Жыхары Віцебска працягваюць збор подпісаў супраць знішчэння парку Партызанскай славы

Источник материала:  
11.10.2016 09:22 — Новости Общества

У Віцебску 10 кастрычніка зноў збіралі подпісы супраць знішчэння часткі парку Партызанскай славы для будучага ўзвядзення Сафійскага сабора. Да гэтай прапановы гараджане далучылі і новую просьбу — не пераносіць музей Міная Шмырова і помнік Уладзіміру Караткевічу. Гэтыя два аб’екты плануюць змясціць у іншае месца, калі вуліцу Чэхава пачнуць пашыраць для будаўніцтва Паўночнага мосту.


Фота: Сяржук Серабро, «Народныя навіны Віцебска»

Збор подпісаў арганізавала каардынатар па стварэнні партыі БХД Таццяна Севярынец. Калектыўны ліст яна збіраецца накіраваць у Міністэрства культуры, Віцебскія гарвыканкам і гарсавет.

Гараджане пратэстуюць супраць будаўніцтва Сафійскага сабора ўжо не першы месяц. Прычын для гэтага, на іх думку, некалькі: у гістарычным цэнтры горада і так ёсць тры праваслаўныя храмы, пры гэтым у Віцебску не хапае школ і дзіцячых садкоў. Гараджане не ўпэўненыя, што на будаўніцтва знойдуць спонсарскія сродкі, і таму думаюць, што праект стане даўгабудам, на які давядзецца зарабляць грошы дабрачыннай працай на суботніках.

Віцябляне прапануюць перанесці будаўніцтва храма ў іншае месца — напрыклад, у новыя «спальныя» раёны, дзе няма цэркваў. Аднак гэтая ініцыятыва застаецца без ўвагі, хоць жыхары сабралі 5 тысяч подпісаў пад пэтыцыяй да мітрапаліта Паўла. Пакуль няма адказу і на калектыўны ліст, адрасаваны Аляксандру Лукашэнку, подпісы пад якім збіралі 26 верасня. Тады аргументы віцяблян прыйшоў аспрэчваць настаяцель будучага сабора пратаіерэй Міхаіл Марціновіч. Аднак кампрамісу ім дасягнуць не ўдалося.

На гэты раз паразмаўляць з гараджанамі выйшаў паслушнік віцебскага Маркавага манастыра Сергій. Ён паводзіў сябе з апанентамі карэктна, нават папрасіў даць яму падпісны ліст. Прадстаўнік манастыра прапанаваў жыхарам выступіць з альтэрнатыўным планам па добраўпарадкаванні парка Партызанскай славы. На ягоную думку, магчыма, тады ўлады разгледзяць перанос будаўніцтва сабора.


Фота: Сяржук Серабро, «Народныя навіны Віцебска»

Тэрыторыю, дзе плануюць узводзіць сабор, абнеслі плотам, аднак ніякай будаўнічай актыўнасці за ім пакуль не бачна. Мясцовыя жыхары спадзяюцца, што ім удалося спыніць будаўніцтва храма, дзеля якога думаюць знішчыць больш за 200 дрэваў.

Гараджане, якія выступаюць супраць знішчэння часткі парка, вырашылі збірацца каля помніка Уладзіміру Караткевічу кожны панядзелак — каб карэктаваць далейшыя супольныя дзеянні.

У сваім новым лісце віцябляне прапанавалі надаць мемарыялу ў гонар выбітнага беларускага пісьменніка статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

←Посол Италии о любимых белорусских дизайнерах

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика