У падвале, у трубе, ля сметніка - навагоднія планы магілёўскіх бадзягаў
Пра надыход Калядаў і Новага году не забываюць і бяздомныя. Сціплыя запатрабаванні і спадзеў на дапамогу — перадсвяточныя чаканні бадзягаў у рэпартажы «Радыё Свабода» з магілёўскіх вуліц.
Скрадзеная «пасцель», цёплы падвал і юбілейны год
У красавіку магілёўскі бяздомны Альберт адзначыць васьмідзесяцігадовы юбілей. Жыве ён з таго, што знойдзе ў баках са смеццем, ці з міласціны, якую нажабруе ля крамаў ці царквы. Жытло ў старога — пад гаўбцом аднаго з дамоў у мікрараёне Юбілейны.
Альберт неаднойчы быў героем «свабодаўскіх» рэпартажаў пра валацуг. Поркаючыся ў сметніцы і ўгледзеўшы журналіста, паскардзіўся, што нехта прыняў з-пад балкона ягоную «пасцель». Паведаміў навіну, што сваю 35-гадовую даўнюю сяброўку Наталлю адправіў да яе маці на вёску.
«Што яна тут будзе валачыцца, хворая, я і сам паміраю, бо з-пад гаўбца ўсе рэчы мае вынеслі. Тры коўдры ў мяне было. Хто вынес і калі, не ведаю. Прыехаў з царквы, а іх няма. На голым бетоне холадна спаць. Пайду падвал які незамкнуты шукаць», — падзяліўся з журналістам Альберт.
За плячыма ў Альберта не адна адседка ў турме, няпростыя стасункі з родзічамі ды атрыманае ў аварыі калецтва. Кажа, што ён інвалід другой групы. Ходзіць на мыліцах. Колькі бадзяжыць, пэўна, ужо не ведае.
«Для мяне святаў няма. Усе дні аднолькавыя. Навагоддзе сустрэну, як пашанцуе: у падвале, можа, з чаркай ды ежаю. Людзі дабрэюць у гэтае свята, больш падаюць. Пасля яго нямала выкідаюць з харчоў, таму грэх наракаць», — апавядаў Альберт.
«Два тыдні таму ў мяне памерла сястра, дык я, можна сказаць, стаў сіратой, — паведаміў навіну суразмоўца. — Пляменнік мяне ў сестрыну хату не пускае. Акупаваў ён жытло. Пад гаўбцом улетку някепска, а ўзімку цяжка адшукаць цёплы прытулак».
Сумны юбілей — 15 гадоў бадзяжніцтва
Альбертаў аповед уважліва слухала ягоная спадарожніца.
«Гэта журналіст. Ён пра такіх, як мы, піша», — адрэкамендаваў жанчыне свайго знаёмца стары.
«Новы год адзначым ужо як-небудзь, — далучылася да гутаркі сяброўка Альберта. — Людзі дапамагаюць. На жыццё не наракаю. Той, хто часта са мной сутыкаецца, дык нават купляе мне харчы».
Суразмоўцы сорак два гады. «Бічую з 2002 году», — прызналася яна. Пытанне, ці не спрабавала змяніць жыццё, яна пакінула без адказу.
«Цяпер падвалы ды пад’езды замыкаюць, дык перабываю дзе прыйдзецца, — казала далей яна. — Альберту дзякуй. Ён пускае пад балкон. Таму начуем, можна сказаць, на вуліцы».
Бадзяга з трубы: «Бог ведае, за што карае»
Магілёўскі бадзяга Юры Іванавіч кажа, што 31 снежня адзначыць семдзесят восем. Апошнія некалькі гадоў ён жыве ў бетоннай трубе вадасцёку. Узімку зрэдку выбіраецца, як ён кажа, са свайго берлагу. Старым апякуюцца неабыякавыя да ягонага лёсу людзі. Перадачы яму закідваюць у трубу.

«Жыццё кепскае. Горш не бывае. Гэта не жыццё, а пакаранне Божае. Бог ведае, за што карае. Потым даведаюся», — выгукае з трубы Юры Іванавіч.
«Як буду адзначаць дзень народзінаў і навагоддзе, не ведаю. Грошай няма ні капейчыны, — разам з параю даносяцца рэхам словы старога. — Можа, хто прыйдзе. Не ведаю. У мяне недзе непадалёк жыве сын. Адрасу ягонага не ведаю. Даўно не бачыў. Прыносяць мне сюды і харчы, і гарбату».
З аповедаў Юрыя Іванавіча, ягонае жыцьцё надта пакручастае. Нарадзіўся ён у расейскай Пермі. Прыехаў да сына ў Беларусь, прадаўшы кватэру. Сын купіў яму дом, але стары, крыху пажыўшы ў ім, вярнуўся на Урал. А адтуль зноў у Беларусь. Апошнія дваццаць пяць гадоў бадзяжыць. Дакумэнтаў няма. Пенсіі таксама.
«Такія, як я, да мяне рэдка прыходзяць. Я ж не выпіваю з імі. Дык я тут, як мядзведзь, які ўсю зіму спіць. Мне ў трубе не дужа холадна, але як звонку маразы, дык і мяне даймаюць. Ад святаў нічога ўжо не чакаю. Людзі мне кепскага не робяць. Дапамагаюць: каб не яны, ужо б памёр», — казаў з трубы Юры Іванавіч.
Людзі і праўда заклапочаныя ягоным лёсам. Летась адна з жанчын знайшла старому прытулак на два месяцы ў прыватным доме. Знайсці такое жытло на гэтую зіму пакуль не ўдаецца.
Псіхалогія прыстасавалася да бадзяжніцтва
42-гадовы Ігар таксама з Расіі. Бадзяжыць два дзясяткі гадоў. Дакументаў ніякіх.
«Будзе што выпіць — будзе Новы год. Не будзе — значыць, і свята не будзе. Наагул для мяне ўсе дні працоўныя і выхадныя адначасова. Я ж даўно бадзяжу, дык людзі мяне ведаюць і дапамагаюць. Да царквы не хаджу, бо веры няма. Я атэіст», — казаў Ігар пра свой перадсвяточны настрой.
«Пасля святаў будзе чаго пад’есці. Багата людзі выкідаюць харчоў. Выбраў з іх, пад’еў, — працягнуў суразмоўца невясёлы свой аповед. - Усё збіраюся выбрацца на радзіму, але тое, што назбіраю на дарогу, прапіваю. Не магу ўстрымацца. Дакументаў у мяне няма. Трэба іх у Расіі атрымліваць».
Ігар ня утойвае: змяніць сваё жыццё ён не можа.
«Псіхалогія ўжо прыстасавалася пад цяперашні мой лад. Патлумачыць гэта цяжка. Трэба самаму пажыць гэтак, як я, каб адчуць змены. Бадзяжніцтва стала нормай майго жыцця», — падсумаваў гутарку суразмоўца.
У 22 гады пачаў піць. Нядаўна «завязаў»
Тым часам Сяргей хваліўся сваёй пажываю. Саракапяцігадоваму валацугу ўдалося выбраць са сметніцы вялікую папяровую скрынку макулатуры. «Мне і золата, і срэбра траплялася», — з непрыхаваным задавальненнем апавядаў мужчына.
«Пакуль мне прытулак далі, але гэта пакуль. Не бывае ў такіх, як я, сталага жытла. Усё часовае, — па-філасоўску разважаў суразмоўца. — Такое жыццё ў мяне апошнія гадоў дзесяць. Так выйшла, што дакументы ў мяне былі, а прапіскі не было. На працу не бралі».
Сяргей кажа, што ён сірата. Вучыўся ў Мсціславе. Паводле размеркавання трапіў у Асіповічы. Мае навыкі цесляра, муляра, тынкара. Пасля звальнення выдзеленае прадпрыемствам жытло забралі. Альтэрнатыўнага занятку знайсці ў райцэнтры не ўдалося. Прыехаўшы ў Магілёў, перабіваўся з часовых працаў.
«Сышоўся быў з адной жанчынай, але злоўжываў алкаголем. У 22 гады пачаў піць. Нядаўна „завязаў“. Цяпер трымаюся. Цэлымі днямі збіраю макулатуру, каляровы метал, рыззё. Рублёў па 7−8 выходзіць за дзень, — казаў Сяргей. — Новы год буду адзначаць як усе людзі. Гарэлка, шампанскае. Дарма што я ў „завязцы“, можна ж і „развязацца“! Калі ў мяне няма дакументаў і я нідзе не працую, дык што, я горшы за астатніх людзей? Я чужога не бяру і не краду. Што збяру, з таго і пражыву».
Недаедкаў на сметніках хапае
Бяздомныя і тыя, хто рэгулярна аглядае бакі са смеццем, пастаянна на вачах у смецяроў. Дворнікі няблага вывучылі гэтых людзей і амаль беспамылкова вызначаюць, хто з іх хто. На думку смецяроў, пераважаюць на сметніках тыя, хто збірае другасную сыравіну.
«Такія людзі не валацугі. Яны маюць свае кватэры, але грошай на жыццё ім не хапае, таму ідуць да бакаў, — выказваецца адзін з дворнікаў. — Ёсць і такія, хто выбірае са сметніцы ежу, але іх, здаецца, болей не стала. Але недаедкаў у баках хапае. Хлеба шмат выкідаюць, каўбасу, таму пакуль не голад у нас. І валацугі пракарміцца могуць».

Што да бадзягаў, то яны памаладзелі, заўважае суразмоўца.
«Цяпер можна пабачыць ля бакаў і трыццацігадовых, але нячаста. Больш тых, каму пад трыццаць, — кажа ён. — Гэтыя людзі недаверлівыя. У многіх няпросты лёс. Жыццё іх паламала. Хто праз турму прайшоў, хто спіўся, хто з розных прычынаў страціў жытло. Разам з тым трэба быць асцярожнымі з імі, бо ўсе яны зладзеяватыя людзі».