Еўрапейская норка. Як на Беларусі знік звярок і чаму яго тут болей ніколі не будзе
Як здарылася, што ў Беларусі знікла еўрапейская норка — звярок, які жыў тут спрадвеку? Вучоны распавёў TUT.BY, як шмат гадоў даследаваў цікавую жывёлу і як зразумеў, чаму яна знікла.
«Дзікая прырода з Вадзімам Сідаровічам» — цыкл прыродазнаўчых артыкулаў. Мы прапануем зазірнуць у жывёльны свет Беларусі праз унікальныя матэрыялы. Вадзім Сідаровіч 30 гадоў у заалагічнай справе, доктар біялагічных навук, прафесар. Вучоны мае сядзібу ў Налібоцкай пушчы, дзе праводзіць свае даследаванні ваўкоў ды іншых жывёлаў. Фотаапарат і фотапасткі дазваляюць яму сфатаграфаваць тое, што далёка не кожны зможа пабачыць у жыцці.
Даўняя мара — знайсці ў Беларусі еўрапейскую норку
Знайсці ў Беларусі еўрапейскую норку — адна з маіх мар па заканчэнні ўніверсітэту і з уладкаваннем на жаданую працу навукоўца ў Інстытут заалогіі.
Гаворка аб сярэдзіне 1980-х гадоў. На той час у заолагаў, прыродаахоўнікаў ды паляўнічых не было дакладных дадзеных пра еўрапейскую норку ў Беларусі, затое былі два процілеглыя меркаванні на гэты конт. Больш павярхнёвыя і менш дасведчаныя былі ўпэўненыя, што еўрапейская норка па-ранейшаму засяляе берагі рэчак, як тое было спрадвеку. Тыя, хто меў нейкую практыку з напаўводнымі сысунамі (бабром, выдрай, норкамі ды андатрай) меркавалі, што еўрапейская норка зусім знікла з абшараў Беларусі і наўрад ці яе недзе адшукаеш.
Але песцілася юнацкая мара — знайсці гэты гатунак у дзікай прыродзе, і я стаў аналізаваць сітуацыю, каб вызначыцца, у якой кропцы на мапе Беларусі яна можа яшчэ быць.
У нешматлікіх крыніцах абмяркоўваліся розныя нагоды знікнення еўрапейскай норкі. Сярод іх была акліматызацыя амерыканскай норкі.
Некалькі слоў пра адрозненне еўрапейскай і амерыканскай норак. Па-першае, еўрапейская норка — то спрадвечны гатунак нашае фаўны, тады як амерыканская норка — з Паўночнай Амерыкі, зусім чужародны звярок. Па-другое, вонкавае падабенства гэтых норак не азначае іх эвалюцыйнае радство і функцыянальную блізкасць. Еўрапейская норка эвалюцыйна і генетычна бліжэй да выдзёр, кун і гарнастая, чым да амерыкаскай норкі. Трэцяе: еўрапейская норка значна больш водны драпежнік, тады як амерыканская норка зачастую харчуецца ў даліне рэчак, дзе яна жыве і нават улетку высяляецца на нізінныя багны.
Негатыўнае дачыненне амерыканскай норкі падалося мне найбольш верагодным. Я стаў наносіць на мапу Беларусі кропкі, дзе ў прыроду выпускалі акліматызацыйныя групы амерыканскіх норак, таксама пазначаў фермы па штучнай гадоўлі, адкуль чужынец мог трапіць у нашу прыроду. Неўзабаве высветлілася некалькі дзясяткаў месцаў, дзе яшчэ магла жыць еўрапейская норка.
То быў 1985 год і было нялёгкай справай кудысьці далёка на прыроду з’ездзіць маладзёну без аўтамабіля (а ў каго з маладых ён тады быў?). Цяжэрныя заплечнікі, міжгародні аўтобус або цягнік і шмат перасоўвання пехатою ад транспарту па прасёлках і лясных дарогах, жыццё пад елкай і добра, калі няма дажджу.
Першая спроба — ў прыродны комплекс Краснага Бору на цэнтральнай поўначы Беларусі, а дакладна на рэчкі Нішча і Ахонка, а таксама крыху на Дрысу. Тая вылазка была няўдалай — паўсюль было шмат амерыканскай норкі. Праўда, крыху пазней высветлілася, што менавіта ў той час там усё ж такі дажывалі апошнія еўрапейскія норкі.
І вось у 1986 годзе — цяжкая вылазка ў вярхоўі Ловаці на самы паўночны ўсход Беларусі. Больш за 20 кіламетраў пехатою ад станцыі Езярышча і неймаверная ўдача. У першую ж ноч каля вёскі Рудня ў маю жываадлоўную пастку, што на месцы змайстраваў са зверагадоўчай сеткі, трапіла еўрапейкая норка. Зафільмаваў і выпусціў. Калі ставіў тую пастку, то ўжо адчуваў, што можа трапіцца еўрапейская норка, бо з норкавай нары смярдзела па-іншаму, а я ўжо ў гэтым кеміў не горш за паляўнічага сабаку.
Цягам тыдня было зарэгістравана яшчэ некалькі еўрапейскіх норак. То была для мяне сапраўдная ўдача, але ў Інстытуце заалогіі гэтая вестка на той час асабліва нікога не зацікавіла. Але я працягваў адшукваць мясціны з еўрапейскай норкай яшчэ і яшчэ. То былі шэраг рэчак абапал Ловаці, Чарніца ды Вярхіта ў вярхоўях Лучосы, Аршанкі, Сцвігі ды Львы.
Як звярок з Паўночнай Амерыкі выцясніў еўрапейскую норку
Амаль што праз дзесяцігоддзе, ужо будучы кандыдатам навук з абаронай па экалогіі выдры і норак, мне ўдалося здабыць навуковую тэму з радыёадсочваннем еўрапейскай норкі, што мяне напоўніцу паглынула. Чатыры гады я амаль што жыў у тых мясцінах ва ўзаемадзеянні з норкамі. Навіны з норкавага тэатру былі асноўнымі, і падавалася, што іншых і не трэба. Намаганні далі плён, але толькі заалагічны. Я ўрэшце даведаўся, чаму гэты норкавы гатунак знікае.
Напрыканцы 1990-х гадоў сярод даследчыкаў у свеце ўжо мала хто сумняваўся, што еўрапейская норка знікае з-за амерыканскай норкі. І працэс гэты адбываўся шпарка. Але чаму?
Існавалі дзве слушныя гіпотэзы. Першая казала, што ў шлюбны перыяд большыя самцы амерыканскай норкі спарваюцца з самкамі еўрапейскай норкі, потым анамальнае развіццё эмбрыёнаў - і з той нагоды амаль што няма размнажэння ў папуляцыі еўрапейскай норкі. Я праверыў: гэта не адпавядае рэчаіснасці, бо апошнія самкі еўрапейскай норкі ўсе былі са шчанюкамі.
Другая гіпотэза: амерыканская норка прыносіць з сабою хваробы, ад якіх наша норка хутка гіне. Ускосна было праверана — не гэта, бо еўрапейкія норкі гінулі ад чаго заўгодна, але не ад нявызначаных хвароб.
Усё было значна прасцей. Амерыканскія норкі выцяснялі самак еўрапейскай норкі (а яны зусім малыя) з іхніх бяспечных і кормных жытлаў па берагах рэчак. Апынуўшыся ў выгнанні сярод лесу са шчанюкамі, тое кодла хутка гінула. І гэтак ледзь не з усімі маткамі. Размнажэння няма — і папуляцыя знікае.
Амерыканскую норку не вынішчыць. На вялікіх выспах сярод мора (напрыклад Хіюма і Сарэма ў Эстоніі) можна, але ў кантынентальнай частцы арэалу — наўрад ці. Таму я і зацеміў, што плён тых даследаванняў быў толькі навуковы, прынамсі ў Беларусі. Еўрапейскай норкі тут больш у дзікай прыродзе не будзе. Можна палюбавацца толькі на ягоныя фота, што я зафільмаваў у тыя гады.
Але не хочацца гэтак сумна сканчаць гісторыю. Плён усё ж такі ад тых даследаванняў быў. Былі вызначаны дакладныя нагоды вымірання гэтага гатунку жывёл, што накіравала ягонае ўратаванне ў належнае рэчышча ў іншых месцах, дзе тое мажліва. Напрыклад на ўжо ўзгаданых выспах Хіюма і Сарэма ў Эстоніі. На Хіюма амерыканскіх норак вынішчылі, усялілі туды еўрапейскіх — і апошнія там ужо стала жывуць. Бадай што гэтыя дзве выспы ёсць адзіная спадзева еўрапейскай норкі жыць на волі і ў прышласці.