Невідушчая дзяўчына пра свае падарожжы, мары і людскую дапамогу
«Я бачу сны. Гэта вялікае свята для мяне. Баішся аднойчы забыць твары сваіх родных і сяброў. І вось ноччу бачыш іх у сне… Гэта феерверк эмоцый! Бывае, раніцай прачынаешся ў слязах… І не таму, што шкадуеш сябе, а ад радасці, што хоць бы ў сне можаш іх убачыць. Калі я гутару з людзьмі, заўсёды звяртаю ўвагу на голас. Ён можа многае расказаць пра чалавека…»
У 26-гадовай мінчанкі Таццяны Сацук першая група інваліднасці па зроку. Як жывецца гэтай невідушчай маладой дзяўчыне? Хутчэй за ўсё, вы моцна здзівіцеся…
Звонкі смех за дзвярыма — першае, што мы з фотакарэспандэнтам пачулі, калі прыехалі ў інтэрнат унітарнага прадпрыемства «Святлопрыбор» Беларускага таварыства інвалідаў па зроку і ўжо падыходзілі да пакоя, у якім жыве наша гераіня. Нас сустракае грацыёзная худзенькая дзяўчына з шыкоўнымі доўгімі валасамі. У пакоі - ідэальныя чысціня і парадак, поўная адсутнасць рознай драбязы, што зусім не ўласціва маладым дзяўчатам. Нічога не вісіць на сценах, абсалютна пусты стол — аскетычная абстаноўка ў духу такога моднага цяпер мінімалізму.
— Гэта я проста нікуды не спяшалася! — смяецца Таццяна. — Калі кудысьці спяшаюся, у мяне ўсё лятае! Потым прыходзіш дадому і думаеш: што тут робіць гэтая рэч? А гэтую чаму я сюды кінула?..
— Мае бацькі жывуць у Жодзіне, — працягвае дзяўчына. — А я захацела жыць у Мінску, і ў мяне гэта атрымалася! Бацькі занадта шкадуюць, берагуць, а мне хочацца самастойнасці, хочацца сябе рэалізаваць. У мяне ўсяго толькі няма зроку. Ну і што? Затое ёсць рукі-ногі, я магу хадзіць, умею сябраваць. Я нават неяк хацела скочыць з парашутам, ужо і з інструктарам дамовілася. Але ў апошні момант сяброўкі адгаварылі: «Зробяць аперацыю, тады і скачы, а пакуль не трэба». І я паслухалася.
Праблемы з вачыма ў Таццяны пачаліся яшчэ ў дзяцінстве. Яна лячылася, прайшла праз шэраг аперацый… Пасля адной з іх зрок знік зусім. Ёй было тады 18 гадоў, толькі-толькі скончыла школу…
— Пасля гэтага я паступіла вучыцца на масажыста. На практыцы высветлілася, што ад фізічных нагрузак моцна баляць вочы і іх стан пагаршаецца. Прыйшлося кінуць, — успамінае дзяўчына. — Але я такі чалавек, што ніколі не здаюся. Не губляю надзеі і не апускаю рук. Зрабіла аперацыю ва Украіне, пасля якой у мяне з’явілася адчуванне колеру. І яшчэ перыядычна нейкай часткай вока я магу заўважыць абрысы. Але для гэтага трэба, каб супала некалькі ўмоў: я павінна быць не стомленай, пасля сну, а на дварэ — ясная пагода.
У мяне было вельмі многа сяброў калісьці. Але калі страціла зрок, некаторыя адвярнуліся. Ды што казаць, адвярнуліся практычна ўсе. Мая бяда вельмі добра праверыла людзей: са мной засталіся сапраўдныя сябры, у іх я цяпер упэўнена. Атрымала вельмі балючы жыццёвы вопыт, і пасля гэтага многае пераацаніла ў жыцці. Цяпер больш цаню тое добрае, што маю, таму што ведаю, як лёгка можна яго страціць…
Спачатку не асабліва і прыкметна, што яна не бачыць. Лёгкія, упэўненыя рухі, актыўная жэстыкуляцыя, эмацыйны твар… Людзі пачынаюць нешта разумець, толькі заўважыўшы ў руках дзяўчыны белы кій: «Дык вы не бачыце?» Яна не хоча насіць цёмныя акуляры. «Усе прывыклі да стэрэатыпу, што сляпы павінен быць у цёмных акулярах і з белым кіем у руках. Але я не стэрэатыпны чалавек», — смяецца Таццяна.
Хоць кіем даводзіцца карыстацца, без яго ніяк. Вядома, трэба пераступіць праз сарамлівасць, і гэта атрымалася не адразу. Але нават такі звыклы маршрут да працы (зусім кароткі, праца — праз дарогу, ёсць падземны пераход) нярэдка тоіць у сабе шмат нечаканасцяў.
— Напрыклад, аднойчы на тратуары раптам аказваецца машына. Або веласіпедысты… Яны не тармозяць чамусьці, гэта мне трэба паспець адскочыць, пачуўшы іх набліжэнне, — расказвае наша гераіня. — І кій на самай справе не дае стопрацэнтнай бяспекі. Вы ідзяце і махаеце ім перад сабой. А калі наперадзе адкрыты люк? Кіем лёгка прамахнуцца. Да таго ж кій унізе, а зверху, на ўзроўні твару, нішто не можа папярэдзіць аб небяспецы. У мяне сяброўка вельмі моцна неяк стукнулася аб інкасатарскую машыну: кіёк патрапіў паміж колаў і нічога не «заўважыў». Яшчэ пастаянна галінкі б’юць па твары. Але кій дапамагае павярнуць куды трэба, нейкія арыенціры ўсё ж дае… Увогуле, такія, як я, выходзяць кожны дзень на вуліцу на свой страх і рызыку. Даводзіцца быць вельмі сканцэнтраваным, пастаянна прыслухоўвацца да сваіх адчуванняў, каб правільна ісці і ні ў што не ўрэзацца. Задумвацца на вуліцы нельга! Замест вачэй у мяне вушы (смяецца).
— Тым не менш, я хаджу на канцэрты, езджу ў іншыя краіны, — працягвае Таццяна. — Апошнім разам ездзіла ў Пецярбург да сяброў. Вы здзіўлены? А я сама купіла білет праз інтэрнэт. На вакзал мяне праводзіла сяброўка, пасадзіла ў цягнік. У Пецярбургу таксама сустрэлі на вакзале. А ў цягніку сяброўка не сказала правадніку, што ў мяне праблемы са зрокам, а ён і не заўважыў спачатку. Залезла на верхнюю полку, але было холадна, і я папрасіла суседку знізу падаць мне коўдру. У адказ — цішыня… Жанчына, як потым аказалася, не зразумела, што я не бачу. Потым доўга перапрашала: «Дзіцятка, ты б адразу сказала! А то я нічога не зразумела, думаю, каму ты кажаш, чаму сама не можаш узяць?»
Я карыстаюся айфонам і ноўтбукам са спецыяльнымі праграмамі, якія ўсё агучваюць. Усё, што вы бачыце на экране, на такіх прыладах прагаворваецца. Таму я магу заходзіць у інтэрнэт, спісвацца з сябрамі, рабіць пакупкі… Вы бачыце літары, а мне чытае тэкст спецыяльная праграма.
Я вельмі люблю чытаць, але з дапамогай методыкі Брайля не чытаю. Слухаю аўдыякніжкі ці электронныя, якія агучваюцца спецыяльнымі праграмамі. Калі кніга вельмі зацікавіла, потым купляю яе ў папяровым варыянце. Няхай і не змагу прачытаць, але мне падабаецца трымаць яе ў руках. Я люблю пах кніг.
…Аднойчы я сабралася і паехала ў Кіеў у госці да сяброўкі, нікога нават не папярэдзіўшы! Мы з ёю пазнаёміліся ў інтэрнэце і паўгода перапісваліся. І мне захацелася сустрэцца. Дамовіліся з ёй, я ўзяла квіткі і на выхадныя паехала. Вельмі добра правяла час, было цікава.
А ўчора я ездзіла да сяброўкі ў Чыжоўку. Я не баюся ехаць адна, але вельмі дрэнна, калі не абвяшчаюць прыпынкі ў аўтобусе ці тралейбусе ці абвяшчаюць іх няправільна. Але дапамагаюць людзі. Часам, калі выходжу з аўтобуса, адразу адводзяць да патрэбнага мне месца. Некаторыя цікавяцца, ці могуць дактары вярнуць мне зрок. Бывае, даюць свой нумар тэлефона: калі нешта трэба, тэлефануй, я тут непадалёк жыву, дапамагу схадзіць у магазін… Вось і ўчора мне ў метро дапамаглі супрацоўнікі станцыі - і там, дзе садзілася, і дзе выходзіла. А на прыпынку мяне сустрэў муж сяброўкі. А так, калі трэба зрабіць перасадку, стаіш на прыпынку і пытаеш людзей, які аўтобус зараз пад’ехаў.
— Чалавек да ўсяго можа прызвычаіцца, — лічыць Таццяна. — Цяжка было ў самым пачатку, пасля той аперацыі, якая кардынальна змяніла маё жыццё. І я ўсё яшчэ не губляю надзеі вярнуць зрок…
У астатнім жа наша гераіня такая ж, як усе дзяўчаты яе ўзросту: таварыская, любіць пасмяяцца, любіць гатаваць і прыдумляць новыя стравы. У вольны час піша вершы. У 2013 годзе нават удзельнічала ў Міжнародным фестывалі творчасці «Крылы надзеі», у рамках якога быў праведзены літаратурны анлайн-конкурс «Пачуць адзін аднаго». Яе апавяданне тады заняло першае месца!
А зусім нядаўна яна стала іграць у тэатры «Мімоза». «Вельмі падабаецца. Буду развівацца ў гэтым кірунку», — кажа Таццяна. Ездзіць на рэпетыцыі даволі далёка, але яна спраўляецца — адыграла ўжо тры спектаклі. «У мяне невялікая роля, таму што я толькі-толькі туды прыйшла. Я іграю матылька ў дзіцячым спектаклі, танцую. Вельмі хвалявалася перад першым выхадам на сцэну, а калі выйшла — супакоілася. Аказалася, я камфортна сябе адчуваю і не баюся гледачоў. Творчасць — гэта маё! Я не хачу ператвараць жыццё ў руціну. І наогул, імкнуся сама яго будаваць. Галоўны рэжысёр у сваім жыцці - я сама!»