У Магілёве па-беларуску вучацца чацвёра школьнікаў

Источник материала:  
23.01.2017 08:15 — Новости Общества

Беларускамоўнага вучнёўства ў Магілёве паболела. Да Тацяны Турандзінай і Эвеліны Самойленкі, якія ад першага верасня спасцігаюць у 34-й школе веды на беларускай мове, днямі далучылася Ўлада Грыцава.


Трох школьніц не бянтэжыць, што ў суседніх класах вучняў болей. Паводле настаўніцы Лідзіі Ціханоўскай, дзяўчаткі адчуваюць сябе ў малакамплектным класе камфортна і праблемаў у камунікаванні з аднагодкамі ў іх няма.

У класе дзве парты. Шмат кніжак на беларускай мове. Створаны этнаграфічны куток з рэчаў хатняга побыту беларусаў. Цэнтральнае месца ў ім адведзена нацыянальнаму строю. Пакой прасторны.

Мы беларускамоўны кляс

Настаўніца Лідзія Пятроўна сваіх вучаніц хваліць. Кажа, што праблемаў з навучаннем няма. Адміністрацыя школы, заўважае яна, аператыўна вырашае пытанні, якія паўстаюць у ходзе навучальнага працэсу.

«Дзяўчаткі вучацца вельмі добра. Каб мець кантроль над тым, як яны засвойваюць матэрыял, час ад часу праводжу самастойныя працы. Вынікамі задаволеная», — кажа настаўніца.


«Як перамена, дык вучні з іншых класаў прыбягаюць да нас. Цікавяцца ўсім. Да маіх дзяўчатак ставяцца з павагаю. Калі іх раптам няма, дык выпытваюць, дзе яны, — кажа пра ўзаемадачыненні сваіх вучаніц з аднагодкамі з іншых класаў Лідзія Пятроўна. — Мае дзяўчаты троху з гонарам. Зорачкі. Адзін з нашых гасцей, хлопчык, пацікавіўся ў дзяўчатак, а чаму ў класе ўсё па-беларуску і яны па-беларуску гавораць, дык Таня з гонарам адказала: «Бо мы ж беларускамоўны клас. Мне з імі добра. Мне пашанцавала».

Беларускамоўны клас, паводле настаўніцы, цікавіць ня толькі школьнікаў, але і іхніх бацькоў ды бабуляў. Бацькі, кажа яна, задаюць пытанні, ці будзе жыць беларуская мова і як доўга пратрымаецца беларускі клас.

«Бабулі ж усё наракаюць, што раней ня ведалі, што клас з беларускай мовай ёсць у школе. Каб дазналіся ў час, то ўнукі б абавязкова ў яе пайшлі. Я ім адказваю: „Дык ня позна, аддавайце“, — кажа Лідзія Пятроўна. — Бабулі ж вучыліся ў беларускамоўных класах, і яны для іх родныя. Таму і наш клас ўспрымаюць з замілаваннем, настальгіяй».

Вучымся добра. Вельмі добра

На пытанне, як ім вучыцца, школьніцы разам адказваюць: «Добра». Праз імгненне ўдакладняюць: «Вельмі добра».

«Мне падабаецца матэматыка», «А мне пісьмо», — перабіваючы адна адну, кажуць Тацяна і Эвеліна. Абедзьве паказваюць свае сшыткі. На просьбу настаўніцы пачытаць вершы з ахвотаю адгукаюцца. Чытаюць творы беларускіх паэтаў паасобку ды разам.

Улада доўга прыглядалася да гасцей. Паводзіла сябе сціпла. На пытанні адказвала асцярожна, паглядаючы на настаўніцу. Падарункі ад Таварыства беларускай мовы ўзяла нібы нехаця, але першай наважылася паглядзець, што ў папяровым куфэрку. Бацькі Ўлады пераехалі ў Магілёў з Касцюковіч. Улада з аднакласніцамі ўжо паспела пасябраваць. Тацяна з Эвелінай апякуюцца сваёй новай сяброўкай.

«Я адчуваю сябе шчаслівым чалавекам, — гледзячы на вучаніц, кажа іхная настаўніца. — Самае галоўнае, што клас ёсць. Ёсць спрыянне адміністрацыі ў яго пашырэнні. Я праводжу адкрытыя ўрокі. Упэўненая, што вучняў у клясе паболее».


Будзем шукаць папаўненне

Дапамагае стаць на ногі беларускамоўнаму вучнёўству 34 школы і магілёўская суполка ТБМ. Суполкаўцы пры спрыянні кіраўніцтва навучальнай установы ладзілі творчыя імпрэзы з Андрусём Такіндангам і з дачкой пісьменніка Алеся Адамовіча — Наталляй Адамовіч.

«Сёння прыйшлі да дзяўчатак павіншаваць іх з Новым годам. Прынеслі ім пакункі з цукеркамі, і заадно настаўніцу імі пачаставалі, — кажа ТБМавец Алег Дзьячкоў. — Мы пагутарылі з настаўніцай. Абмеркавалі дзеянні, як далей папулярызаваць клас, як шукаць новых вучняў. Будзем старацца выпраўляць памылкі, якія рабілі, агітуючы бацькоў аддаваць дзетак вучыцца па-беларуску».

«У школе дужа дзівіў выступ Андруся Такінданга, — дапаўняе Дзьячкова Лідзія Ціханоўская. — Асабліва школьніцы не маглі паверыць, што Андрусь натуральна гаворыць па-беларуску. Дамагаліся прызнання, што яго мова завучаная».

У сёмым класе Ялінка Салаўёва вучыцца адна. Маці школьніцы Надзея заўважае, што дачка да навучання ў самоце прызвычаілася.


«На жаль, да яе ніхто і ў гэты год не прыйшоў. Яна адна. Вучыцца добра. Праблемаў з навучаннем няма. З новымі сур’ёзнымі прадметамі - геаграфіяй, біалогіяй, фізікай, хіміяй, геаметрыяй — спраўляецца. Падручнікі беларускамоўныя. Дапаможнікі таксама. Яна больш схільная да матэматычных навук. Літаратура — ня дужа», — сказала пра навучанне дачкі Надзея Салаўёва.

←Где на этой неделе в Гомельской области будут работать мобильные камеры скорости

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика