"Чатыры гады паміж жыццём і смерцю". Споведзь жанчыны, якая выжыла ў шклоўскім Халакосце

Источник материала:  
27.01.2017 19:04 — Новости Общества

Сёння Міжнародны дзень ахвяр Халакосту. У Шклове, які лічыўся буйным асяродкам яўрэйскай культуры, нацысты расстралялі больш як 5 тысяч чалавек. У памяць пра загінулых на мясцовых могілках уладкаваны мемарыял. Да нашых дзён дажылі толькі двое сведак мясцовага Халакосту. Падрабязней — у матэрыяле выдання «Радыё Свабода».


Стэла з зоркай Давіда на яўрэйскіх могілках у Шклове

У Другую сусветную вайну гітлераўцы знішчылі 6 мільёнаў яўрэяў. У Беларусі, паводле даследчыкаў, было забіта ад 75 да 80% яўрэйскага насельніцтва. Ацэнкі колькасці знішчаных яўрэяў вагаюцца ад 600 ды 800 тысяч. У Савецкім Саюзе падзеі Халакосту замоўчваліся з ідэалагічных прычын. Сістэматычная праца ўвекавечання ахвяраў катастрофы пачалася, калі Беларусь стала незалежнай.

Зямля дыхала на месцы расстрэлу

Жыхарцы Шклова Асі Барысаўне Цэйтлін наканавана было ўратавацца ад расстрэлу і перажыць сіратою чатыры гады нацысцкай акупацыі. Халакост забраў у яе маці, бацьку, адну з сясцёр і амаль усю радзіну.

У 1941 годзе Асі было адзінаццаць. Дзень 3 кастрычніка стаў для яе на ўсё жыццё днём смутку. Бацька выштурхнуў дачку з натоўпу, які вялі на расстрэл. Разгубленае дзяўчо спрабавала выглядзець у калоне сваіх родных, але не змагло. Спадзявалася, што бацькі вернуцца да хаты, якую ўжо паспелі разрабаваць.


Мемарыял на яўрэйскіх могілках у Шклове

«Калону павялі пад аховай карнікаў у бок вёскі Путнікі. Нейкая сіла мяне выштурхнула з таго натоўпу, і я пабегла да сваёй хаты ў Зарэчча. Як прыйшла, то ўсё было ў ёй ужо разрабавана. Толькі ў печы, у якой запаліла маці, яшчэ цяплілася», — згадвала Ася Барысаўна.

Маці, бацьку, сястру, дваццаць родзічаў суразмоўцы і яшчэ некалькі соцен яўрэяў нацысты расстралялі ля вёскі Путнікі.

«Калі яны былі ўжо расстраляныя, я з Зарэчча пабегла на тое месца. Зямля там дыхала. Падыходзіць было страшна. Я пастаяла, паплакала ды і вярнулася ў Зарэчча. Што мне было рабіць тады?» — са слязьмі на вачах запыталася кабета. Гэтае пытанне для яе ўсе мінулыя з вайны гады застаецца без адказу.

Чатыры гады Ася хадзіла з вёскі ў вёску, баючыся выкрыцця, што яна яўрэйка. Дзіўна, як ёй удалося наогул выжыць. Адлегласць між пералічанымі ёю паселішчамі дасягае дзясяткаў кіламетраў. Яна начавала ў скляпах, хаваючыся ад паліцаяў. Пасвіла кароў, даглядала дзяцей гаспадароў, якія наважваліся яе прыняць у сябе. З гэтага жыла.


Ася Барысаўна Цэйтлін

«Неяк пасвіла кароў у Плешчыцах ды мяне ўбачылі паліцаі. Прыгледзіліся, пазналі ўва мне яўрэйку, але не сталі забіраць, злітаваліся, бо я ж дзіця. Пайшоўшы дахаты, пра здарэнне расказала гаспадыні, і яна адмовіла мне ў прытулку. Пабаялася. Я пайшла ў сваё роднае Зарэчча, а там жа ўсе ведалі, хто я. Мяне і там баяліся», — апавядала кабета.

Хату абрабавала «мясцовае насельніцтва»

Аднойчы яе арыштавалі, але паліцай, знаёмы бацькі па мірным часе, наўмысна не замкнуў хляўчук, у які кінулі дзіця. З яго нявольніца ўцякла.

«Пасля доўгіх бадзянняў мяне прыняла жанчына, у якой двое дзяцей хварэлі на рахіт. Іх я і глядзела, пакуль мой дзядзька-партызан не стаў шукаць мяне. Выпытваў пра мяне ў сялян. Таямніца пра маё паходжанне адкрылася акурат у той час, калі немцы, разумеючы, што ім давядзецца адступаць, пачалі лютаваць. Тады мая гаспадыня са мною развіталася. Мне давялося хавацца па падвалах да тае пары, пакуль не прыйшлі партызаны і мяне не адшукала сястра. Дзядзька ж мой у партызанах загінуў», — казала Ася Барысаўна.


Дарога смерці. Цяперашняя вуліца Вішнёвая вядзе да могілак і месца масавых расстрэлаў

Суразмоўца часта наведвае яўрэйскія могілкі, якія на ўскрайку Шклова, каб памянуць забітых родзічаў. Яна з удзячнасцю згадвае тых, хто дапамагаў ёй выжыць. З разуменнем ставіцца і да тых, хто адмаўляў ёй у дапамозе. На пытанне, хто ж абабраў яе хату, калі бацькоў павялі расстрэльваць, жанчына, апусціўшы вочы, сказала, што гэта было «мясцовае насельніцтва».

«Наша хата ацалела. У ёй, аднак, нічога не засталося. Толькі сцены. Партызаны хадзілі па дварах і выпытвалі, хто што браў з яе. Нешта нам прынеслі. Шафу, ложак вярнулі. З адзежы нічога не вярнулі. Пасля вайны мы збіралі па свеце сабе маёмасць. А вось дом майго дзядзькі сяляне разабралі на свае патрэбы, пакуль гаспадар партызаніў», — прыгадала суразмоўца.


Замеценая дарога да могілак і мемарыялу

Што да паліцаяў, якія яе арыштоўвалі, то іх судзілі ў Магілёве. Далі па 25 гадоў.

«Адзін паліцай мяне хаваў у сябе месяц, хоць і ведаў, хто я», — адзначыла Ася Барысаўна.

Цяпер ёй 87 гадоў. У Шклове яна паважаны чалавек. Усё жыццё адпрацавала педагогам. На сустрэчах часта апавядае тое, праз што давялося ёй прайсці ў вайну.

Сцяна плачу на могілках і пампезны мемарыял

У ваколіцах Шклова, паводле мясцовага краязнаўцы Аляксандра Грудзіны, нацысты расстралялі блізу шасці тысяч яўрэяў. Акрамя шклоўцаў, забіваць сюды прывозілі і магілёўцаў. У некалькіх месцах гораду былі арганізаваныя гета. З іх партыямі і вялі калонамі на расстрэл людзей. Стралялі каля яўрэйскіх могілак.

«Найбольшым па колькасці забітых фашыстамі былі ваколіцы вёскі Путнікі. Людзей закопвалі ў супрацьтанкавыя равы. Там за адзін дзень было расстраляна больш за чатырыста чалавек. Іх прысыпалі грунтам, але зямля „дыхала“, бо шмат было параненых», — казаў Аляксандр Грудзіна.

Адно гета нацысты арганізавалі на беразе Дняпра ў вёсцы Рыжкавічы. Цяперашняй вуліцай Вішнёвай нявольнікаў вялі да могілак, ля якіх расстрэльвалі. Гэтай дарогай смерці Аляксандр Пятровіч правёў журналіста.


Аляксандр Грудзіна

Бісхайм (сімвалічны «чысцец»; калідор, праз які нябожчыка праносілі ў апошні шлях), як мясцовыя называюць яўрэйскія могілкі, знаходзіцца на гары, што ўзвышаецца над прыгарадным шклоўскім паселішчам. Узімку да мясцовага мемарыялу ахвярам Халакосту рэдка хто наважыцца прыйсці. Дарога замеценая. Сумёты па калена. З цяжкасцю адольваем некалькі соцен метраў. Праходзім старажытны яўрэйскі «чысцец». Гэты помнік даўніны, паводле Грудзіны, адзіны ўцалеў у Беларусі.

