Іерархі з Беларусі ўручылі Папе Рымскаму яго кнігу ў перакладзе на нацыянальную мову
Папе Рымскаму Францыску ўручылі яго кнігу «Імя Бога — Міласэрнасць» ў перакладзе на беларускую мову, паведамляе сайт Рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі. Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане выданне пантыфіку перадалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сергій Гаек.
Папа Францыск падпісаў два асобнікі кнігі. Адзін з іх будзе захоўвацца ў беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, другі адправіцца ў Беларусь.
Ініцыятарамі перакладу кнігі «Імя Бога — Міласэрнасць» на беларускую мову выступілі біскуп Алег Буткевіч і архімандрыт Сергій Гаек. На нацыянальную мову яе пераклаў супрацоўнік беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Аляксандр Панчанка.
Гэтая кніга дапаможа вернікам у Беларусі зразумець сутнасць абвешчанага ў каталіцкай царкве Года Міласэрнасці і аднавіць сваё разуменне асабістых адносін з Богам.
У кнізе Папа Францыск распавядае італьянскаму журналісту Андрэа Тарніелі пра жыццёвы і пастырскі досвед, закранае тэмы сэнсу жыцця, спакою і пакаяння, а таксама тлумачыць прычыны абвяшчэння ў каталіцкай царкве Года Міласэрнасці.
Кніга «Імя Бога — Міласэрнасць» выйшла ў сталічным выдавецтве «Медисонт» накладам 950 асобнікаў. У Мінску яе можна набыць у кнігарні «Духоўная кніга» (вуліца Багдановіча, 25) і пры грэка-каталіцкай парафіі Святога Язэпа (вуліца Арджанікідзэ, 6).