Млын на рацэ Крывой. Чым знакамітыя мясціны недалёка ад Друцка, дзе настаўнічаў Якуб Колас

Источник материала:  
16.01.2017 08:41 — Новости Общества

На тэрыторыі Віцебшчыны захавалася даволі шмат былых вадзяных млыноў, якія дайшлі да нас з канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Але будынак на рацэ Крывой недалёка ад старажытнага Друцка Талачынскага раёна адметны тым, што належыў вядомым мецэнатам — панам Гардзялкоўскім, з якімі сябраваў Якуб Колас.


Прадстаўнікі роду валодалі некалькімі маёнткамі. У прыватнасці, на тэрыторыі сучаснай Талачыншчыны ў іх склад уваходзілі вёскі Папоўка, Плоскае, Друцк, Габрылёва, Гастынічы, Трасцянка, Сакалянка, Пярэвалачная, Забайкал, Марцюхова і інш.

Апошнія ўладальнікі - браты Канстанцін і Альгерд Гардзялкоўскія — былі вядомымі прадпрымальнікамі ў галіне сельскай гаспадаркі і грамадскімі дзеячамі. Натхняльніцай многіх іх спраў была маці - Тэрэза Гардзялкоўская. Яна перакладала і выдавала кніжкі на беларускай мове, з яе дапамогай выйшла 22,4 тысячы экзэмпляраў.

Тэрэза з сынам Канстанцінам адкрылі ў сваім маёнтку Папоўка беларускамоўную школу для сялянскіх дзяцей. Паны звярнуліся ў рэдакцыю газеты «Наша ніва», каб ім парэкамендавалі настаўніка. І ў студзені 1908-га сюды прыехаў 26-гадовы Канстанцін Міцкевіч (Якуб Колас), сведчыць кніга «Памяць. Талачынскі раён».

Школа адкрылася ў вёсцы Сані ў хаце селяніна Ларыёна Жураўлёва. Гардзялкоўскія прапанавалі настаўніку добры заробак — 35 рублёў, і бясплатнае харчаванне. У той час сярэдні заробак кухаркі быў прыкладна 5−8 рублёў, дворніка — 18, падпаручніка (па-сучаснаму лейтэнанта) — 70, гарадавога (шараговага супрацоўніка паліцыі) — 20,5, настаўніка пачатковай школы — 25.

Якуб Колас настаўнічаў у Санях некалькі месяцаў і пакінуў аб сабе добрую памяць. Будучы класік цікавіўся жыццём сялян, часта гутарыў з імі. Цалкам верагодна, што гасцінныя гаспадары маёнткаў паказвалі настаўніку свае ўладанні. Напэўна, былі і ў Друцку, які належаў старэйшаму брату Альгерду Гардзялкоўскаму, бо сталіца старажытнага Друцкага княства не магла не цікавіць паэта.

Якраз па дарозе туды і стаіць вадзяны млын. У той час такая пабудова была ўвасабленнем перадавых тэхналогій і падставай для гонару любога гаспадара. Так што, магчыма, і сюды завітаў Якуб Колас, каб паглядзець на працу турбіны і магутных жорнаў.

Вадзяны млын на рацэ Крывой дзейнічаў да вайны. У 1990-х будынак выкупіла жыхарка Масквы і пераабсталявала яго ў прыдарожнае кафэ. Але праз некалькі гадоў тут адбыўся пажар, які знішчыў усё начынне. Гаспадыня не стала яго аднаўляць і ўвогуле адмовілася ад маёмасці.

Зараз рэшткі вадзянога млына знаходзяцца на балансе ААТ «Друцк-Агра». Дырэктар сельгаспрадпрыемства Анатоль Хадорык паведаміў, што гатовы за сімвалічную плату прадаць аб’ект матэрыяльна-культурнай спадчыны таму, хто здолее яго вярнуць да жыцця.

←Дешевые кредиты, первоклашки-пятилетки, обиженные тунеядки и снег - все важное за выходные

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика