Меркаванне лекара аб прапановах Мінаховы здароўя: Аналiзаваць трэба не манiкюр i празрыстыя халаты

Источник материала:  
12.12.2016 17:01 — Новости Общества

Міністэрства аховы здароўя вынесла на грамадскае абмеркаванне праект пастановы пра нормы медыцынскай этыкі. Медыкам хочуць забараніць грубіць пацыентам, рэкламаваць лекі, насіць нарошчаныя ногці і высокія абцасы на працы. Дзіцячы рэаніматолаг, кандыдат медыцынскіх навук Андрэй Вiтушка выказаў сваё меркаванне наконт праекту.


Андрэй Вiтушка. Фота з фэйбуку.

Прачытаў рэзанансны праект пастановы Міністэрства аховы здароўя пра нормы этыкі і дэанталогіі. Першыя ўражанні.

Да маральна-этычных норм паводзінаў аўтары праекта аднеслі павагу, спачуванне, абавязак быць стрыманымі, калегіяльнымі, дэмакратычнымі, а таксама захоўваць канфідэнцыяльнасць. Добра, што канкрэтызавалi паняццi «талерантнасць», «стрыманасць», «дэмакратычнасць». Цешыць, што дэталізавана «калегіяльнасць», асабліва патрабаванне не дапускаць ацэнак дзейнасці калег у прысутнасці пацыентаў. Гэта важна, бо на жаль, перыядычна сутыкаюся з медработнікамі, якія панахапаліся ад кепскіх сантэхнікаў абаротаў кшталту: «Што за дэбіл крыварукі вас лячыўраней».

Трохі напружвае дэфініцыя неканфліктнасці. Яна трактуецца як недапушчэнне канфліктных сітуацый з «неблагоприятными последствиями». Значная частка канфліктаў ініцыюецца не медработнікамі, якія, аднак, могуць быць прызначанымі адказнымі за ўзнікненне канфліктаў.

Паняцце «неблагоприятные последствия» — дужа неканкрэтнае. Калі, напрыклад, мы патрабуем ад адміністрацыі закупкі неабходных лекаў, а бюджэтнага фінансавання недастаткова, то разбіральніцтва на вышэйшым узроўні — гэта «неблагоприятные последствия» канфліктнай сітуацыі ці не? Незразумела з пункту гледжання каго разглядаецца неспрыяльнасць наступстваў — пацыента, лекара ці намесніка па ідэалогіі?

У раздзеле пра нормы ўзаемаадносін з пацыентамі пазначана, што медработнік мусіць выключыць магчымасць уплыву любых палітычных партый і грамадскіх арганізацый на выкананне службовых абавязкаў і рашэнняў, якія прымаюцца. Выдатна — зараз можна будзе абгрунтавана ігнараваць запрашэнні «Белай Русі» ці прафсаюза схадзіць на суботнік замест дзяжурства. З іншага боку, такая фармулёўка нівелюе магчымасць для хоць якога ўплыву прафесійных медычных асацыяцый, якія ў цывілізаваным свеце займаюцца карыснымі рэчамі — напрыклад, распрацоўкай стандартаў і пратаколаў лячэння.

Далёкае ад універсальнасці патрабаванне «Воздерживаться от какой-либо рекламы, относящейся к своей профессиональной деятельности». Відавочна, аўтары дакумента ўспрымаюць сістэму аховы здароўя як дзяржаўную, ігнаруючы шырокую сетку прыватных стаматалагічных, гінекалагічных, дыягнастычных і іншых кабінетаў і цэнтраў.

Інфраструктура аказання медычных паслуг развіваецца і ўключае ў сябе шмат розных установаў, яна перастала быць безальтэрнатыўнай і ўсё часцей ўяўляе з сябе канкурэнтнае асяроддзе. А без рэкламы ў канкурэнтным асяроддзі немагчыма дайсці да патэнцыйнага кліента. Што ж тады будзе рэкламаваць уласнік стаматалагічнага кабінета, як не свае паслугі?

Да таго ж, дзеючы Закон «Аб рэкламе» ужо ўтрымлівае нормы дазволенага і недазволенага пры рэкламаванні медычных паслуг. У гэтым жа аспекце гучыць спрэчна і патрабаванне не дапускаць «извлечения коммерческой выгоды для себя лично или организации здравоохранения».

Наступны пункт — яшчэ цікавей. Медработнік мусіць «избегать любых действий, подрывающих доверие общества к системе здравоохранения». Цягне на негалосную забарону любой крытыкі сістэмы. Напрыклад, публічныя сумневы ў эквівалентнасці беларуска-кітайскага і брэндавага інсулінаў — гэта недавер да сістэмы?

На думку аўтараў праекта, медработнік мусіць не дапускаць уплыву на выкананне сваіх службовых абавязкаў асабістых (прыватных) інтарэсаў, калі гэтыя інтарэсы не супадаюць з асноўнымі прынцыпамі дзейнасці сістэмы аховы здароўя. Што гэта за прынцыпы — загадка. У Законе аб ахове здароўя, да якога адсылае па тлумачэнне тэрмінаў дадзеная пастанова, прапісаны толькі прынцыпы дзяржаўнай палітыкі Республікі Беларусь у галіне аховы здароўя (артыкул 3).

Сярод пазітыву пункт, які заклікае не прымяняць (прапагандаваць) метады, якія не адпавядаюць клінічным пратаколам дыягностыкі і лячэння. Калі гэта зацвердзіцца, кожны пацыент зможа спытаць, напрыклад, пра этычнасць рэкамендацый анаферона ці іншых неадназначных прэпаратаў, якія не ўключаны ў пратаколы.

Найшырэй абмяркоўваецца «папсовы» п. 7, які тычыцца знешняга выгляду медработніка. Тут рэгулятар нічога не забыў — ні нарошчаныя пазногці (не дапускаюцца), ні матэрыял халата (не мусіць быць празрысты). Прычым усё прапісана настолькі гранічна канкрэтна, што многія каментатары задаюцца заканамерным пытаннем: няўжо іншыя праблемы ў ахове здароўя ўжо скончыліся? Насамрэч, новым тут з’яўляецца хіба што недапушчэнне дэманстрацыі рэлігійных сімвалаў, забарона на рэзкі парфюм (адразу пытанне — што такое «рэзкі»?) і вызначэнне мінімальна дапушчальнай даўжыні халата (не менш як на 2/3 сцягна). Усё астатняе было даўно ўжо адрэгулявана абавязковымі правіламі санэпідрэжыма.

Такім чынам, дакумент неадназначны. Варта прафесійнай грамадзе, у адрозненне ад шырокай грамадскасці, глядзець глыбей: не засяроджвацца на пытаннях абцасаў і манікюру, а аналізаваць сістэмныя наступствы. Падобна, што ствараецца шырокая рамка для прызнання неэтычнымі любых праяваў незадаволенасці існуючым status quo у беларускай сістэме аховы здароўя.

Па сутнасці дадзены дакумент дазваляе любыя сумневы ў правільнасці прынятых рашэнняў і праявы нелаяльнасці да існуючай палітыкі ў ахове здароўя трактаваць як неэтычныя паводзіны. Узгадаем нядаўнюю нашумелую справу з педыятрам, які праз СМІ падняў праблему адсутнасці спецыяльнага харчавання ў адной сацыяльнай установе. Сваімі дзеяннямі калега парушыў (пры пэўнай трактоўцы) адразу некалькі нормаў, прапісаных у праекце пастановы.

Для лекараў ва ўсім свеце парушэнне этычных нормаў — цяжкое абвінавачанне з адпаведным сур’ёзным разбіральніцтвам у незалежным камітэце па этыцы медычнай асацыяцыі і ў судзе.

Лічу, што дакумент важны, але яго праект яшчэ «сыры» і патрабуе сур’ёзнага абмеркавання ў прафесійнай супольнасці. Шаноўныя калегі, давайце не будзем, як некаторыя павярхоўныя каментатары, фіксавацца на празрыстых халатах і накладных пазногцях, а прааналізуем магчымыя сітуацыі прымянення гэтых правіл і дашлем меркаванні распрацоўшчыкам.

←Нужно почти 550 тысяч долларов. Ремонт сквера за "Ригой" планируют начать в феврале

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика