Дарогі горш за вясковыя. Магілёўцы чакаюць, калі адрамантуюць іх вуліцы побач з Першамайскай

Источник материала:  
12.10.2016 11:59 — Новости Общества

Жыхары вуліц Валгаградская і Краснадарская ў Магілёве пакутуюць з-за дрэнных дарог. Разам са старшынёй вулічкама Віталём Гардзеевым прайшліся па тутэйшых калдобінах і асабіста ўпэўніліся: у скаргах — ніякіх перабольшванняў.


Фото с сайта zviazda.by

Нават пры добрым надвор'і тут адчуваеш сябе не вельмі камфортна. А пас­ля даж­джу па ву­лі­цы Вал­га­град­скай ляг­чэй пра­плыс­ці, чым прай­сці.

— Я і ў гарадское ўпраўленне камунальных прадпрыемстваў звяртаўся, і на гарачую лінію тэлефанаваў, толькі ўсё безвынікова — адны абяцанкі, — абураецца Віталь Гардзееў. — У УКП мне нават адмовіліся паказаць графік планавых работ. Заявілі, што яго не існуе. Але ж я ведаю, што гэта няпраўда. Рамонт павінен быць ужо зроблены. Я разумею, што цяпер усюды цяжкае становішча. Але ж можна было растлумачыць гэта па-чалавечы.

Між тым абурэнне людзей ужо дасягнула свайго апагею. Жыхары вуліцы Валгаградскай пішуць калектыўныя заявы ў камунальныя службы і дэпутатам з заклікамі дапамагчы. Сорамна ў XXІ стагоддзі жыць у абласным цэнтры з дарогамі горшымі, чым у закінутай вёсцы. Некалькі гадоў запар вуліцу ўключаюць у планы на рэканструкцыю, а потым даюць адпіскі, што нічога не атрымалася. «Колькі яшчэ трэба чакаць?» — на гэта пытанне ніхто не дае прамога адказу.

— Нам ужо два гады абяцаюць зрабіць Валгаградскую, але замест гэтага возяць пясок і грэйдзіруюць, — кажа Наталля Суслава. — Дарога становіцца вышэйшая, а пасля дажджу пясок да нас у агароды бяжыць. Прыходзілася нават машыну за свае грошы наймаць, каб яго вывезці.

Маладая жанчына скардзіцца, што пасля дажджоў хоць гвалт крычы. Паміж дамамі № 34 і № 36 ёсць пажарная «кішэня». Там такія лужыны, што даводзіцца ісці, прыціскаючыся да плота. Насупраць яе дома № 24 таксама вялікая яма. Наталля кажа, што ўжо забыла, калі гуляла па вуліцы ў туфлях. Асноўны абутак — гумавыя боты. Пра тое, каб прайціся па Валгаградскай з малым дзіцем, нават няма і гаворкі. Каляска проста забуксуе.

— Нам абяцалі гэтым летам зрабіць планіроўку вуліцы і падсыпаць яе асфальтагранулятам. Па сутнасці, пакласці асфальт. Але нічога няма і невядома, калі будзе, — разводзіць рукамі старшыня вулічкама.

Ён дэманструе дакумент за подпісам намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкама, дзе напісана, што зрабіць, як планавалася, вуліцу Валгаградскую ў 2015 годзе не атрымалася, таму планы па яе падсыпцы асфальтагранулятам перанесены на 2016 год. Ёсць ліст ад 18 мая гэтага года, падпісаны генеральным дырэктарам Магілёўскага УКП, з удакладненнем, што рамонт плануецца зрабіць у чэрвені. Яшчэ адна справаздача з гэтага ж прадпрыемства паведамляе, што работы па падсыпцы Валгаградскай часткова выкананы ў ліпені.

Жыхары чытаюць лісты і абураюцца. «Прыязджаў нехта ў пінжаку з гальштукам, забег у некалькі дамоў, папярэдзіў, каб астатнім перадалі, што ямы залатаюць. Але далей гэтых абяцанняў справы не пайшлі», — сведчыць Наталля Суслава.


Не лепшая сітуацыя на вуліцы Краснадарскай. Віталь Гардзееў расказвае, што калісьці ў іх была добрая дарога. Але летась частка жыхароў вуліцы вырашылі зрабіць каналізацыю. Прыватная фірма праклала трубу, а тую гліну, што паднялі з зямлі, замест таго каб вывезці, проста разраўнялі па дарозе. Цяпер кожны раз пасля дажджоў на вуліцы гліняны патоп. Фірма спрабавала выправіць сітуацыю і схаваць сляды нядбайнасці пад прывезеным бутам. Але гэтым толькі пагоршыла і да таго не самае лепшае становішча дарогі. Цяпер, акрамя гліны, рухацца па дарозе перашкаджаюць камяні.

Тутэйшы жыхар Валерый Аднавераў прызнаецца, што нават на аўтамабілі стала ездзіць вельмі цяжка — як па пральнай дошцы.

Віталь Гардзееў прыгадвае выпадак, калі ў 80-гадовай жыхаркі вуліцы Краснадарскай прарвала ваду. Яе доўга не маглі перакрыць, таму што бутам быў засыпаны водаправодны калодзеж. Яго ледзь раскапалі пад 30-сантыметровым слоем. Потым дзеці гэтай жанчыны самастойна «падымалі» калодзеж на вышыню дарогі.

Самае крыўднае, што за сапсаваную дарогу з людзей яшчэ і грошы ўзялі. Яны былі ўпэўнены, што атрымаюць каналізацыю. Але яе няма па сённяшні дзень.

— Я асабіста звяртаўся на прыём ва УКП да намесніка генеральнага дырэктара, пытаўся, чаму яны не прасачылі, як фірма праводзіла работы, — кажа Віталь Гардзееў. — Яны абяцалі прыняць меры. Але ўсё засталося ў падвешаным стане. У афіцыйным адказе напісалі: «праезд забяспечаны». Што мелася на ўвазе — незразумела. Бо праехаць па нашых дарогах можна толькі на трактары.

— Комплексным планам добраўпарадкавання на 2016 год была прадугледжана падсыпка шэрагу вуліц асфальтагранулятам. Але гэта планавалася зрабіць у выпадку рэканструкцыі Мінскай шашы, — кажа генеральны дырэктар Магілёўскага гарадскога УКП Андрэй Кіблоў. — Менавіта зняты з гэтай дарогі асфальт планавалася выкарыстаць для падсыпкі Валгаградскай і іншых вуліц. Рэканструкцыя гэтага аб’екта пакуль не праводзілася, таму і падсыпка вуліцы Валгаградскай не адбылася. Дарожна-маставое прадпрыемства вымушана было зрабіць падсыпку пяском і прафілёўку.

Андрэй Кіблоў таксама абнадзеіў, што хутка павінна пачацца фрэзераванне Мінскай шашы і будзе зроблена падсыпка некалькіх ям на вуліцы Валгаградскай. «Каб зрабіць падсыпку на шырыню вуліцы, асфальтагранулята недастаткова», — удакладніў ён.

Ён таксама паабяцаў, што па вуліцы Краснадарскай будуць прыняты меры.

— Мы накіравалі ліст у фірму ВЭКОГазГруп з патрабаваннем прывесці ў адпаведнасць месца раскопак, — паведаміў Андрэй Кіблоў. — Калі гэта не будзе зроблена, фірма можа пазбавіцца дазволу на раскопкі, пакуль не ліквідуе недахопы.

На жаль, нічога новага з гэтых адказаў для жыхароў не прагучала. Бо калі паявіцца гэты вельмі дэфіцытны асфальтагранулят, не ведае дакладна нават галоўны кіраўнік гарадской камунальнай службы.

←Выбираем "Мистера Минского полумарафона - 2016"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика