TUT.BY пра цікавыя моманты з жыцця вялікага драпежніка.
«Дзікая прырода з Вадзімам Сідаровічам» — цыкл прыродазнаўчых артыкулаў. Мы прапануем зазірнуць у жывёльны свет Беларусі праз унікальныя матэрыялы. Вадзім Сідаровіч 30 гадоў у заалагічнай справе, доктар біялагічных навук, прафесар. Вучоны мае сядзібу ў Налібоцкай пушчы, дзе праводзіць свае даследаванні ваўкоў ды іншых жывёлаў. Фотаапарат і фотапасткі дазваляюць яму сфатаграфаваць тое, што далёка не кожны зможа пабачыць у жыцці.
Колькі спяць мядзведзі ў Беларусі?
Як спяць мядзведзі? Пра гэта шмат паведамляецца ў рэгіёнах, дзе бурых мядзведзяў параўнальна шмат, дзе іх добра даследавалі. Напрыклад, у Еўропе гэта Расея або Нарвегія. Але як мядзведзь спіць на Беларусі — у іншых варунках прыроднага асяроддзя і ва ўмовах ня гэткіх сцюдзёных зімаў?
Акрамя сціслых паведамленняў Міхала Аляксандравіча Лавава для Бярэзінскага запаведніку, я амаль не знайшоў заалагічных публікацый на гэтую тэму, таму вырашыў даведацца самастойна. Гэта было няпростай задачай, бо мядзведзяў на Беларусі няшмат. Шукаць мядзведжыя берлагі (па-беларуску кажуць яшчэ мярло) можна толькі вясною або ўлетку.
Узімку гэта рабіць небяспечна, перш за ўсё для мядзведзя. Калі патурбаваць, жывёлы сыходзяць з берлагаў, хутка худнеюць, бадзяючыся ў бяскормным зімовым лесе. Потым зноўку кладуцца спаць, але гэтакія мядзведзі маюць значна меншыя шанцы добра перазімаваць.
Асабліва кепска гэта для маткі з медзведзянятамі, якія нараджаюцца з канца снежня і да канца студзеня. Мядзведзіца, якую патурбавалі людзі, збягае і ніколі не вяртаецца да медзведзянят, якія хутка паміраюць ад зімовай сцюжы і без матчынага малака.



Менавіта з-за таго, што шмат медзведзянят гіне, у Беларусі гэтак мала мядзведзяў. Перш за ўсё, іх турбуе лесагаспадарчая дзейнасць, асабліва высечка ўзімку падбагененых старых ельнікаў з ветравалам. Таксама значна турбуюць мядзведзяў паляванні ў месцах мядзведжага засонку, асабліва загоннае паляванне на капытных і любое іншае паляванне з сабакамі. Людзі палохаюць мядзведзяў падчас прагонна-шумавых падлікаў капытных, якія часам адбываюцца ў нашых паляўнічых гаспадарках і нават на ахоўных тэрыторыях.
Але мядзведзь з мярла можа падняцца і сам па сабе. Мядзведжыя маткі ды й напаўдарослыя мядзведзі спяць больш трывала, тады як дарослыя самцы часам абуджаюцца, асабліва ў адлігу, ды й крыху ходзяць вакол берлага, часам на аддаленні ў некалькі кіламетраў. Часцей за ўсё яны кладуцца ў тое ж самае мярло, але могуць зрабіць і новае, асабліва калі ранейшае надта абледзянела.
Значнай небяспекі ад часова абудзіўшыхся мядзведзяў на Беларусі няма. Па-першае, гэтая іхняя хада адбываецца ў глухіх урочышчах, дзе мала бываюць людзі, бо мядзведзі толькі гэтак і залягаюць у засонак. Па-другое, гэта зусім ня тыя агрэсіўныя мядзведзі-шатуны з больш паўночных шыротаў Урала або Сібіры. Тамака наяданне тлушчу мядзведзямі надта залежыць ад ураджаю кедра і марошкі, а таксама ад таго, як хутка наступае зіма.
У значна больш паўднёвай Беларусі больш спрыяльныя варункі асяроддзя. Тут бурыя мядзведзі наядаюць досыць тлушчу цягам восені, і гэты тлушч забяспечвае ім захавальную зімоўку.
Сапраўды, бурыя мядзведзі, хоць і не ў вялікай колькасці, але суіснуюць побач з людзьмі на Беларусі шмат гадоў, і я не чуў, каб мядзведзь на кагосьці тут напаў ды пашкодзіў. Далей на поўдзень (напрыклад у Карпатах) бурыя мядзведзі ўвогуле кладуцца ў засонак ня кожную зіму і часам ненадоўга.

Спаць, каб існаваць: вынік эвалюцыі
Чаму бурым мядзведзям патрэбны засонак ва ўмовах зімовай сцюжы? Здаецца, мог бы мядзведзь здабываць сабе ласёў ды дзікоў і жыць ня горай, чым ваўкі. Але вось як раз такі буры мядзведзь і не вытрымаў эвалюцыйна жорсткай канкурэнцыі за гэтыя ахвяры менавіта з ваўкамі. Ваўкі палююць на дзікіх капытных у лясных абшарах ватагамі, асабліва ўзімку. А гэта больш эфектыўна. Буры мядзведзь апынуўся перад эвалюцыйным выбарам: або знікнуць, або неяк прыстасавацца жыць па-іншаму. З доўгім часам мядзведзі і прытарнаваліся спажываць пераважна раслінныя кармы ды насякомых, назапашваць тлушчу да неспрыяльнай зімы, а ўзімку спаць. Але разам з гэтым бурыя мядзведзі захавалі ўсе атрыбуты вялікага драпежніка, найперш за ўсё пашчу з драпежніцкім зубным апаратам.

У Беларусі зімовы засонак мядзведзяў пачынаецца з надыходам зімы, звычайна недзе напрыканцы лістапада або на пачатку снежня. Калі зімы ўсё няма, як было гэтай парою ў 2013−2015 гадах, то мядзведзі ўсё роўна кладуцца спаць, але некалькімі тыднямі пазней. Іхні зімовы засонак доўжыцца да ранневеснавога адноснага цяпла. Напрыканцы сакавіка большасць мядзведзяў у Беларусі ўжо ходзіць. Найдаўжэй сядзіць ля берлага матка з медзведзянятамі. Пры гэтым яна можа рабіць некалькі новых ранневеснавых берлагоў і знаходзіцца ў іхніх ваколіцах аж да сярэдзіны траўня.
Як выглядае мярло?
Найбольш тыповы берлаг бурага мядзведзя на Беларусі — шырокая і тоўстая, акруглай формы, высцілка. Перш з нагрызенай спарахнелай драўніны, потым з яловых галінак. Гэтая высцілка можа быць напоўніцу адчыненай, і тады мядзведзь ляжыць у ледавых бакавіннях. Часцей за ўсё гэтакія берлагі знаходзяцца пад вялікай разлапістай елкай, або пры яловым вывараце. Гэтакі берлаг можа зверху прыкрывацца маладымі ялінкамі, што наламаны і прынесены мядзведзем.






Мярло пад вываратам, пры наяўнасці там парахні або тарфянога грунту, можа быць і без аніякай высцілкі. У гэтакіх месцах, пры вывернутым ветрам дрэве, мядзведзь залягае з боку паваленага стаўбуру пры спляценнях каранёў. Часам на Беларусі мядзведзь капае норныя берлагі ў зямлі недзе на схіле гары або ў тарфяных валах на закінутых торфараспрацоўках. Гэтакія берлагі таксама давялося бачыць.
На развітанне хочацца папрасіць не турбаваць мядзведзяў у берлагу ўсіх, ад каго гэта істотна залежыць. Хочацца, каб гэтага ўлюбёнца большасці людзей было як мага болей у нас на Беларусі.