Як браслаўскі фатограф Галляш Сялява выклікаў хвалю актывізму ў горадзе
Яшчэ пяць гадоў таму, акрамя традыцыйных мерапрыемстваў Дома культуры, тут нічога не адбывалася — звычайны райцэнтр. Але былы карэспандэнт раённай газеты вырашыў: «хто, калі не я»…
Галляш Сялява — карэнны браслаўчанін, які наўмысна не скарыстоўвае побач са сваім імем ніякіх цэтлікаў. Яго называюць фатографам, журналістам, проста актывістам. Сам жа ён хутчэй ідэнтыфікуе сябе як філосаф, бо большую частку часу ў яго займаюць думкі пра жыццё і назіранне за ім.

Калі Галляш вярнуўся ў родны горад пасля вучобы, то зразумеў, што ў Браславе недастаткова культурных падзей. Пачынаць актывізм можна было з чаго заўгодна, і маладзён вырашыў займацца тым, што яму ў той час больш за усё падабалася.
— Напэўна, усё пачалося з гурта народных танцаў «Дзындзік» — проста вельмі хацелася танчыць, — пачынае размову пра першыя парасткі нефармальнага актывізму ў горадзе Галляш Сялява. — Гэты праект я распачынаў сумесна з супрацоўнікамі музея традыйнай культуры, якія былі адкрытыя да любых ідэй.

Галляша такая адкрытасць дзяржаўнай установы да новых накірункаў не здзівіла — ён лічыць, што людзі, якія пачыналі працаваць у 1990-я гады, звычайна лёгка і адэкватна адгукаюцца на розныя культурныя і сацыяльныя ініцыятывы. Так і атрымалася, што музей традыцыйнай культуры стаў адной з галоўных культурных пляцовак горада.
Акрамя выстаў самага рознага накірунку, тут праходзяць майстар-класы, канферэнцыі, круглыя сталы. Адной з самых маштабных падзей мінулага лета стала фотасушка — сустрэча, на якой фатографы развешваюць свае працы, а потым могуць забраць любыя фотаздымкі, якія ім спадабаліся.
— Зразумела, што найбольшая актыўнасць у Браславе летам — прыязджаюць турысты, вяртаюцца дадому студэнты на вакацыі, — распавядае Галляш Сялява. — Але фотасушка — адзін з самых папулярных фарматаў, бо ў Браславе багата фатографаў.

Паспрыяў Галляш Сялява і інфармацыйнаму аб’яднанню браслаўчан. Раней хлопец працаваў у раённай газеце, але захацелася стварыць рэсурс з больш шырокім фарматам. Чатыры гады таму з’явіўся партал braslaw.by, які сёння супольна з сацсеткамі штодня наведвае да двух тысяч чалавек. Цікава, што braslaw.by не толькі інфармуе пра жыццё горада, але і дапамагае вырашыць пэўныя праблемы.
Напрыклад, пасля навіны пра тое, што браслаўскі тэрытарыяльны цэнтр шукае спонсараў для набыцця швейнай машынкі, знайшліся прадпрымальнікі, якія прафінансавалі яе набыццё. Да таго інфармацыя змяшчалася і на краўдфандынгавай платформе «Улей», але там праект не спрацаваў.

Зараз у Браславе шмат мерапрыемстваў, якія ладзяцца па прынцыпе «ініцыятывы знізу».
— Гэта не мой праект, я толькі дапамог арганізатарам з піярам, — сціпла кажа Галляш Сялява, але, паразмаўляўшы з іншымі браслаўскімі актывістамі, разумееш, што ў большасці выпадкаў з ідэямі браслаўчане звяртаюцца менавіта да гэтага чалавека.
— Натуральна, яно неяк само мяне находзіць кожны дзень — нехта патэлефанаваў, з кімсьці сустрэўся, — распавядае Галляш. — Я проста ўпэўнены, што нічога проста так не бывае і кожную ідэю трэба паспрабаваць скарыстаць, асабліва калі ў цябе для гэтага ёсць пляцоўка і сувязі.
Калі горад удзельнічаў у конкурсе Social Weekend, Галляш прадстаўляў праект пабудовы дзіцячай пляцоўкі. У выніку першыя грошы на рэалізацыю ідэі з’явіліся яшчэ да падвядзення канчатковых вынікаў конкурса, а калі праект яшчэ і ўвайшоў у тройку прызёраў, то будоўля сапраўды стала мерапрыемствам гарадскога масштабу.
Дзіцячы лабірынт аб’яднаў неабыякавых браслаўчан. Людзі дапамагалі хто чым мог — транспартам, інструментамі, асабістай працай. Зараз многія браслаўчане кажуць, што з карабліка, а лабірынт мае адпаведную форму, пачалася сапраўдная хваля актывізму ў горадзе.


Між тым Галляш адзначае, што «разварушыць» людзей не так проста:
— Гэта звычайны райцэнтр з насельніцтвам 9,5 тысяч. Нікому нічога не трэба, і на мерапрыемствы ходзяць адны і тыя ж людзі, — гаворыць наш суразмоўца. — Але незнаёмых час ад часу сустракаю. Проста розных людзей рознае «торкае»: кагосьці - культура, кагосьці - спорт, кагосьці - гульні на эрудыцыю.
Складана ацаніць публіку на саміх мерапрыемствах, але, калі глядзець на адпаведныя суполкі ў сацыяльнай сетцы «Укантакце», то большую частку з іх адмініць менавіта Галляш: суполка для арганізацыі кінапраглядаў «КінаЧовен», суполка для аб’яднання спартсменаў для трэніровак на вуліцы «Workout Браслаў», батлеечная суполка «Станьчыкі»… З асаблівым гонарам Галляш распавядае пра інтэлектуальныя гульні:
— Гэта ініцыятыва выкладчыка Дзмітрыя Мацкевіча, які калісьці рэгулярна ладзіў у гімназіі брэйнрынгі, але мяне яна вельмі зачапіла. І зараз я дапамагаю арганізоўваць «ІнтэлDrive» — інтэлектуальныя гульні накшталт «Мазгабойні».
Апошняя такая гульня сабрала ў кавярні, дзе ладзілася мерапрыемства, каля сотні чалавек. Для такога невялікага горада гэта шмат, лічыць Галляш.

Зараз Галляш Сялява большую частку свайго часу выдаткоўвае на здымкі дакументальнай кінастужкі пра мясцовага мастака Паўла Туманоўскага. Яго карціны вісяць амаль у кожнай браслаўскай хаце, але пра гэтага чалавека маецца мала звестак.
— Так атрымалася, што ў яго не засталося сваякоў і апошнія гады Павел Туманоўскі дажываў у доме-інтэрнаце, — распавядае пра чарговую культурную ініцыятыву Галляш. — Летам да мяне звярнуўся адзін дзядзька з прапановай зладзіць выставу мастака і ўшанаваць яго памяць надмагільным каменем.
Па словах актывіста, браслаўчане з ахвотай далучаюцца да гэтай ініцыятывы — шмат хто ведаў мастака асабіста. Людзям прыемна падзяліцца звесткамі пра яго, а таксама прынесці карціны для выставы.
Здымкі кінастужкі яшчэ ідуць, а ў галаве ў актывіста думкі пра дзве наступныя дакументальныя стужкі і акцыю-суботнік:
— У нашым раёне ёсць старыя могілкі каля дарогі, але пра іх ніхто не ведае, бо яны татальна зараслі, — тлумачыць Галляш Сялява. — У планах правесці маштабны суботнік на гэтых месцах.