"У Гродне я зарабляю менш, але жыву лепшым жыццём". Як амерыканец прамяняў Штаты на Беларусь

Источник материала:  
23.06.2016 16:49 — Новости Общества

Брэнту 36 гадоў, ён родам са штату Індыяна. У Гродне ураджэнец заакіянскай краіны апынуўся дзякуючы каханню. Да прыезду ў Беларусь Брэнт нічога не ведаў пра гэту краіну, але праз год асвоіўся, знайшоў працу і нават трапіў у гарадзенскую каманду па амерыканскім футболе, паведамляе «Твой стыль».


«Калі прыляціць бацька, то пакажу яму Фарны касцёл і Каложу»

Каб даказаць каханне да сваёй любай, Брэнт у 2015 годзе прыляцеў у Гродна на вучобу ў школу рускай мовы ва ўніверсітэце. Менавіта ў Беларусі амерыканец зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне. Неўзабаве маладыя пажаніліся.

«Калі мы даведаліся, што ў нас будзе дзіця, мы доўга вырашалі, дзе будзем жыць. У нас быў выбар: калі не спадабаецца ў Беларусі, паедзем у Штаты. Але з часам аказалася, што ў Беларусі лепш, чым я чакаў. Можна сказаць, я палюбіў Гродна».

Вялікую ролю ў выбары месца пражывання мелі ўмовы дэкрэтнага адпачынку: у Штатах жанчына вяртаецца на працу праз шэсць тыдняў пасля родаў, у Беларусі ж можа даглядаць дзіця тры гады. А для Брэнта галоўнае было, каб яго дзіця больш часу праводзіла з мацi.


«Мне спадабаўся Гродна, бо тут шмат гісторыі. Гарады ЗША зусім маладыя, там няма таго, што ёсць у Гродне. Хутка да нас у госці прыляціць мой бацька, я яму пакажу ў першую чаргу Фарны касцёл, Каложу, таксама мы паедзем у Мірскі і Нясвіжскі замкі».

«У параўнанні са Штатамі - Беларусь вельмі танная краіна»

Брэнт кажа, што большасць людзей у Амерыцы нават і не ведае пра Беларусь як асобную краіну. Многія думаюць, што гэта ў Расіі. Але, пажыўшы ў Гродне, Брэнт пераканаўся, што Беларусь — цалкам асобная і стабільная краіна, якая яму падабаецца.

«У параўнанні са Штатамі, Беларусь вельмі танная краіна. Я працую ў Гродне мэнэджарам па продажах і маркетынгу і атрымліваю менш грошай, чым у Амерыцы, але жыву лепшым жыццём».


Для амерыканца, які жыве ў Гродне ўжо год, самае дзіўнае тое, што на вуліцы ніхто яму не ўсміхаецца ў адказ і не кажа «прывітанне», як гэта прынята рабіць за акіянам.

«Ты лепшы за нашага кватэрбэка, далучайся»

«Многія ўяўляюць амерыканцаў тоўстымі і лянівымі, але мне падабаецца ламаць гэтыя стэрэатыпы: я сапраўдны амерыканец, і я люблю спорт». Брэнт не толькі бегае раніцай. Пасля пераезду ў Гродна ён стаў членам аматарскай каманды па баскетболе, а потым наогул трапіў у каманду па амерыканскім футболе. Знаёмства Брэнта з «Варварамi» прайшло на Фестывалі нацыянальных культур. Амерыканец далучыўся да футбалістаў і паказаў, што ўмее добра пасаваць. Тады яму сказалі: «Брэнт, ты лепшы за нашага кватэрбэка, далучайся».


«Калі я вучыўся ў школе, то гуляў за школьную каманду і быў там прымаючым. Узровень беларускіх каманд — такі ж як у добрых каманд у старэйшай школе ЗША. Але вось узровень каледжа ўжо нашмат вышэйшы».

Брэнт лічыць, што гарадзенскай камандзе ёсць да чаго імкнуцца і ён паспрабуе ім у гэтым дапамагчы. За «Варвараў» амерыканец правёў ужо адну гульню. Тады гарадзенцы прайгралі лідару чэмпіянату — «Рысям». Брэнт не хвалюецца з-за няўдалага дэбюту і ўжо з нецярплівасцю чакае чарговай гульні, дзе ён зможа вярнуцца ў свае школьныя гады і паказаць, на што здольны.

←Российские десантники примут участие в параде в Минске на День Независимости

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика