Папсаваную вандаламі Жабку-падарожніцу з новымі элементамі вернуць на месца вясной
Занепакоеныя гродзенцы пачалі біць трывогу, калі не знайшлі каля турысцка-інфармацыйнага цэнтра на Ажэшкі скульптуру жабкі-падарожніцы. Аказваецца, бронзавую скульптуру дэмантаваў яе аўтар Уладзімір Панцялееў, каб аднавіць скрадзены ў канцы лета элемент — катомку за спіной, а таксама зрабіць маленькі куфэрак, распавядае hrodna.life.
Зараз жабка знаходзіцца ў майстэрні Уладзіміра.
«Я заўсёды, калі раблю працу, думаю пра моманты вандалізму. Але з жабай крыху не адгадаў, трэба было рабіць больш якасна катомку, каб вандалы не змаглі адарваць.
Крадзеж гэтага элемента прымусіў мяне задумацца, як зрабіць, каб больш вандалы не змаглі псаваць скульптуру. Я не разумею каму патрэбна была гэта торбачка. Па маіх падліках вандалы зарабілі на дзве бутэлькі гарэлкі, гэта калі ўдала здаць скрадзены элемент", — распавядае Уладзімір.
Абноўленую жабку скульптар плануе вярнуць на вуліцу Ажэшкі ўжо вясной. За гэты час у яго ў планах зрабіць катомку, якую ўжо не змогуць адарваць, а таксама зрабіць куфэрак.
«Калі жабу дэмантавалі, мы знайшлі «скарб», які стварылі самі людзі. Я бачыў перыядычна, што нешта падсоўваюць пад жабу, але не думаў, што набярэцца такая кучка папяровых грошай і манет.






У нас з турысцкім цэнтрам з’явілася ідэя, каб каля абноўленай жабкі зрабіць маленькі куфэрак, куды б людзі маглі кідаць на шчасце грошы. Зробім, каб адкрываўся і закрываўся. Знойдзем якасны замок, затанiруем яго пад бронзу і хай раз у месяц яго адчыняюць. Катомку i куфэрак я вылеплю, а потым павязу ў Мінск, дзе новы элемент адальюць і прыварыць. Магчыма, і жабу нанова будзем таніраваць".
Каб побач з жабкай змясціўся куфэрак, магчыма, памяняецца і камень, на якім яна стаяла. Таксама ўвесну каля турысцка-інфармацыйнага цэнтра з’явіцца камера відэаназірання.
Бронзавая жабка-падарожніца з катомкай за плячыма і компасам была ўсталяваная на Ажэшкі ля турысцка-інфармацыйнага цэнтра ў 2009 годзе. Паўмятровая бронзавая скульптура вагой у 40 кг задумвалася як сімвал турыстычнага Гродна.