Беларускія праекты ў Венесуэле: жылля будуем менш, трактароў і МАЗаў не прадаем зусім

Источник материала:  
20.05.2016 19:09 — Новости Общества

Эканамічны крызіс у Венесуэле, спароджаны як падзеннем сусветных коштаў на асноўны венесуэльскі тавар — нафту, так і каманднымі метадамі кіравання, перайшоў у фазу вострага палітычнага крызісу.


На сценах — «аўтографы» Чавеса і Мадуры. Фота: bzs.by

У мінулую пятніцу прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура ўвёў надзвычайнае становішча, якое прадугледжвае пашырэнне прэзідэнцкіх паўнамоцтваў і ўзмацненне ролі сілавых структур. Але гэта толькі падштурхнула хвалю пратэстаў тых венесуэльцаў, якія дамагаюцца адстаўкі Мадуры і сабралі за правядзенне рэферэндума аб імпічменце ўжо больш за 1,8 мільёна подпісаў. Раней у краіне ўвялі ліміты на электрычнасць, з’явіўся дэфіцыт прадуктаў харчавання, пачаліся пагромы крам, ёсць факты марадзёрства.

Як жывецца ў Венесуэле беларусам, якія працуюць там на сумесных будоўлях і прадпрыемствах? Ці не спынілася рэалізацыя праектаў беларуска-венесуэльскага супрацоўніцтва?

У амбасадзе Беларусі ў Венесуэле пра цяперашнюю сітуацыю ў Каракасе і лёс беларускіх праектаў гаварыць з карэспандэнтам «Свабоды» адмовіліся. «Не ведаю па тэлефоне, з кім гавару, таму ніякіх інтэрв'ю», — сказаў амбасадар Алег Пафераў. Не стаў ён распавядаць і пра тое, як у амбасадзе з электрычнасцю — абмяжоўваюць ці не.

Паводле афіцыйных звестак, у Венесуэле беларусы будуюць сацыяльнае жыллё, здабываюць нафту і абслугоўваюць радовішчы, працуюць на трох сумесных заводах на зборцы трактароў «Беларус», аўтамабіляў МАЗ і пагрузчыкаў «Амкадор» у горадзе Барынас, раней актыўна займаліся газіфікацыяй населеных пунктаў па ўсёй Венесуэле.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык мяркуе, што крызіс не спыніць гэтага супрацоўніцтва.

«Праца працягваецца. Эканамічныя крызісы прыходзяць і сыходзяць, ад іх не застрахаваная ніводная з краін. Галоўнае, што і ў беларускага, і ў венесуэльскага бакоў ёсць настрой працягваць сумесную працу і дамагацца дасягнення мэтаў, якія мы ставілі для сябе падчас прыняцця рашэнняў аб рэалізацыі праектаў».


Баскетбольная пляцоўка пад вокнамі ў «беларускім» квартале Пала Нэгра. Фота: bzs.by

Газаправод пакуль толькі на паперы

Паводле гэтых рашэнняў беларусы меліся газіфікаваць у Венесуэле 13 тысяч дамоў ды паставіць патрэбнае абсталяванне. Ці выкананыя гэтыя кантракты?

«Цалкам усё выканалі, газіфікавалі дамы ў Барынасе, венесуэльскі бок застаўся задаволены. Але гэты праект скончыўся, а новы так і не з’явіўся, на сувязь яны не выходзяць. Ужо мінула 4 гады», — сказаў «Свабодзе» галоўны інжынер прадпрыемства «Белгазбуд» Аляксандар Бобараў. Паводле спадара Бобарава, цяпер ягоных падначаленых у Венесуэле няма. Магчыма, гэта звязана з крызісам.

Калі там пэўнасці няма, дык пэўна, што з-за крызісу адкладаецца рэалізацыя праекту па сумеснай будоўлі газаправоду Баркісімета — Барынас агульнай працягласцю 232 кіламетры. Пачаць будоўлю газаправоду планавалі яшчэ ў 2014 годзе, але не склалася — няма фінансавання, толькі хапіла на праектныя працы. Гэтым займаецца сумеснае прадпрыемства «Вэнэсуэлагазбуд С.А.», якое стварылі адмыслова пад газаправод і для рэалізацыі іншых праграм.

Некалькі сумесных з Венесуэлай праектаў рэалізоўвалася і праз абʼяднанне «Белпалівагаз». Як паведаміў «Свабодзе» першы намеснік дырэктара абʼяднання Аляксандар Жылка, у Венесуэлу за мінулыя гады яны пастаўлялі рознае абсталяванне, у тым ліку — для пераводу аўтамабіляў на газ, а таксама навучалі мясцовых адмыслоўцаў, як працаваць з беларускімі прыладамі. Цяпер з сумесных праектаў засталося навучанне персаналу, які мае абслугоўваць будучы газаправод.

«Нашы супрацоўнікі навучаюць мясцовых, як працаваць з газавым абсталяваннем. Усяго ідзе навучанне па 15 праграмах. Некалькі дзясяткаў нашых людзей там яшчэ працуюць, але пашырэння няма. Ужо навучылі тых, хто сам можа навучаць. Таксама кансультуем», — распавёў Аляксандар Жылка. Паводле спецыяліста, у беларусаў з «Белпалівагазу», якія працуюць у Венесуэле, праблем з выплатай заробленых там грошай няма, хоць цяжкасці ў венесуэльскага боку сапраўды ёсць. «Мы пра гэта ведаем, але на нас гэта не паўплывала», — запэўніў спадар Жылка.

Яшчэ год таму жыллё здавалі

Бадай што самай гучнай часткай супрацоўніцтва Беларусі з баліварыянскай рэспублікай быў удзел беларускіх будаўнікоў у жыллёвай праграме, абвешчанай яшчэ пры жыцці прэзідэнта Уга Чавеса. У канцы нулявых улады ўзяліся пабудаваць для венесуэльцаў мільён сацыяльных кватэр, і да рэалізацыі сваіх планаў падключылі беларусаў.


Адкрыццё мікрараёна ў Пала Нэгра. Фота: bzs.by

Дарэчы, у канцы 2015 года да гэтай лічбы сапраўды наблізіліся. Летась у снежні ў пасёлку Пола Нэгра здавалі 950-тысячную кватэру. На ўрачыстай цырымоніі, паказанай па нацыянальным тэлебачанні, засвяціліся два беларускія будаўнікі з «Белзамежбуду». А ўсяго гэтая арганізацыя толькі ў штаце Арагуа пабудавала 6,5 тысячы кватэр, паведамляе сайт «Белзамежбуду». Паводле кіраўніка будаўнічай управы гэтай арганізацыі спадара Пракапенкі, сёлета да канца зімы беларусы абяцалі здаць яшчэ амаль 500 кватэр у жыллёвым квартале № 10 комплексу BAEL/El Libertador. Але ці ўдалося стрымаць абяцанне, сайт не паведамляе.

А паводле звестак з Венесуэлы, жыллёвая праграма там спынілася. «Часовыя цяжкасці», — тлумачаць афіцыйныя крыніцы. Спраўдзіць сітуацыю ў беларускім офісе «Белзамежбуду» не ўдалося: размаўляць з журналістам на гэтую тэму адмовіліся, а з дырэктарам Віталём Бандарыкам так і не злучылі.


Начальнік аддзела па кантролю за якасцю БУ-1 ЗАТ «Белзамежбуд» Ілля Дубікоўскі (на другім плане злева) і спецыяліст па сувязях са СМІ Андрэй Смірноў. Крайні справа — дэпутат Нацыянальнай асамблеі Рэгула Ла Круз. Фота: bzs.by

МАЗ разбіраюць-збіраюць, але каб купіць, няма грошай

Да крызісу Венесуэла купляла нямала грузавых аўтамабіляў МАЗ і трактароў «Беларусь». Як ідуць справы цяпер?

«Ёсць пэўныя цяжкасці. Пакуль у нас продажы ў Венесуэлу спыніліся. Гэта цягнецца, як пачаўся ў іх крызіс. Звычайна мы пастаўляем туды нашы аўтамабілі ў разабраным выглядзе, там іх збіраюць на адмысловым заводзе, які пабудавалі разам, і прадаюць, а грошы нам пералічаюць. Цяпер грошай у іх няма, мы, адпаведна, нічога не пастаўляем. Хоць ведаем, што завод там працуе. Як працуе без нашых камплектуючых? Неяк працуюць», — распавёў супрацоўнік МАЗа з управы продажу грузавой тэхнікі.

Падобны адказ прагучаў і ад супрацоўніцы экспартнага аддзелу МТЗ: пастаўкі камплектуючых для трактароў у Венесуэлу пакуль што спыненыя, але завод там працуе на камплектуючых, якія паставілі раней. Раней штогод туды пастаўлялі камплектаў для 500−1000 трактароў, паведаміла суразмоўніца. Зазначу, што паводле планаў завод у Барынасе павінен быў збіраць 5 тысяч «Беларусаў» яшчэ летась.

Каб здабываць нафту, патрэбныя нафтадаляры

Яшчэ адзін «завіслы» праект супрацоўніцтва Беларусі з Венесуэлай — нафтавы. Калі ўсё пачыналася і Чавес нават прадаваў нафту ў Беларусь наўпрост, замахнуліся на сумесную здабычу праз 5 год ажно 7 мільёнаў тон венесуэльскай нафты штогод. Паводле эксперта Таццяны Манёнак, пакуль здолелі асвоіць здабычу менш як мільёна за год, а прычына тая самая — «не хапае фінансавання».

«Стварылі сумеснае прадпрыемства. Яно завецца „Пэтралера БелВенесаляна“. Працуе гэтае СП з 2007 году, здабылі за гэты час больш за 7 мільёнаў тон нафты і каля 5 мільярдаў кубоў прыроднага газу. Летась знайшлі новае радовішча і ўвялі ў эксплуатацыю тры новыя свідравіны. Штодня здабываюць больш за 200 тон нафты, але цяпер узніклі праблемы з фінансаваннем. Да гэтага часу СП працавала з прыбыткам, але як паваліліся кошты на нафту і ўзніклі праблемы ў эканоміцы Венесуэлы, дык у іх таксама ўзніклі праблемы. Гэта звесткі ад чыноўніка, які дакладна ведае сітуацыю», — распавяла эксперт Таццяна Манёнак.

Колькі там беларусаў?

Паводле супрацоўніка МАЗа, у Венесуэле з гэтага прадпрыемства вахтавым метадам працуе да 10 чалавек. А колькі ўсяго беларусаў можа «жыць і працаваць» у баліварыянскай рэспубліцы?

У МЗС Беларусі не назвалі нават прыблізнай лічбы. У беларускіх арганізацыях, якія накіроўваюць у Венесуэлу супрацоўнікаў паводле кантрактаў, адказваюць па-рознаму. У «Белпалівагазе» кажуць пра «некалькі дзесяткаў» супрацоўнікаў, у «Белзамежбудзе» ўвогуле ніякіх лічбаў не агучваюць. Затое на сайце арганізацыі можна знайсці звесткі пра будоўлю жылля ў пасёлку Пола Нэгра і даведацца, што ў канцы года там адначасова працавала да 65 беларусаў. А падобных абʼектаў у арганізацыі было каля 10. Да 5 беларусаў яшчэ нядаўна працавалі на сумесным прадпрыемстве па зборцы франтальных пагрузчыкаў «Амкадора» ў горадзе Барынасе. Але складаць лічбы з розных абʼектаў не мае сэнсу. Адмыслоўцы, якія працавалі ў Венесуэле, кажуць, што колькасць беларусаў на абʼектах істотна вагаецца. Сёння больш тут, заўтра — там.

«Калі будавалі цагляны завод у Гуасіта, нашых было чалавек 40, але як завод здалі, беларусы адтуль раз’ехаліся. Дарэчы, некаторыя рванулі ў Эквадор, бо „Белзамежбуд“ шукае новыя рынкі», — апавёў Віталь, які два гады таму вярнуўся ў Мінск з Каракасу. Паводле Віталя, усе, з кім ён працаваў у Венесуэле, адтуль ужо з’ехалі.

←В Беларуси терапевтов и педиатров постепенно заменят специалисты общего профиля

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика