На сястру Васіля Быкава ўчынены напад, яна ў рэанімацыі
Невядомыя здзейснілі напад на Валянціну Быкаву — сястру вядомага беларускага пісьменніка Васіля Быкава. Амаль 90-гадовая жанчына знаходзіцца ў рэанімацыі ва Ушацкай райбальніцы.
Пра здарэнне паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook журналіст і грамадcкі актывіст Глеб Лабадзенка.
«Патэлефанавала яе (Валянціны Быкавай. — Заўв. TUT.BY) суседка, распавяла жах, у які цяжка паверыць. Учора зранку Валянціна Уладзіміраўна пачула нейкі шум у бакоўцы, выйшла паглядзець, у гэты момант атрымала моцны ўдар. Стала крычаць, нападнік стаў заціскаць ёй рот. У выніку зламаў некалькі рабрынаў і руку. Яна здолела выклікаць хуткую, цяпер яна ў рэанімацыі Вушацкай лякарні. У яе ўжо былі следчыя, міліцыя і кіраўніцтва райвыканкама. Удар быў ззаду, таму яна не пабачыла і не запомніла нападніка. Як сказала суседка, з хаты нічога не прапала — нападніка нешта спужала і ён уцёк. Іншых падрабязнасцяў суседка не паведаміла. Заўтра яна ідзе пераведваць Валянціну Уладзіміраўну, тады занясе ёй тэлефон і будзе магчымасць з ёй пагутарыць. У ліпені Валянціне Уладзіміраўне споўніцца 90 год».
Валянціна Быкава жыве адна ў сваёй хаце ў вёсцы Ваўчо, гэта прыкладна ў 2 км ад райцэнтра Ушачы. Неглядзячы на паважаны ўзрост, становіцца госцей розных імпрэз, звязаных з нацыянальнай культурай. У прыватнасці, яна штогод прыязджала на цырымонію ўручэння прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава ў вёску Бычкі Ушацкага раёна, дзе прайшло дзяцінства вядомага літаратара.