Глеб Лабадзенка просіць Генпракуратуру даць прававую ацэнку выказванням пра Барадуліна ў сацсетках

Источник материала:  
19.10.2016 14:23 — Новости Общества

Пазаштатны выкладчык БДУ і рыелтар Аляксандр Гарашчэня назваў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна «нацысцкай дохлай сволаччу» на сваёй старонцы ў Facebook. Запіс з’явіўся яшчэ год таму, але ў апошнія дні ён трапіў на вочы шматлікаму колу карыстальнікаў сацыяльнай сеткі. Стваральнік курсаў «Мова нанова» Глеб Лабадзенка ўжо аднёс заяву ў Генпракуратуру — ён просіць даць прапавую ацэнку словам Гарашчэні.


Скандальны запіс ужо знік са старонкі Аляксандра Гарашчэні. Там, наадварот, з’явілася выбачэнне сваякам паэта.

Глеб Лабадзенка ў размове з журналістам TUT.BY адзначае, што запіс правісеў на старонцы Гарашчэні дастаткова доўга. Да таго ж, асабіста перад сваякамі ён прабачэння не прасіў, журналістам распавядае пра тое, што і сёння сэнс выказвання бы не змяняў, таму апошні запіс на фэйсбуку больш падобны на спробу пазбегнуць адказнасці.

— Зварот у пракуратуру, напэўна, максімум, што я магу зрабіць. Я не сваяк Рыгора Барадуліна і не магу падаць у суд, паколькі толькі сваякі, як вынікае з каментароў міліцыі, могуць прасіць абараніць гонар і годнасць нават памерлага чалавека, — распавядае Глеб Лабадзенка. — Зварот у Генпракуратуру я накіраваў учора, папрасіў даць прававую ацэнку словам Гарашчэні, таму што я насамрэч не ведаю, што за гэта можа быць, калі гаворка ідзе пра чалавека, якога з намі няма. Чаму вырашыў пісаць? Па-першае, я думаю, любы беларус можа назваць сябе духоўным сваяком Барадуліна, калі ён любіць ягоныя вершы і вырас на іх. Па-другое, для мяне гэтая сітуацыя больш асабістая, таму што я вельмі блізка ведаў Рыгора Барадуліна і цягам чатырнаццаці гадоў мне пашчасціла быць побач з ім. Ён вельмі важны чалавек асабіста ў маім жыцці. Мы пазнаёміліся, калі я быў у сёмым класе і да ягонага адыходу падтрымлівалі вельмі блізкія стасункі. Таму я, канешне, абразіўся і ўспрыняў гэта на свой рахунак.

Глеб Лабадзенка лічыць, што публічны чалавек, які займае пасаду і працуе з людзьмі, павінен адказваць за свае словы, выказаныя ў публічнай прасторы.

— Таму я думаю, што спрабаваць рабіць тое, што ў нашых сілах. Невядома, чым гэта скончыцца, але вельмі важна, які грамадскі рэзананс выклікала гэтая справа. Гэта значыць, што Купала недарма пісаў пра тое, што беларусам трэба людзьмі звацца. І мы будзем тады звацца людзьмі, калі будзем абараняць сваіх нацыянальных геніяў ад такіх людзей.

Па словах Глеба Лабадзенкі, унучка паэта Дамініка і ўдава Рыгора Барадуліна гатовыя абараняць свае правы.

— Іншая справа, што яны, як і большасць людзей, не дасведчаныя ў юрыдычных тонкасцях. Яны кажуць, што калі нехта ім дапаможа кваліфікавана і пісьменна адаслаць такі зварот альбо ў пракуратуру, альбо ў суд — яны гэта зробяць. Зараз я праз сацыяльныя сеткі шукаю такіх юрыстаў.

У СМІ прагучала і такая думка, што прэтэнзіі да Гарашчэні падобныя на чарговую траўлю на Facebook. Глеб Лабадзенка з такой думкай не згодны.

— Вы бачыце, у чым рэч… Я не разглядаю гэта ў такіх катэгорыях. Я, напрыклад, зрэагаваў на гэтую сітуацыю не таму, што ўсе пра гэта пішуць, а таму што яна абразіла канкрэтна мяне, закранула асабіста. Называць гэта цкаваннем? Я называю гэта абаронай нацыянальнай годнасці. І калі ўсе накінуліся на Гарашчэню — можа быць, гэта знак таго, што ў нас нараджаецца нацыянальная свядомасць і грамадзянская супольнасць? Бо заўсёды беларусаў абвінавачваюць у іншым — «мая хата з краю». Маўчаць, цярпець і праглынаць такія рэчы — гэта за межамі самапавагі, не толькі нацыянальнай, але і чалавечай.

←В суд направлено дело нелегальных проектировщиков

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика