Будаўнікоў у Мазыры прымусілі пагадзіцца на змяншэнне заробкаў. Або звальняцца

Источник материала:  
18.10.2016 17:41 — Новости Общества

На прадпрыемстве «Палессебуд», якое месціцца ў Мазыры, рабочых змусілі напісаць дамовы на змяншэньне на 20 адсоткаў платы па тарыфных стаўках. Гэткім чынам будаўнічая структура мяркуе выжыць у крызісны час.


Арыфметыка муляраў і маляроў

Акцыянернае таварыства «Палессебуд» мае ў сваёй структуры паўтара дзясятка прадпрыемстваў і арганізацыяў і вядзе будаўніча-мантажныя работы ў васьмі заходніх раёнах Гомельскай вобласці. Усяго ў таварыстве налічваецца звыш 1700 работнікаў самых розных спецыяльнасцяў.

У Калінкавічах на праспекце Міру мясцовыя і мазырскія будаўнікі даводзяць да ладу 50-кватэрны жылы дом. Тут і гутарым з малярамі і тынкоўшчыкамі.

«Прымушалі падпісваць угоду на змяншэнне тарыфаў, — тлумачыць будаўнік Аляксандар. — Не падпішаш — атрымлівай двухтыднёвую дапамогу і ідзі на ўсе чатыры бакі. І многія пайшлі. Бо заробкі ўпалі, настрой на нулі. Людзі наагул „забіваюць“ на працу».

«Вось тут мы, муляры, дарабляем ганак з пандусам. Маглі б сёння яшчэ папрацаваць. Але навошта? Старайся не старайся, а больш як трыста рублёў з невялікімі капейкамі не атрымаеш. Раней муляры, у пераводзе на цвёрдую валюту, каля тысячы даляраў атрымлівалі. Цяпер — 150 ці крыху болей. Такая арыфметыка», — падсумоўвае муляр перадпэнсійнага веку, які назваўся Мікалаем.


Калінкавічы. Дом на праспэкце Міру

Будаўнікі здзіўляюцца, што працуюць яны, як і раней, кожны божы дзень, а вынік расчароўвае.

«Ніхто б у тую Расію не паехаў, каб хоць пяцьсот рублёў зараблялі. А так застаюцца ў будаўнічых арганізацыях толькі старэйшыя альбо тыя, хто не можа з нейкіх прычынаў сям’ю пакінуць. Астатнія звальняюцца і з'яжджаюць альбо шукаюць нейкую іншую працу».

І мужчыны-муляры, і жанчыны-тынкоўшчыцы, якія завяршаюць работу над дзесяціпавярховым домам, у адзін голас цвердзяць, што сітуацыя з заробкамі істотна стала пагаршацца, калі «Палессебуд» ачоліў генеральны дырэктар Уладзімір Кузьма.

«Мы зараблялі, калі дырэктарам быў Валер Усікаў, — тлумачыць жанчына-маляр, якая не схацела называць сябе. — І аб’екты ў нас былі, і заробкі. А цяпер усе расцэнкі парэзалі. За гэтыя 300 рублёў трэба са скуры вылузвацца. Дый працу раяць самім шукаць. Мы ж у Калінкавічы з Мазыра прыехалі, з СПМК-42. І ў Брагін, і ў Хвойнікі ездзім».

У Мазыры будаўнікоў больш, чым працы

Генэральны дырэктар Уладзімір Кузьма ачоліў прадпрыемства «Палессебуд» летась. Да гэтага кіраваў «Гомельаўтадарам» і Мазырскім УМ-58.

«Прыходзілі да мяне сюды ў пагонах — рамонт у кабінеце зрабіў. А я ім кажу: „А тут хіба што-небудзь ёсць, што рабілі не мы? Усё нашы людзі рабілі — я ім працу даў. Стол — з „Гомельдрэву“, крэслы — з „Пінскдрэву“. Дык што не так? Калі ў кіраўніка будзе кабінет занядбаны, тады мы яго пачуем?».

Кузьма тлумачыць, што ягоныя перасоўныя механізаваныя калоны, які знаходзяцца ў Жыткавічах, Акцябрскім, Калінкавічах, Брагіне, Ельску, загружаны напалову. Усяго «Палессебуд» мае сёлета толькі 80 адсоткаў аб’ёмаў у параўнанні з папярэднім годам. Эканамічная сітуацыя не спрыяе будаўніцтву:

«Цяпер скарачаюць нават упраўленні капітальнага будаўніцтва ў райвыканкамах, і мы аптымізуем свае падраздзяленні: Ельскую ПМК далучылі да Мазырскай № 106, Брагінскую і Хвойніцкую — да Калінкавіцкай № 101. Пакінулі ў райцэнтрах толькі будаўнічыя ўчасткі. Адпаведна эканамічным паказнікам скарачаем і персанал, і ў першую чаргу — інжынерна-тэхнічны. Рабочым прапануем набываць сумежныя спецыяльнасці, па прынцыпе „майстар-хаўс“. Вядома, хто знаходзіць сабе лепшую працу ці не хоча перавучвацца, тыя пакідаюць арганізацыю».

Кіраўнік пацвярджае, што ў акцыянерным таварыстве сапраўды панізілі тарыфныя стаўкі, каб выжыць.

«Зэканоміць цяпер можна найперш на заробках і крыху на лагістыцы — больш няма на чым. Да чэрвеня падтрымлівалі ўзровень заробкаў, нават калі якая ПМК не зарабляла патрэбную суму. Цяпер такой магчымасці не маем.

Страчваем значныя грошы, каб выйграць тэндэр. Не скінеш дваццаць адсоткаў ад кошту аб’екту — не атрымаеш заказу. Дваццаць пяць мільярдаў недэнамінаваных рублёў страцілі толькі на тэндэрах. Але ж даём працу, даём магчымасць зарабіць. Калі ты кіроўца, прывёз на будоўлю матэрыял, то не сядзі, чакаючы, пакуль разгрузяць — дапамажы бардзюр укласці ці яшчэ што. Прараб запіша, не прападзе праца. Калі ты майстар, то кельму вазьмі, кубамэтар ці два сцяны ўзвядзі. Вось і прыробак».

У Мазыры, на думку Уладзіміра Кузьмы, ужо зашмат будаўнікоў на значна скарочаныя аб’ёмы будаўніча-мантажных работ. Апроч «Палессебуду», існуе домабудаўнічы камбінат, трэст № 6, дзве прыватныя будаўнічыя фірмы. Вяртаецца назад і «бартэр» — гэты натуральны від тавараабмену ў стасунках з заказчыкамі і субпадрадчыкамі, не падмацаваны грашыма. І сведчыць гэта, вядома ж, пра падзенне плацежаздольнасці беларускіх суб’ектаў гаспадарання. Шараговыя грамадзяне таксама не багацеюць.

«Мы не сядзім склаўшы рукі. Спрабуем будаваць і камерцыйнае жыллё, каб зарабіць альбо разлічыцца па бартэры. Але прадаць нават кватэру становіцца з кожным разам усё складаней», — заяўляе генеральны дырэктар.

І дадае, што ў цяперашняй няпростай эканамічнай сітуацыі імкнецца ўсімі магчымымі спосабамі трымаць сваю арганізацыю «на паверхні», а ў інтэрнэце пішуць пра яго ўсякую ўсячыну: «Пачытайце».

Мазырскі суд тры гады таму спаганяў з Уладзімера Кузьмы 35 мільёнаў рублёў маёмаснай шкоды на карысьць УМ-58, якую ён ачольваў.

У лістападзе 2014 году Камітэт дзяржкантролю па Гомельскай вобласці выявіў у дзейнасці РУП «Гомельаўтадар», якім кіраваў на той час Кузьма, значныя рэзервы эканоміі бюджэтных сродкаў на будаўніцтве аўтадарогі М-5 Менск — Гомель. Выдаткі на будаўніцтва гэтай магістралі праз высілкі кантралёраў скарацілі на 22,3 мільярда рублёў.

Дарэчы, у хуткім часе пасля той праверкі Ўладзімер Кузьма і вярнуўся ў Мазыр, дзе атрымаў пасаду генеральнага дырэктара «Палессебуду».

Дом як надзея, але не для ўсіх

У мазырскім мікрараёне Нараўшчызна «Палессебуд» сіламі ПМК-106 пачынае ўзводзіць 40-кватэрны камерцыйны дом, каб падмацаваць сваё фінансавае становішча. Як тое атрымаецца, загадваць складана з прычыны цяжкай агульнай эканамічнай сітуацыі.


Мазыр. Тут паўстане камэрцыйны дом

Пакуль на будоўлі вядуць закладку фундамэнту.

Цясляр Канстанцін, які мае за плячыма трыццацігадовы будаўнічы стаж, таксама падпісваў угоду на змяншэньне тарыфных ставак.

«Калі б не падпісаў, то праз два тыдні быў бы на вуліцы. Адразу папярэдзілі. А дзе цяпер працу знойдзеш, калі ўсюды скарачэнні? Не заробіш і 250 рублёў, якія тут маю», — скрушна разважае цясляр, шукаючы ў складзіку інструмэнтаў патрэбныя.

Прыкладна гэтак жа адклікаецца на сітуацыю і рабочы Аляксандар, заняты на выгрузцы бетону:

«Даводзіцца трываць — сістэма ўсюды аднолькавая, ва ўсіх будаўнічых арганізацыях. Няма належнага фронту работ. Раней гаспадарчых пабудоваў больш узводзілася, усякіх іншых аб’ектаў. І зараблялі ў тры разы болей. Мне б трэба было крэдыт узяць на большую кватэру, бо жыву з сям’ёю ў аднапакаёўцы. А не возьмеш — аддаваць няма чым».

←Фотофакт: женщина с веслом плавала по Свислочи в Минске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика