У Магілёве дзве школы набіраюць беларускамоўныя першыя класы
У Магілёве сёлета на базе дзвюх школ набiраюць першыя класы з беларускай мовай навучання. Першакласнікаў гатовыя прыняць сярэдняя школа № 1 (яна ў цэнтры гораду) і № 34 — гэта навучальная установа ў магілёўскім Задняпроўі.
Абвесткі пра набор беларускамоўных першакласнікаў з'явіліся ў гарадскіх газетах і на інфармацыйных стэндах у фае школ. Акрамя першакласнікаў ў школе № 1 вядзецца набор у сёмы клас, дзе вучыцца па-беларуску адно дзіця.
У гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН дырэктар школы № 34 Ігар Якіменка выказаў сваё бачанне стану беларускамоўнага навучання, ягоных перспектыў ды праблем.
Ігар Якіменка, настаўнік матэматыкі і фізікi, пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік году-2004”, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, мае катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Стаж педагагічнай дзейнасці — з 1991 году. |
— Ігар Віктаравіч, у Магілёве не было класаў з беларускай мовай навучання больш за дзесяць год. Навошта школе, якой вы кіруеце, клас з беларускай мовай навучання?
— Беларуская мова — наша родная мова. Да жалю, здаецца, яна ўключаная ў спіс моваў, якія знікаюць. Давайце разам зробім так, каб наша мова не знікла. I давайце зробім гэта прыгожа, каб нам не даводзілася выконваць ультыматыўных патрабаванняў. Тады стварэнне ўмоў для беларускамоўнага навучання будзе адным з кампанентаў камфортнага жыцця нашага грамадства.
А цяпер, дазвольце, ваша пытанне я сфармулюю крыху іначай. А ці патрэбна беларускамоўнае навучанне грамадству, гораду, краіне? Як думаеце? Патрэбна! Тады чаму ня мы? Гэта першае. Па-другое, класы з беларускай мовай навучання, як і з рускай, фармуюцца па жаданні бацькоў.
Падручнікі на беларускай мове існуюць. Іх ня трэба выдумляць, а толькі трэба даставіць у школу. Навучальныя планы таксама распрацаваныя. Пакоем для размяшчэння класа мы забяспечым. Ён будзе невялікі, паводле санітарных нормаў. Пакуль што ў ім змогуць працаваць з настаўнікам да шасці вучняў.
Падкрэслю, гэта будзе першы клас пачатковай школы, які будзе мець назву: “Мы гаворым па-беларуску”. Адчыніш дзверы, а там усё аформлена на беларускай мове. І апошняе — настаўнік. Яго будзем падбіраць у залежнасці ад схемы фармавання класа.
— А якія праблемы існуюць у фармаванні класаў з беларускай мовай навучання?
— Тэхнічных перашкодаў я ня бачу. Задача ў тым, каб бацькі захацелі аддаць сваіх дзяцей вучыцца на беларускай мове. Клас фармуецца, калі ласка, прыходзьце і пішыце заявы. У кожнай школе і дашкольнай установе гораду вісяць аб’явы пра тое, што такія класы адкрыюцца. Aдна заява ўжо ёсць, мы і будзем ад гэтага адштурхоўвацца.
— Ці дзейснае навучанне, калі ў класе адно дзіця?
— Калі дзіця вучыцца адно, то яно адно...
Я б прапанаваў iснуючы падыход. Няхай гэты маленькі чалавечак навучаецца з дзецьмі ў класе з рускай мовай навучання. Ён ходзіць з гэтымі дзецьмі, напрыклад, на урокі фізічнай культуры, спеваў. (Думаеце, у беларускамоўным класе спяваць будуць толькі беларускія песні? Не! Ёсць праграма. У класе з рускай мовай спяваюць і беларускія песні.) Далей, урокі працы, на іх больш робяць рукамі, а не мовай.
А калі падыходзіць час спецыфічных прадметаў, напрыклад, матэматыкі, то калі ласка, увесь клас пайшоў на “математику”, а дзіця з беларускай мовай выкладання — на “матэматыку”. Колькасць гадзін аднолькавая. А тэрміналогія, вы нават не уяўляеце, наколькі розная. Урокі беларускай мовы — колькасць гадзін аднолькавая, настаўнікі працуюць розныя.
Пры такім падыходзе нам трэба будзе мець не два камплекты настаўнікаў, а паўтара.
— А як сталася, што ў Магілёве заняпала беларускамоўнае школьніцтва?
— Я не магу на гэтае пытанне адказаць, бо не займаўся яго вывучэннем. Мяне чытаць, размаўляць i думаць па-беларуску навучыла мая школьная настаўнiца. Напэўна, не ва ўсiх была такая настаўнiца.
— Ігар Віктаравіч, як думаеце, у цяперашняй прававой сітуацыі ці мусіць настаўнік у роўнай ступені валодаць і беларускай, і рускай мовамі, каб аднолькава якасна выкладаць прадметы на дзвюх гэтых дзяржаўных мовах?
— Настаўнік, які выкладае на беларускай мове, мусіць сур’ёзна ведаць методыку беларускамоўя. Распыленне на беларускую і рускую мовы дужа ўсё пераблытае. Калі ж ад бацькоў ёсць запыт на беларускамоўнае навучанне — наш абавязак знайсці для іхных дзяцей квалiфiкаванага настаўніка.
— А ці ёсць у школе кваліфікаваныя кадры, здольныя вучыць дзяцей па-беларуску?
— Сярод настаўнікаў пачатковай школы ёсць спецыялісты, якія працавалі ў вясковай школе. А гэта азначае, што яны валодаюць методыкамі выкладання ўсіх прадметаў на беларускай мове. Прычым гэтыя настаўнікі маюць розную дадатковую адукацыю. Гэта азначае, што яны не толькі здольны выкладаць школьныя прадметы, але могуць звярнуцца да дзяцей з іншымі тэмамі на занятках.
Другі ракурс. Дапусцім няма настаўнікаў, здольных выкладаць прадметы на беларускай мове. Але ж настаўнікі — гэта спецыялісты, здольныя хутка вучыцца. Яны здольныя мяняць свае падыходы, бо выбралi прафесiю настаўнiка, якая вымагае гэтага.
— Дык ці ёсць будучыня ў беларускамоўнага навучання, як мяркуеце?
— Ёсць!
Мы падбіраем настаўніка, распаўсюджваем інфармацыю. Днямі прайшоў сюжэт па тэлебачанні пра магчымасць у Магілёве вучыцца на беларускай мове. Будзем ствараць музей школы і афармляць яго напаўненне на беларускай мове. Ужо ягоны накід ёсць. Такім чынам ствараем асяроддзе. Калі ласка, прыходзе, вучыцеся.
У вынiку: звярнуўся да цябе чалавек на беларускай мове, перайдзі на беларускую мову, і ён будзе рады, што знайшоў суразмоўцу. Гэта тое, што мы б хацелі дзецям даць у школе — далейшы ход іхнага жыцця таксама ня просты. Ва ўніверсітэтах іх жа будуць вучыць на рускай мове — яна таксама спатрэбiцца.
— З вашых слоў вынікае, што дзеці, адвучыўшыся на беларускай мове, будуць пазбаўленыя магчымасці працягваць навучанне на той жа мове? Гэта праблема сапраўды актуальная!
— Давайце мы ня будзем забягаць наперад. Мы, напэўна, і пачынаем гэту працу для таго, каб за дзесяць год веерам развілася ўжыванне беларускай мовы.
— Дык універсітэты ж не выпускаюць настаўнікаў, скажам, матэматыкі, фізікi, якія б вучылі гэтым прадметам на беларускай мове? Усё залежыць, хутчэй, ад іхнага жадання асвоіць мову, каб выкладаць гэтыя прадметы?
— Дык такія беларускамоўныя настаўнікі працуюць у сельскіх школах. У іх праблемаў з выкладаннем няма. Давайце ад’едзем ад Магілёва на два-пяць кіламетраў і пабачым там беларускамоўныя школы.
Вiдаць, можна было б вазіць дзяцей, якія хочуць вучыцца па-беларуску, у такія прыгарадныя школы, аднак у бацькоў ёсць права прапаноўваць стварэнне беларускамоўных класаў у горадзе.
Нарэшце ў Мінску, Горадні існуюць беларускамоўныя навучальныя установы. У Асіповічах — беларускамоўная гімназія.
— Пытанне, аднак, ці выкладаюць настаўнікі ў вёсках тыя ж матэматычныя прадметы сапраўды па-беларуску?
— Не магу сцвярджаць нi «так», нi «не».
Я, напрыклад, выкладаў інфарматыку ў школе на беларускай мове амаль тры гады. Перавучыўся і выкладаў для вучняў гарадской 23-й школы. Гэта было ў 1991-93 гадах. Вучні былі 5-6 класаў. Выкарыстоўвалiся падручнікі на беларускай мове. Тады быў перыяд уздыму беларускай мовы, і за выкладанне на беларускай мове я нават атрымлiваў даплату. Гэта таксама істотна было для настаўніка.
У кожны перыяд гісторыі, аднак, свае патрабаванні. Калі ў 1993 годзе гэта быў слушны падыход (маю на ўвазе даплату за выкладанне на беларускай мове), то на сёння, я лічу, што такі падыход мусіць карэктавацца. Патрабаванні часу іншыя.
— Калі ў беларускамоўнага навучання ёсць будучыня, то чаму бацькі не пішуць заяваў, каб іхных дзяцей вучылі на беларускай мове?
— А мы яшчэ пакуль нікога «персанальна» не запрашалі...
Пададзена адна заява з гатоўнасцю вучыцца ў беларускамоўным класе. Канстытуцыйнае права гарантуе навучанне па-беларуску. Кодэкс аб адукацыі дае такую магчымасць. Жаданне бацькоў, напэўна, стымулюе веданне канстытуцыйных правоў, нарматыўных дакументаў. Чаму тады нам не ўзяцца за ажыццяўленне гэтага патрабавання. У прынцыпе — гэта вялікая, пакуль незапатрабаваная ніша. Трэба толькі напрацаваць досвед, i такія класы мусяць быць.
Алесь АСІПЦОЎ