«Муры гэтага збудавання я называю сцяною плачу, — кажа пра „чысцец“ краязнаўца. — Можна толькі сабе ўявіць, колькі было праз яго пранесена нябожчыкаў. Гэтыя сцены — маўклівыя сведкі таго, што рабілася ў наваколлі ў 1941 годзе».

Нягледзячы на пампезнасць мемарыялу на могілках, не пакідае адчуванне, што ён забыты. Ловіш сябе на думцы: калі яго і наведваюць, то з нейкай нагоды. Разумееш, што ў дзень памяці ахвяраў Халакосту да мемарыялу наўрад ці хто прыйдзе, каб пакласці ля яго каменчык і запаліць шэсць свечак у памяць пра шэсць мільёнаў забітых нацыстамі яўрэяў.

«Пасля вайны, калі вярнуліся з эвакуацыі і франтоў мясцовыя яўрэі, яны з месцаў масавых расстрэлаў адкапалі парэшткі сваіх суродзічаў і перазахавалі іх на гэтых кладах, — працягваў аповед ля мемарыялу Аляксандр Грудзіна. — Тут з дзясятак брацкіх магілаў. З таго рову, што ля вёскі Путнікі, таксама парэшткі захавалі тут».

Побач з мемарыялам — магілы, у якіх пахаваныя тыя з расстраляных, парэшткі якіх апазналі сваякі. У гэтых магілах знайшлі вечны спачын цэлыя роды.


Сцяна плачу. Шклоўскі чысцец

«Пра падзеі, звязаныя з Халакостам, не раз пісала наша раённая газета і паказвала сюжэты мясцовае тэлебачанне. Два гады таму гэтыя могілкі наведала вялікая дэлегацыя яўрэяў. Тут нават быў мітынг. Наогул жа, хто цікавіцца гісторыяй, той ведае тыя жахлівыя часы. Гаварыць жа, што вялікая колькасць мясцовых жыхароў райцэнтру ведае пра Халакост, складана», — адказвае Аляксандр Грудзіна на пытанне пра дасведчанасць жыхароў райцэнтру пра Халакост.

Другая сусветная вайна цалкам змяніла этнаграфічны склад насельніцтва Шклова. Ад былога яўрэйскага мястэчка засталіся толькі ўспаміны ды ацалелыя будынкі культавых установаў. Саміх яўрэяў не набярэцца і трох дзясяткаў.

Ці ўсвядомілі за мінулы з вайны час беларусы маштаб трагедыі пад назвай Халакост?

Стараста магілёўскай сінагогі Сымон Глаштэйн, адказваючы на гэтае пытанне, адзначае, што ў бальшыні сваёй катастрофа яўрэйскага народу застаецца для беларусаў невядомай падзеяй. Ён пагаджаецца з думкай, што самі беларусы не адно стагоддзе жывуць у сваім Халакосьце і адчуванне маштабу трагедыі ў іх прытупленае.

«Безумоўна, тыя, хто абазнаны ў гэтым пытанні, разумеюць, што Халакост закрануў у Беларусі не толькі яўрэяў, але і саміх беларусаў. Таму гэта не толькі адных яўрэяў трагедыя», — заўважае суразмоўца.


Месца масавых расстрэлаў

Разам з тым, працягвае ён, ёсць значна большая частка беларусаў, якія ўзгадаваныя на тым, што была толькі гераічная гісторыя Вялікай Перамогі, а ўсё астатняе нібыта адсутнічала.

«Таму гэтая частка беларусаў прайшла міма трагедыі Халакосту. А гэтая праблема накладаецца на тое, што тых, хто перажыў тую трагедыю, застаецца ўсё меней, а для маладзейшых пакаленняў яна — ужо далёкая гісторыя. На жаль, як мне здаецца, гісторыя Халакосту не стала ўрокам, які змяніў грамадства».


Былы дом рабіна ў Шклове

Будынак яўрэйскай школы

←Лукашенко чиновникам: Не трогайте чужое

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика