"Стан лепш, чым чакалі". Першы этап рэстаўрацыі ўнікальнага лямуса ў Гродне паспяхова завершаны
Першы этап рэстаўрацыі старога лямуса на тэрыторыі Брыгіцкага кляштара завяршыўся ў канцы 2016 года. Спецыялістам удалося правесці вялікі аб’ём працы па захаванні ўнікальнага драўлянага будынка. Старт другога этапа запланаваны на канец вясны, распавядае hrodna.life.

Рэстаўрацыя лямуса пачалася ў кастрычніку 2016 года. Курыруе ўсе працы Міністэрства культуры і спадчыны Польшчы.
«Зрабілі кансервацыю на зіму, далейшыя работы праводзіць ужо нельга. Адрамантавалі падмуркі, ачысцілі ўсё ад постсавецкіх налётаў, закансервавалі дах.
Далей пойдуць драўляныя працы — змена зруба і г. д. Праблем з рэстаўрацыяй няма, прыязджалі спецыялісты з Міністэрства культуры Польшчы, праводзілі абследаванне і аказалася стан крыху лепш, чым мы чакалі", — распавёў ксёндз Аляксандр Сасноўскі, які адказвае за рэстаўрацыю лямуса.

Другі этап, які прадугледжвае асноўныя драўляныя працы, намечаны на канец вясны.
За першы этап рэстаўрацыі ніякіх старых і каштоўных для гісторыі знаходак не было.