Адраджэнне. Ратушны сквер зьбіраюцца закласці ў Крычаве
У Крычаве збіраюцца закласці Ратушны сквер, які мае нагадваць пра часы Магдэбургскага права. Чыноўнікі з райвыканкаму адводзяць пад сквер месца, дзе, як яны мяркуюць, якраз стаяла ратуша.
Цяпер непрыкметную пляцоўку, на якой разрасліся таполі, засланяюць праваслаўная царква Ўваскрасення Хрыстовага і ваенкамат. Насупраць царквы — помнік Леніну.
Пляц, дзе магчыма, стаяла ратуша
Начальнік аддзелу ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Крычаўскага райвыканкаму Вадзім Рыськоў, апавядаючы пра ідэю закласці Ратушны сквер, згадаў круглы стол, за якім прадстаўнікі ўлады, грамадскасці райцэнтру, а таксама гісторыкі з Магілёва абмяркоўвалі адраджэнне гістарычнага аблічча гораду. Суразмоўца нагадаў, што сёлета Крычаў адзначыць 880-годзьдзе.
«На згаданым круглым стале прагучалі прапановы ўвекавечыць гістарычны перыяд нашага гораду, звязаны з Магдэбургскім правам. Яго наш горад меў, і някепска ў той час развіваўся», — кажа Вадзім Рыськоў.
Магдэбургскае права Крычаў атрымаў у 1633 годзе. Пасля прыходу расейцаў царыца Кацярына ІІ падарыла ў 1776 годзе Крычаўшчыну свайму фаварыту Рыгору Пацёмкіну. Ён скасаваў магдэбургскае самакіраванне ў Крычаве, а мяшчанаў зрабіў прыгоннымі.
«Стварэнне Ратушнага сквер сталася б адраджэннем гістарычнай рэчаіснасці. Я высвятляў, і, па-мойму, скверу ці парку з такой назвай у Беларусі няма, — заўважае дзяржаўны службовец. — На месцы, прапанаваным для сквер, у 17-18 стагодзьдзі стаялі, як сведчаць дакументы, ратуша ды будынкі гарадскога магістрату. Гэтая мясціна цяпер дагледжаная: там растуць таполі. Але калі б там закласці парк, то ён пацягнуў бы за сабой развіццё як унутранага, гэтак і знешняга турызму».
На думку суразмоўцы, Ратушны сквер стаўся б адметнасцю Крычава. Разам з ужо вядомым палацам Пацёмкіна Ратушны сквер, кажа чыноўнік, дапамог бы развіць турыстычны патэнцыял гораду.
Фото Палац Пацёмкіна
«Мне думаецца, можа я і памыляюся, акцэнт больш варта ставіць на турыстаў з краінаў Балтыі. Расейскія турысты, безумоўна, для нас цікавыя, але Ратушны сквер і мясціны, звязаныя з традыцыямі магдэбургскага права, для іх не дужа будуць цікавымі. У іхняй жа гісторыі не было, па-сутнасці, Магдэбургскага права. А вось для турыстаў з Эўропы гэта было б цікава», — дадае Вадзім Рыськоў.
«Пагатоў, апошнім часам Еўропа да нас пачала ставіцца больш прыязна. Санкцыі знялі з нас. Мы часцей сталі ўдзельнічаць у розных міжнародных імпрэзах і сустрэчах. Гэта ж выдатна. Сваімі інавацыямі мы б таксама маглі прыцягнуць турыстаў, паўтаруся, з тых жа краін Балтыі. Ажывіўся б турыстычны абмен між нашымі краінамі і гарадамі», — кажа начальнік аддзелу.
Увесь комплекс працаў на Ратушны сквер вымагае прыкладна паўтара мільярда рублёў. Паводле Вадзіма Рыськова, райвыканкам шукае спонсараў.
Пра аднаўленне самой ратушы гаворкі пакуль няма. Аднак начальнік ідэалагічнай працы лічыць, што такі праект быў бы для Крычава выдатным падарункам.
«Пра гэта я пакуль толькі мару, але ратуша была ж у Крычаве. Гэта гістарычны факт, а ня выдумка, — кажа дзяржаўны службовец. — Але пакуль што мы шукаем мецэнатаў для нашых праектаў. Знайсці іх цяпер ня проста».
Паводле Вадзіма Рыськова, праект Ратушнага скверу яшчэ ў накідах. Плануецца, што цэнтральнае месца ў скверы зойме помнік з гарадскім гербам і памятнымі датамі гісторыі Крычава.
На думку знаўцаў мясцовай гісторыі, пра тое, дзе ў Крычаве была ратуша, пэўных звестак няма. Крычаўскія архівы ў свой час былі вывезеныя ў Маскву. Там яны захоўваюцца дагэтуль. У тых дакументах, спадзяюцца краязнаўцы, ёсць звесткі і пра месца, дзе стаяў будынак ратушы.
Круглы стол, пра які згадаў Вадзім Рыськоў, адбыўся ў Крычаве летась 21 лістапада з ініцыятывы абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы. Гэта была адна з шэрагу сустрэч, наладжаных грамадскімі актывістамі і гісторыкамі на тэму «Магдэбургскія традыцыі на Магілёўшчыне». За круглымі сталамі папулярызацыю традыцыяў магдэбургскай гісторыі абмяркоўвалі ў гарадах рэгіёну, якія мелі еўрапейскае самакіраванне. Сярод іх Шклоў, Мсціслаў, Чавусы, Чэрыкаў, Бялынічы, Крычаў, Горкі, Бабруйск.
Арганізатары круглых сталоў кажуць, што з гледзішча магдэбургскай гісторыі Горкі і Бабруйск застаюцца амаль недаследаванымі. Горкі шмат для каго асацыююцца найперш зь сельгасакадэміяй, а Бабруйск — з крэпасцю, падчас пабудовы якой быў знішчаны гістарычны цэнтр гораду.
Алесь АСІПЦОЎ