Марская школа і ялы на Дзвіне. Як выглядала галоўная рака Віцебска десяцігоддзі таму

Источник материала:  
10.11.2016 08:04 — Новости Общества

На працягу стагоддзяў убачыць ветразі на Дзвіне было звычайнай справай. Сёння такая з’ява трапляе ў лік сенсацый.


Напрыклад, у маі 2014 года праз Віцебск прайшла латышская водная экспедыцыя. Ад вытока Дзвіны да абласнога цэнтра вандроўнікі плылі на лодках, а далей, узняўшы ветразь, пайшлі на ладдзі, зробленай па старажытных тэхналогіях вікінгаў.

Годам раней менеджар з Віцебска Уладзімір Конараў на ўласнай яхце (на фота) вырашыў паўтарыць шлях «з варагаў у грэкі» і адправіўся праз Рыгу па Дзвіне і Балтыйскім моры да Хельсінкі.

Да пачатку 1990-х на рацэ часам можна было заўважыць ялы (марскія лодкі), абсталяваныя ветразямі. Гэта на трэніроўку выходзілі спартсмены секцыі марскога шматбор’я Марской школы ДТСААФ.

Адзін з заняткаў і зафіксаваў невядомы фатограф прыкладна ў сярэдзіне 1970-х гадоў. Дарэчы, замест Успенскага сабора на здымку мы бачым частку завода заточных станкоў (сучасны «ВІЗАС»), на яго даху выведзены лозунг «Слава труду».


Храм падарвалі ў 1936-м, а ў першай палове 1950-х на яго месцы пачалося будаўніцтва прадпрыемства, якое функцыянавала тут больш за два дзесяцігоддзі. З узвядзеннем новых памяшканняў на праспекце Фрунзэ стары цэх закінулі і знеслі толькі ў 1998-м, калі распачалося адраджэнне храма.

Як расказаў былы супрацоўнік ДТСААФ Мікалай Вялюга, Марскую школу (да 1975 года Марскі клуб) адкрылі ў 1948-м, першым яе начальнікам стаў маёр Зайцаў. Праз год гарадскія ўлады перадалі ўстанове будынак па адрасе Сярэдненабярэжная, 3.

У школе дзейнічалі чатыры секцыі: судамадэльнага, водна-маторнага і падводнага спорту, марскога шматбор’я. Віцебскія судамадэлісты былі аднымі з мацнейшых у Савецкім Саюзе. На працягу амаль 35 гадоў імі кіраваў заслужаны трэнер БССР Анатоль Паўлаў, які выхаваў 10 чэмпіёнаў СССР.

Марская школа таксама рыхтавала спецыялістаў для Узброеных Сіл і народнай гаспадаркі: судавых электрыкаў, аквалангістаў, слесараў і машыністаў халадзільных установак, электрагазазваршчыкаў.

З 1951 года секцыяй марскога шматбор’я кіраваў Леанід Аляхновіч, які падрыхтаваў 6 майстроў спорту СССР: Уладзіміра Вінаградава, Аляксандра Антонава, Рыгора Крылова, Генадзя Крылова, Аляксандра Жукава, Алега Чарноса, Уладзіміра Гаўрыліна. Апроч веславання на ялах (4- і 6-вёсельных), праграма шматбор’я ўключала і хаджэнне пад ветразем. Трэніроўкі праходзілі на Дзвіне і возеры Лосвіда.

Часам ялы з ветразямі вязлі за Сураж, і адтуль яны сплаўляліся па рацэ. Магчыма, невядомы фатограф зафіксаваў вяртанне з падобнага паходу «белых крылаў» у родную гавань.

←Победа Трампа, проект Бакиева и собачья верность - все важное на TUT.BY за 9 ноября

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика