У Гродне з'явіўся пракат рэтра-скутараў: катаецца моладзь, закаханыя і фатографы
Пракат рэтра-скутараў працуе ў Гродне больш за месяц. Гарадзенец Максім падгледзеў ідэю ў Германіі і вырашыў набыць некалькі такіх стыльных мапедаў. Гарадзенцам навінка спадабалася, распавядае «Твой стыль».
«Ідэя не новая, проста ў нашым горадзе абсалютна не развітая. Я ўбачыў такія мапеды, калі нейкі час жыў у Еўропе. Мне яны спадабаліся сваёй незвычайнасцю, сваім рэтра выглядам, а рэтра цяпер у модзе. Мае мапеды не адрозніваюцца ад іншых: звонку маюць такі выгляд, а ўсярэдзіне сучасная японская Honda», — расказвае Максім.
Пракатам гарадзенцы карыстаюцца амаль штодня. Катаюцца ўсюды — куды фантазія завядзе. Мапеды разганяюцца да 55 км/г. Той хто арандуе, катаецца ў сваё задавальненне, а для Максіма галоўнае, каб мапед вярнулі ў спраўным стане. Кліенты пракату — моладзь, закаханыя пары, фірмы і фатографы. Кошт пракату за 2 гадзіны — 22 рублі, кожная наступная гадзіна — 5 рублёў.
«Ахвотных пакатацца шмат. Каб узяць мапед, неабходна пры сабе мець пашпарт, пасведчанне кіроўцы і добры настрой. Звычайна людзі тэлефануюць або пішуць, мы з імі дамаўляемся, дзе ім зручней узяць мапед. Часта выбіраем пляцоўку, дзе можна навучыць і распавесці, як што працуе».