У Гродна на вежы бернардынскага касцёла пачалі рамантаваць пагнуты ўраганам крыж
Крыж на вежы касцёла два месяцы таму пагнуў магутны ўраган, які прайшоўся па Гродна і вобласці. Канструкцыя, якой каля 70 гадоў (крыж усталёўвалі ў 1940-я пасля ваенных знішчэнняў), не вытрымала ветру і пакасілася. Зараз на завяршэнні вежы паставілі будаўнічыя рыштаванні, распавядае «Твой стыль».
Перад тым, як пачаць працы, прадстаўнікі храма адправілі паперы ў гарадскія органы, каб атрымаць дазвол. Як апынулася, працаваць можна было і без дазволу.
— Месяц мы чакалі адказу, а калі б ведалі, што не трэба дазволу, то пачалі б і раней. Зараз нашы дасведчаныя будаўнікі, якія займаліся рэканструкцыяй касцёлаў у Гродне, пачалі працу па аднаўленні крыжа. Праца складаная і небяспечная, але яны справяцца і неўзабаве выраўнаюць крыж, — сказаў пробашч Антоні Ханька.
Як мяркуецца, аднаўленне крыжа зойме некалькі дзён. Зараз будаўнікі усталёўваюць рыштаванні. Магчыма, у некаторых месцах ля крыжа ім прыйдзецца таксама расшываць бляху.