У Віцебску хочуць правесці парад вышыванак

Источник материала:  
28.05.2016 08:15 — Новости Общества

Ад парада вышыванак і фестывалю нацыянальнай кухні да «Свята ветру» і 1000 вершаў пра родны горад: 26 мая ў Музычнай гасцёўні ў Віцебску прайшла прэзентацыя «Кірмаша праектаў», які мусіў акумуляваць ідэі святкавання сёлетняга Дня горада.


Гарвыканкам на сустрэчы прадстаўляла загадчыца аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Наталля Шыянок. Яна сказала, што задача падобных мерапрыемстваў не ў тым, каб задаволіць чыесьці амбіцыі, а каб падарыць людзям радасць, каб ім было весялей жыць.


На кірмашы прадставілі 6 праектаў, датычных святкавання Дня горада. Яшчэ адзін, сёмы, да ўрачыстасцяў не адносіцца, а звязаны са спробай Віцебска трапіць у Кнігу рэкордаў Гінэса.


Два праекты прысвечаныя танцам. Так, творчае аб’яднанне «Блукаючыя агеньчыкі», якое прадстаўлялі сёстры Цярэнцьевы, прапанавала спалучыць народныя танцы на вуліцы з фаер-шоу. А школа танцаў Dancing Fish хоча правесці танцавальны опэн- эйр для тых, хто цікавіцца сацыяльнымі танцамі.


Ад віцебскага фатографа Аляксея Карасёва паступіла прапанова правесці гарадскі фотазлёт. Падчас гэтага мерапрыемства, па задумцы арганізатараў, фатографы, мадэлі і візажысты горада будуць мець магчымасць сустрэцца, абмяняцца досведам, навучыцца супольнай працы. Вынікі сустрэчы можна прадставіць на фотасушцы.


Прапанова правесці ў Дзень горада фестываль нацыянальнай кухні прагучала ад Андрэя Лапіна. Ён прапануе паспрабаваць высветліць, якія стравы былі любімымі ў вядомых віцяблян — Юдэля Пэна, Марка Шагала, Лазара Лагіна — і прадставіць іх на кулінарным фэсце. Праўда, як прызналіся ініцыятары, да Дня горада яны могуць не паспець падрыхтаваць такі маштабны праект.


Анастасія Балотнікава ад культурнай супольнасці VITEBSK4ME нагадала пра «Свята ветру». У 2006 годзе гэты фестываль паветраных змеяў на Касцюковай гары ля Альгова разагнала міліцыя, праект заняпаў, але быў адроджаны ў мінулым годзе. Акрамя конкурсу паветраных змеяў, сёлета на свяце плануюць правесці фры-маркет, канцэрт, кінапаказ кароткаметражных фільмаў, а для дзяцей арганізаваць гульнявую зону.


Ганна Хлопцава прапанавала адразу 3:1: фестываль «Таямніцы майстэрства» для майстроў хэндмэйд, свята вышыванкі з парадам-дэфіле па горадзе і фэст вегатарыянскай ежы. Да парада вышыванак арганізатары плануюць далучыць усіх жадаючых, якія не толькі самі робяць такія строі, але, напрыклад, маюць вопратку, якая засталася ў спадчыну ад бабуль.

У Віцебску праводзіўся парад дзяўчат у вясельных сукенках, і гэты досвед можна выкарыстаць і для марша вышыванак.


Апошнюю прэзентацыю — праект «1000 вершаў пра Віцебск» — прадставіў Сяргей Пятроў. Арганізатары плануюць правесці 16 ліпеня вершаваны марафон, калі цэлы дзень запар будуць чытаць вершы пра наш горад. Падзея можа трапіць у Кнігу рэкордаў Гінэса, а зараз трэба сабраць неабходную колькасць твораў.




 

←Город атомщиков в Литве превращается в город пенсионеров

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика