У аўторак у Мінску і Магілёве пройдзе Вялікая беларуская дыктоўка
21 лютага, у міжнародны Дзень роднай мовы і культуры, універсітэты возьмуць удзел у Вялікай беларускай дыктоўцы. Усе жадаючыя змогуць праверыць і ўдасканаліць свае веды беларускай мовы. Арганізатарам выступае дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.
Галоўнай пляцоўкай прызначана аўдыторыя № 2 галоўнага навучальнага корпуса БДМУ (праспект Дзяржынскага, 83). Таксама да акцыі далучыцца Беларуска-Расійскі ўніверсітэт у Магілёве. Дыктоўка пачнецца ў 12.00 і скончыцца праз гадзіну.
Прыняць удзел могуць найперш студэнты і выкладчыкі ВНУ, астатніх просяць абавязкова накіраваць калектыўную заяўку на электронны адрас: belrus@bsmu.by. Іншыя навучальныя ўстановы таксама запрашаюцца да ўдзелу.
Дыктоўка будзе напісаная паводле твораў беларускіх пісьменнікаў - Янкі Сіпакова, Усевалада Краўчанкі, Алеся Жука. Тэкст прачытае Алесь Камароўскі, сучасны беларускі паэт і пісьменнік.
Варыянты тэкстаў дыктоўкі атрымае кожная ўстанова, якая падала заяўку на ўдзел. Пасля жараб’ёўкі анлайн будзе абвешчана аб назве і пачатку. Праверку работ будуць выконваць прызначаныя для гэтага выкладчыкі кожнай ВНУ.
Вынікі абвесцяць 24 лютага. Усе ўдзельнікі Вялікай дыктоўкі атрымаюць памятныя сертыфікаты, а пераможцы будуць адзначаныя дыпломамі.