Актывісты правялі ў Маладзечна акцыю супраць прымусовай працы школьнікаў
Актывісты зарэгістраванай у Латвіі грамадскай арганізацыі «Альтэрнатыва» правялі ў Маладзечна акцыю супраць прымусовай працы школьнікаў. Яна адбылася ў Дзень барацьбы за адмену рабства, які адзначаецца штогод 2 снежня.
Акцыя прайшла каля Маладзечанскага райвыканкаму. Актывісты разаслалі перад уваходам дыван і «патрабавалі, каб выйшаў адказны за прымусовую працу школьнікаў і студэнтаў».
Як патлумачыў Свабодзе кіраўнік «Альтэрнатывы» Алег Корбан, акцыя прайшла ў Маладзечна, таму што два месяцы таму там падчас сельскагаспадарчых прац загінула 13-гадовая школьніца.
«Збіралі бульбу. І, як гэта ў нас заведзена яшчэ з часоў СССР, прывезлі школьнікаў. 13-гадовая Вікторыя загінула пад коламі грузавіка. Знайшлі крайняга — кіроўцу. Але ж праблема шырэйшая — трэба пазбаўляцца гэтай савецкай завядзёнкі з эксплуатацыяй бясплатнай працоўнай сілы за кошт школьнікаў і студэнтаў», — сказаў Корбан.
Акцыя доўжылася 40 хвілін. Удзельнікаў здымалі на камеры супрацоўнікі МУС у цывільным.
«Мы перадалі нашы патрабаванні старшыні Маладэчанскага райвыканкаму і будзем спадзявацца, што яны будуць улічаныя», — дадаў Корбан.