"Беларусь выратуюць толькі беларусы". Уладзімір Някляеў у дзень 70-годдзя ўспамінае маладосць

Источник материала:  
09.07.2016 21:16 — Новости Общества

Уладзіміру Някляеву сёння 70. За гэты час ён паспеў скончыць тэхнікум сувязі ў Мінску, па размеркаванні папрацаваць на Сахаліне і там зразумець, што больш любіць капацца ў чалавечых лёсах, чым у тэхніцы. Таму пасля вяртання з Далёкага Ўсходу на так званую «вялікую зямлю» ён паступіў спачатку на філфак педуніверсітэта, а потым — у маскоўскі Літаратурны інстытут. «Мне тады было ўжо 25 гадоў і трэба было вызначацца, што рабіць далей», — кажа паэт, які сёння многім больш падаецца ці то палітыкам, ці то грамадскім дзеячам.

— Я — Уладзімір Някляеў. У мяне ёсць такая прафесія. Я добра ёй валодаю, і мяне з гэтай пасады ніхто зняць не можа. Таму я працую самім сабой, — тлумачыць ён.

TUT.BY вырашыў даведацца якую школу жыцця трэба было прайсці, каб працаваць Уладзімірам Някляевым, і адправіўся з пісьменнікам на прагулку па Мінску. Атрымалася шчырая размова, і амаль без палітыкі.


Як Уладзімір Някляеў на Юрыя Гагарына пакрыўдзіўся

Сустракаемся ля колішняга тэхнікума, а цяпер Акадэміі сувязі на вуліцы Петруся Броўкі. Менавіта сюды напачатку 60-х пятнаццацігадовы юнак Уладзімір Някляеў прыехаў вучыцца са Смаргоні.

— Я сюды памкнуўся праз тыя рамантычна-тэхнічныя павевы, якія гулялі ў тыя часы па краіне. Як раз Гагарын паляцеў у космас… Я, дарэчы, на яго пакрыўдзіўся за гэта, — сёння ўжо з гумарам прызнаецца Уладзімір Някляеў. Але тады ўсё было сур’ёзна. — Памятаю, у той дзень дырэктар сабрала ўсіх вучняў у школьным двары ля помніка Леніну і са шчырай радасцю прамовіла: «Дарагія дзеці! У нас свята: першы савецкі чалавек паляцеў у бязмежную вышыню — у космас». Усе крычалі: «Ура». А я ледзь не плакаў і думаў: «Госпадзі. Гэта не я. Мне ўжо першым не быць».

Пра тое, што ягонае жыццё будзе звязана з літаратурай, учорашні школьнік тады і падумаць не мог. У тэхнікуме акрамя агульна конкурсу Някляеў прайшоў яшчэ і дадатковы: хацеў патрапіць у прэстыжную групу ТР-22, дзе рыхтавалі будучых сувязных для войска. І шмат хто з аднагрупнікаў пісьменніка потым працаваў у арміі ці спецслужбах.

— Пакуль мы праходзілі базавыя дысцыпліны, у мяне было ўсё добра. Але калі пайшла спецыялізацыя, я вельмі хутка зразумеў, што гэта не мая парафія, — расказвае Уладзімір Някляеў. — З гэтымі словамі я тады прыехаў да бацькоў, кажу: «Выбачайце, памыліўся». Але маці не падтрымала: «Не павераць суседзі, што ты сам усё кідаеш. Падумаюць, што ты дурны. А мне сорамна будзе». І как б маці не расчароўваць, гэты тэхнікум ўсё ж такі дабіў. Хаця быў у кроку да адлічэння.


Адзін з яркіх студэнцкіх успамінаў Някляева — меню сталоўкі ў інтэрнаце: ліверка, батон, кефір, кансервы, сыр каўбасны.

— Мы бралі гарнір з нейкай катлетай. Звычайна — боршч які ды бульба з бясплатным тады хлебам. І ўсё, — прыгадвае Уладзімір Някляеў. — І вось аднойчы ядзім мы сваю бульбу з хлебам і тут у сталоўку заходзіць старшыня студэнцкага прафсаюзнага камітэта. Яму даплачвалі за гэту грамадскую дзейнасць. І ён узяў сабе суп і дзве пляшкі смятаны. Адну адразу прагна з’еў з хлебам, другую — усю ўліў у свой боршч. Нейкая зайздрасць з’явілася. І я тады сабе паабяцаў, што як толькі ў мяне з’явяцца грошы, зраблю тое ж самае.

Чакаць Някляеву давялося ажно да апошняга курса тэхнікума. Яго накіравалі на пераддыпломную практыку ў Брэст і заплацілі камандзіровачныя, якія ён спусціў у вакзальным рэстаране: на боршч і дзве шклянкі смятаны.

— Мне швейцар тамашні раіў перад абедам сто грам кульнуць. Я адмовіўся. І тут мне прыносяць замову. Я нават пасмакаваць нічога не паспеў, як мне рэзанула па страўніку, што прыйшлося бегчы ў прыбіральню. Па дарозе ўспомніўся і сыр каўбасны са сталоўкі, і кільку, і ліверку… І, здавалася, ўвесь той бруд, які я з’еў за апошнія гады, выйшаў з мяне. Калі я, збялелы, вярнуўся, швейцар зноў да меня падыйшоў са словамі: «Я ж табе казаў, што трэба было сто грам спачатку ўзяць».

Някляеў-стыляга: «У мяне былі настолькі завужаныя порткі, што я іх з мылам нацягваў»

Хутка пасля пераезду ад бацькоў і пачатку вольнага жыцця ў Мінску Уладзімір Някляеў пазнаёмўіся з так званай сталічный «залатой» моладдзю. У часы хрушчоўскай адлігі яны належалі да стыляг: выступалі супраць шэрасці савецкага ладу жыцця, насілі яркае адзенне і завужаныя штаны.

— У мяне былі настолькі завужаныя порткі, што я іх з мылам нацягваў, — успамінае Уладзімір Пракопавіч. — Камсамольскі патруль за намі сачыў. І неяк яны мяне злавілі ў парку, дзе зараз стаіць помнік Янку Купалу, і разрэзалі гэтыя штаны аж да калена. Ведалі б яны, колькі вагонаў з цэментам мне прыйшлося разгрузіць, каб набыць іх у фарцы.

У някляеўскім студэнцтве стыпендыя была ўсяго 14 савецкіх рублёў. Каб быць сапраўдным стылягам і насіць дэфіцытныя завужаныя порткі, гэтага, зразумела, не хапала. Таму будучы паэт быў вымушаны пасля заняткаў у тэхнікуме разгружаць вагоны на таварнай станцыі. Было цяжка, але плацілі добра.

Разам з новымі сябрамі Някляеў бавіў вольны час на мінскім «брадвеі». Так называлася частка праспекта ад паштамта да Плошчы Перамогі.

— Шмат часу мы праводзілі ў Ленінскай бібліятэцы. Там працавалі дзяўчаты, якія былі ў нас закаханыя. І таму яны прыносілі нам забароненыя на той час выданні са спецыяльных фондаў. У тым ліку замежную літаратуру.

Але Някляеў прызнаецца, што, нягледзячы на вольныя полгяды, антысаветчыкам у тыя часы ён не быў.

— У нашай групоўцы я не заўважаў асаблівага палітычнага павеву. Было непрыняцце савецкай рэчаіснасці, больш знешняе. Сама ідэя калектыўная нікім не аспрэчвалася, бо мы ўсе былі на гэтым выхаваныя, — расказвае Уладзімір Някляеў. — У мяне бацька быў сфармаваны сталінскім часам. Таму ні ў сям'і, ні ў асяродку ў мяне не было ўплыву, які б рабіў з мяне атысаветчыка. Непрымалася шэрасць і тупасць таго часу. Менавіта на гэтым будавалася наша ідэалогія.


Знакавае месца для паэта — прыступкі кінатэатра «Піянер» і пляцоўка ля Тэатра юнага гледача. Напачтку 60-х тут збіралася творчая моладзь і чытала свае вершы. У гэтай тусоўцы быў і Ніякляеў.

— І я кожны раз, калі праходжу міма, чую рэха ў вушах тых людзей, якія тут збіраліся. Гэта месца для мяне, калі не сакральнае, то вельмі дарагое.

Уладзімір Пракопавіч хацеў да свайго 70-годдзя аднавіць былую традыцыю і хоць адзін раз зладзіць тут літаратурную вечарыну. Мінгарвыканкам месяц разглядаў заяўку і вырашыў не рабіць такога падарунка паэту на юбілей. Афіцыйная прычына: не былі акрэслены крыніцы фінансавання і меры па ахове бяспекі.

Але ў 60-х тут, хоць і пад няглядам КДБ, можна было чытаць вершы. Нават тыя, што супярэчылі палітыцы партыі.

Менавіта тут Някляеў пазнаёміўся з усімі сучаснымі пісьменнікамі, з якімі потым у 80−90-х гадах працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва» і часопісе «Крыніца».

— Часопіс выходзіў на дзвюх мовах і прадаваўся па ўсім СССР. Гэта быў вельмі ўдалы і журналісцкі, і камерцыйны праект. І так можна было існаваць колькі заўгодна часу. Але мне ў нейкі момант стала гэта нецікава. Хацелася стварыць штосьці новае, нацыянальнае, беларускае.

Паступова старая каманда пачала сыходзіць на больш «цёплыя» месцы. Замест іх Някляеў запрасіў да сябе Уладзіміра Арлова, Валянціна Акудовіча, Алеся Разанава ды іншых.

— Я рэзка змяніў падыходы да выдання. Мне ўсе казалі, што я вар’ят, бо страчваў камерцыйны складнік рэдакцыі. Бо на ідэі беларускасці грошай было зарабіць немагчыма. Але грошы для мяне ніколі не былі чымсьці галоўным.

Літаратурнымі выданнямі Уладзімір Някляеў кіраваў да канца 90-х. Пакуль не пасварыўся с чыноўнікамі ад культуры і не з’ехаў на некалькі гадоў у эміграцыю.


Пра ласку савецкай удады і сучасны разлад з чыноўнікамі

Стыляжныя часы Някляева скончыліся разам са студэнцкім размеркаваннем. Яго накіравалі на Сахалін.

— І сёння я магу засведчыць, што той «універсітэт» не параўнаць больш ні з воднай вучэльнай, дзе я потым вучыўся. Я там займеў больш-менш адэкватнае разуменне краіны і часу, у якім мы жывем.

Менавіта на Далёкім Усходзе да Уладзіміра Някляева прыйшло асэнсаванне таго, што яму больш цікавы сам чалавек, чым тое, што ён робіць на працы.

— Чалавечыя лёсы з ніцямі, часам парванымі… Менавіта дзякуючы тым людзям, якіх я сустракаў падчас свайго размеркавання, я вырашыў звязаць сваё жыццё з літаратурай, — кажа Някляеў. — Там людзі зусім іншыя. Канкрэтныя. Многія з іх прайшлі праз лагеры, таму ва ўсіх — буйныя характары, моцныя лёсы. Паназірайце: мы перш, чым сказаць якое-небудзь талковае слова, «налузгаем» столькі семак… Нясем абы-што. І толькі потым прыходзім да чагосьці істотнага. А там на гэтую балбатню не было часу.

Свае ўражанні ад некалькіх гадоў на Поўначы пісьменнік потым апісваў у кнізе «Вынаходцы вятроў».

Пасля вяртання на «вялікую зямлю», у Мінск, Някляеў некалькі гадоў папрацаваў радыёмеханікам у тэлеатэлье. Але потым пайшоў вучыцца далей. Спачатку паступіў на філфак сталічная педуніверсітэта, а пасля — у Літаратурны інстытут у Маскве.

Малады пісьменнік стаў дасылаць свае творы ў літаратурныя часопісы — і партыйныя начальнікі адразу пачалі «працаваць» з творцам: запрашалі на сустрэчы, адзначалі на сходах, давалі граматы.

— Савецкая сістэма працавала вельмі старанна з культурнымі дзеячамі. Сёння такога няма. А тады пісьменнікам хацелі давесці, што ты патрэбны гэтай краіне. І гэта працавала эфектыўна. Ты пачынаў адчуваць сябе асобай. І я, прызнаюся, не прамінуў гэтай гульні ў абласкванне.

Ёсць у творчай біяграфіі Уладзіміра Пракопавіча і моманты, якія зараз ён, магчыма, і хацеў бы выкрэсліць. У сярэдзіне 70-х гадоў яму прапанавалі напісаць віншаванне ад моладзі Савецкага Саюза дэлегатам чарговага з’езда партыі.

— Мне не надта зручна тады было гэтым займацца. Але і адмовіцца нельга было. Бо тады б узніклі праблемы, — кажа Някляеў. — Мне за гэты ўчынак зараз ніякавата. Тым больш, што мяне папрасілі яшчэ і прачытаць свой верш на гэтым з’ездзе.

Урывак з верша Уладзіміра Някляева да XXV з’езду ЦК КПСС:

«За счастье не окончена борьба,

Мы готовы и к труду, и к бою.

Отечества великая судьба

Для всех нас стала личное судьбою.

Плыви, страна эпохи ледокола…"

— Напярэдадні я думаў, што чытану ім верш не пра тую «страну, которая плывет ледоколом», а пра тую, якая з-за гэтага патанае. Падумаць я падумаў, але зрабіць не змог. Гэта была сур’ёзная рызыка. І ў мяне на гэты ўчынак не хапіла сілы і мужнасці, — прызнаецца Някляеў.

Партыйным дзеячам, відавочна, спадабаўся верш. Бо потым, у 1979 годзе, паэту ўручылі прэмію Ленінскага камсамола Беларусі. А праз колькі гадоў ён стаў пераможцам конкурсу на лепшы верш для адноўленай залы славы ў пераходзе на Плошчы Перамогі.

Някляеў кажа, што спачатку не вырашаўся спрачацца з вопытнымі літаратарамі, якія падавалі свае заяўкі. Але сяброўка з гарвыканкама параіла паспрабаваць сілы.

— Тады сакратаром гаркама партыі быў Пятро Краўчанка, будучы першы міністр замежных спраў Беларусі. І ён прыйшоў на паседжанне, дзе падводзілі вынікі. І калі сталі абмяркоўваць мой тэкст, ён сказаў, што нягледзячы на вопыт удзельнікаў, трэба справядліва ўсіх ацэньваць. І, можа, гэтыя словы партыйнага начальніка спрацавалі.

На Плошчы Перамогі няма подпісу пад вершам Някляева. Але, кажуць, Васіль Быкаў неяк выправіў гэта і проста фламастарам вывеў імя аўтара. Зразумела, доказаў не захавалася.


Уладзімір Някляеў, бацька якога ваяваў на фронце, кажа, што да сёння цэніць подзвіг тых, хто прайшоў Вялікую Айчынную.

— Перад 9 Мая я патрапіў у шпіталь. І там мяне паклалі ў палату для ветэранаў. І напярэдадні свята прыйшлі дзеці да нас з віншаваннямі. Яны зайшлі і з парогу пачалі прамаўляць: «Дорогой ветеран, спасибо за наше счастливое детство!». Але тут настаўніца пачала мяне пазнаваць. Пабялела і кажа: «Ой, мы, кажется, не туда. Вы же против Победы?». Але я адказаў: «Давайце не перабольшваць. Я шмат супраць чаго. Але не супраць Перамогі». На гэтым яны выбачыліся і пайшлі да такога самага «ветэрана», як я, у суседнюю палату.

Назіраючы такую прафанацыю, Уладзімір Някляеў кажа, што ідэалагічна тэма Вялікай Айчыннай сябе вычарпала.

— Нам трэба рабіць акцэнт на гісторыі Беларусі, а не Савецкага Саюза. Але я ўпэнены, што гэта калісьці скончыцца натуральным чынам, — спадзяецца пісьменнік. — Сёння я жыву ў іншым космасе. Але калі б мне ў маладосці нехта сказаў, што ў мяне ўзнікнуць праблемы да ўспрымання Расіі, яе культуры і менталітэту тамашніх людзей, я б спрачаўся. Але быў гістарычны злом з пераасэнсаваннем таго, што адбываецца.

Па дарозе ад Плошчы Перамогі праходзім ля Адміністрацыі прэзідэнта. У 2011 Някляеў спрачаўся за месца ў гэтым будынку. Не выйшла.

Піьсменнік прызнаецца, што на першых выбарах у 1994 годзе галасаваў за Зянона Пазняка. А ад прапаванага месца ў камандзе Александра Лукашэнкі і магчымай пасады міністра культуры адмовіўся.

— Я разумеў, што Пазняка, які выступаў за адраджэнне у ненацыянальнай у тыя часы краіне, не выберуць. Але і ў каманду да Лукашэнкі я пайсці не пагадзіўся. Бо мы з ім былі знаёмыя, і я ўжо тады разумеў, што з гэтага выйдзе. Я ніколі ні за што трымаўся і намагаўся жыць хоць унутрана вальней, — кажа Някляеў. — І сёння Беларусь выратуюць толькі беларусы.


←Два человека погибли на пожаре в Мстиславском районе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика