"Над полем ільну чэрці не лёталі" - клічаўская майстрыца раскрывае сакрэты вышыванкі

Источник материала:  
02.07.2016 13:23 — Новости Общества

«Вышыванка ня можа рабіцца для благога. У ёй заўжды дабрыня» — Валянціна Нікіціна з Клічава шые беларускую адзежу. Прылавак з яе вышыванымі вырабамі мы знайшлі на пешаходнай магілёўскай вуліцы Ленінскай. Назва вуліцы моцна дысануе з тым, што бачым перад вачыма. Карціць Ленінскую назваць гэтак, як называлі яе здавён магілёўцы, — Ветраная. Надвячоркам народу на ёй процьма.


Клічаўская майстрыха Валянціна Нікіціна. Фота: svaboda.org

Рамяству вышывання Валянціну навучылі яшчэ бацькі. Тое, хто вышывае, кажа яна, пра кепскае думаць не мусіць.

На стале-прылаўку майстрыхі раскладзеныя паясы, вялікі выбар лялек-абярэгаў, ручнікі. Побач на шастку вывешаныя сарочкі-вышыванкі. Бел-чырвона-белая расфарбоўка асабліва кідаецца ў вочы.

«Белы колер — гэта ж колер чысціні, а чырвоны — само жыццё. Выходзіць, што гэтыя колеры азначаюць «Чыстае жыццё», — тлумачыць сваё разуменне ўлюблёнай беларускай колеравай гамы Валянціна Міхайлаўна.

«Вышыўкай я займаюся колькі сябе памятаю, — кажа яна. — У маім родзе ёю займаліся і родзічы па бацькавай лініі, і па матчынай. З маленства я назірала, калі яны сядзелі за сталом, як кладзецца нітачка ў мамы і, як у цётачкі. Прыкмячала, што яны па-рознаму кладуцца. Чаму, дзівілася, у адной голка слізгала па тканіне, а ў другой затрымліваецца. Чаму ў адной нітка скручваецца, а ў другой ідзе гладзенька…».

«Чаму?», — заінтрыгавана пытаю ў суразмоўніцы.

«Калі нітка блытаецца падчас вышыўкі, то гэты чалавек пражыве даўжэй. Такая прыкмета. Гэта не маё назіранне», — з усмешкай адказвае кабета.

«Як раней было? Збіраліся жанчыны ў адной хаце на свае вячоркі, як была паробленая праца па гаспадарцы. На комінку стаяла лямпа. Да яе бліжэй садзіліся вяскоўкі і вышывалі. Пазней, як з’явілася электрычнасць, садзіліся ўжо за сталом…».


Муж майстрыхі Васіль Мікалаевіч. Фота: svaboda.org

Аповед Валянціны Міхайлаўны перарвалі дзьве жанчыны, якія падышлі да яе прылаўку з дзецьмі.

«І гэта ўсё беларускае?», — з недаверам спыталі жанчыны.

«Так!», — адказала майстрыха.

«І напраўду гэтыя лялькі дапамагаюць ад дурнога вока?», — зноў з недаверам звярнуліся да Валянціны Міхайлаўны.

«Гэтак казалі нашы продкі, — адказала яна і дадала: — А гэта лялька, каб дабрабыт у хаце вёўся. А гэтыя лялькі: беларус і беларуска».

Дзеці настойліва даймалі дарослых, каб яны купілі хоць нешта. «А давайце, каб дабрабыту больш было», — ужо па-беларуску звярнулася да майстрыхі адна з жанчын.

«Як будзе ісці вуліцай яшчэ раз, то падыходзьце і ад мяне пачуць нешта новае пра наша беларускае», — на разьвітанне адказала Валянціна Міхайлаўна.

«У вышыванні ёсць таямніца, якую заклалі здавён нашы продкі. Паглядзіце колькі ў вышыўцы розных значкоў, — пасля гутаркі з пакупнікамі працягнула майстрыха. — Я абʼездзіла шмат вёсак і прыглядалася найперш, што закладзена ў ручніках. Сарочак-вышыванак я бачыла дужа мала. Захавалася ў мяне сарочка татава і свёкрава. Узоры, якія ёсьць на іх, нясуць цеплыню тых рук, што выткалі іх. Кожная з іх сапраўдны цуд».


Фота: svaboda.org

Суразмоўніца паказала ўзор, як выглядала сарочка ейнага таты на адной з сваіх лялек.

«Яна вясельная. А ляльку гэту завуць Міхась, як майго тату. У таты не было паяска, а я для лялькі зрабіла пад кожны колер. Іх на сарочцы пяць. На кожнай сарочцы з вышыўкай мае быць абавязкова простая палоска зверху да нізу. Гэта сымбаль бясконцага жыцця. Пажаданне доўгага веку. Ромбікі з кропачкай — гэта засеянае поле. А гэта ўжо дабрабыт. Кветкі на ручніках — гэта сымбаль яркага, шчасьлівага жыцця. Вы ж прыгледзьцеся да ручнікоў на вясеьлі. Не ўсё так проста», — крыху прыадкрыла журналісту таямніцу беларускага арнамэнту Валянціна Міхайлаўна.

«Для жанчыны вышыванка мусіць быць за абярэгам на руках і грудзях. Гэта святое. У мужчынскай сарочцы мусіць быць абярэг спераду і абавязкова ніз рукава. Абавязкова пояс мусіць быць. У мужчыны ён бароніць мужчынскі пачатак. Тое ж і ў жанчыны мае быць», — скончыла ўрок вышыванкі майстрыха.


Фота: svaboda.org

«Вышыванка не можа рабіцца для благога. Заўжды ў ёй толькі дабрыня. Вышываючы жанчына не мусіць думаць пра кепскае, — дадае майстрыха. — Таму, на вышываныя працы можна глядзець гадзінамі і вачэй не адвядзеш».

«Для нашага адзення бралася тканіна з ільну. Яна асаблівая: і ў холад грэла і ў спёку яна не дае перагравацца арганізму. У даўніну ж як казалі: „Над ільняным полі нават чэрці не лёталі“. Гэтая нечысць баіцца ільну. Наш беларускі лён нясе ачышчэнне, асвятленне; тое, што мусіць быць у чалавеку», — распавядае Валянціна.

Яна кажа, што ёй крыўдна, калі ў беларускай краме няма вырабаў з ільну. У Клічаў наагул ільну не прывозяць, там даводзіцца нямала ездзіць, каб прыдбаць гэтага матэрыялу. Тканіны ж з ільну для маіх сарочак, для вышыўкі і лялек наагул няма ў продажы. «Прадаўцы кажуць: „Няма. Едзьце ў Воршу на ільнозавод“. А як туды наездзіш? Дорага», — паскардзілася журналісту майстрыха.


Фота: svaboda.org

Валянціна Міхайлаўна даўно на пенсіі. Усё сваё працоўнае жыццё адрабіла педагогам. Цяпер разам з мужам Васілём Мікалаевічам свае вырабы возяць па фэстах нацыянальнай культуры, ці, як у Магілёве, выстаўляе на людных вуліцах.

Яна сябра Беларускага саюзу майстроў народных творчасці, а яе вышыванкі перамаглі на конкурсе «Вясновы букет».

Пытаюся, а чаму беларусы дапусьцілі, каб іхны нацыянальны строй страціў папулярнасць?


Фота: svaboda.org

«Мануфактура, відаць, у гэтым вінаватая. Беларусы хацелі выглядаць, як ім падавалася, прыгожымі. Як усе! Як тыя кураняты з аднаго гнязда!», — адказвае суразмоўніца і пасля роздуму дадае:

«На вялікі жаль, нашы кіраўнікі апранаюцца на нацыянальныя святы, як у звычайны будзень. У іх беларускасці і блізу няма. Аднак нам давялося аднаго пабачыць. Мы былі ў Дрыбіне, на фэсце „Дрыбінскія таржкі“, і да нас падышоў намеснік старшыні тамтэйшага райвыканкаму ў беларускім убранні. На яго было прыемна глядзець і хацелася гаварыць з ім. Тады падумалася: „Во, гэты чыноўнік прыйшоў у народ такім, якім мусіць быць выхадзец з народу“. Хочацца бачыць гэткае на кожным свяце. Каб кіраўнікі ішлі да народа з народа».


Фота: svaboda.org

На думку Валянціны Міхайлаўны, рабіць вышыванкі, не ведаючы беларускай мовы, не слушна. «Як не ведаеш мовы, то гэтае рамяство губляе гармонію. Да жалю, такая загана ёсць сярод майстроў гэтай справы. Трэба вучыць мову, каб адчуць напоўніцу радасць ад вышывання нацыянальнага арнаменту», — зазначыла суразмоўніца.

Валянціна Міхайлаўна і Васіль Мікалаевіч выгадавалі шасьцярых дзяцей. Трое дачок таксама перанялі матчына рамяство. З імі маці абмяркоўвае свае вырабы праз інтэрнэт.

«Любоў да вышыванкі мусіць прыходзіць з маленства. Я ніколі не забараняю малым, якія падбягаюць да маіх вырабаў, кранаць іх», — заўважае на развітанне Валянціна Міхайлаўна. 2 ліпеня майстрыца выяжджае «на гастролі» ў Менск на Дзень вышыванкі.

«Калі такая любоў з’явіцца, — зазначае яна, — тады ў кожнай беларускай сямʼі будзе вышыванка, якую будуць апранаць. Можа мы прыйдзем да гэтага праз такія, някідкія, лялькі-абярэгі. Я заўжды запрашаю дзетак у свой «музэй», як я называю свой прылавак, і кажу: «Заходзьце, глядзіце. Грошы за гэта не бяру. Дый экскурсавод сядзіць на месцы».

←Тысячи католиков собрались в Будславе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика