"Няма ніякай Белай Русі, а ёсць Вялікая Літва". Някляеў прачытаў вершы ў цэнтры Мінска
Уладзімір Някляеў правёў у мінскім парку Янкі Купалы літаратурныя чытанні. Паслухаць паэта сабралася некалькі сотняў чалавек, сярод якіх былі вядомыя палітыкі, музыкі, актывісты. Мерапрыемства было прысвечана юбілею паэта: экс-кандыдату ў прэзідэнты 9 ліпеня споўнілася 70 гадоў.
Някляеў адзначыў, што заяўку на правядзенне чытанняў падаў у Мінгарвыканкам месяц таму. Ён нагадаў чыноўнікам, што такая традыцыя існавала ў Мінску нават у савецкія часы: каля помніка Купалу свае вершы чыталі Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Максім Танк, Пімен Панчанка і іншыя. Улады мерапрыемства не дазволілі. Адмовілі і з арэндай канцэртных залаў, у тым ліку — Дома літаратараў.
Уступнае слова было нядоўгім. Уладзімір Пракопавіч не аднойчы звяртаў увагу на тое, што мерапрыемства не палітычнае і на ім мусіць гучаць выключна паэзія. «Толькі вершы» — так і называецца кніга, з якой ён прачытаў першы верш — «Калыханка», прысвечаны Генадзю Бураўкіну.
Някляева змянялі кіраўнік незалежнага прафсаюза Генадзь Федыніч, музыкі Зміцер Вайцюшкевіч і Лявон Вольскі, а таксама Ян Казімір Вішнеўскі — сын мастака-графіка Уладзіміра Вішнеўскага. Яны чыталі вершы і спявалі песні.
Чытанні Уладзімір Някляеў скончыў вершам «Айчына», у якім нагадаў пра сувязь сучаснай Беларусі з Вялікім Княствам Літоўскім:
— Вы разлучылі дух з крывёю
І, абрусеўшы пад Масквою,
Пад назвай, дадзенай Масквой,
Не сталі нават маскалямі,
А толькі назваю адной —
І тая назва стала вамі.
…
Такіх падмен, такіх падманаў
Не ведаў ні адзін народ…
…Няма ніякай Белай Русі,
А ёсць Вялікая Літва!
І хітрая Літва малая,
Былая Жмудзь, пра тое знае,
Вялікая — не хоча знаць…
Мерапрыемства скончылася лозунгам «Жыве Беларусь!», калі пачаўся дождж. За тым, што адбывалася каля помніка Купалу, назіралі людзі ў цывільным, але ніякіх традыцыйных дзеянняў не прадыпрымалі.