У Брэсце праблему непрыемнага паху вырашаць да 2019 года
Самы заходні абласны цэнтр краіны ўжо шмат гадоў пакутаваў ад непрыемнага паху, які стваралі гарадскія ачышчальныя збудаванні. Калі стаяла вільготнае надвор’е, калі вецер дзьмуў у адпаведным кірунку, смурод асабліва адчуваўся, гэта магло доўжыцца некалькі дзён запар.
Вядома, гараджане не маўчалі, звярталіся ва ўсе інстанцыі. Нельга сказаць, што ўлады адмахваліся ад праблемы. Працягласць нарад па названай тэме ўжо можна, відаць, вымяраць не гадзінамі альбо днямі, у суме маглі б атрымацца месяцы, калі не гады. А стосы напісаных папер па выніках пасяджэнняў наўрад ці можна вывезці адным аўтамабілем…
Нам абяцалі, што сітуацыя карэнным чынам палепшыцца пры ўводзе ў строй смеццеперапрацоўчага завода. Завод даўно запрацаваў. Стала крыху лепей, але час ад часу смурод зноў накрываў горад. У канцы мінулага года гарвыканкам чарговы раз вярнуўся да пытання экалагічнага становішча. На спецыяльнай нарадзе з удзелам усіх кампетэнтных службаў была выпрацавана сістэма мер на найбліжэйшы час. Даручэнні атрымалі прадпрыемствы сістэмы ЖКГ і іншыя ўстановы. У адзін з дзён сакавіка група спецыялістаў на чале са старшынёй Брэсцкага гарвыканкама Аляксандрам Рагачуком праінспектавала аб’екты, якія значыліся ў пратаколе даручэнняў.
Было адзначана, што цягам двух месяцаў праведзена значная работа па лакалізацыі крыніц непрыемнага паху. Напрыклад, на каналізацыйна-помпавай станцыі № 1 па вуліцы Гогаля павялічылі колькасць фільтравальнага матэрыялу ў біяфільтры. Прыёмныя камеры ачышчальных збудаванняў накрылі спецыяльнымі насціламі, закончылі работу па мантажы фільтра біялагічнай ачысткі з сістэмай вентыляцыі. Выкананы шэраг іншых мерапрыемстваў. І галоўнае, што праведзеныя замеры засведчылі істотнае памяншэнне ў паветры забруджвальных рэчываў.
Кіраўнік горада адзначыў, што выкід у атмасферу непажаданых кампанентаў удалося знізіць у пяць разоў дзякуючы выкананню комплексу малазатратных работ. Гэта значна аздаравіла гарадское паветра. Работа ў гэтым кірунку будзе працягвацца і далей. Але канчаткова вырашыць праблему стане магчыма шляхам поўнай рэканструкцыі гарадскіх ачышчальных збудаванняў, якую запланавана завяршыць да 2019 года. Кошт праекта складае 24 мільёны еўра. Яго фінансаванне ажыццяўляецца з дапамогай замежных партнёраў у рамках трансгранічнага супрацоўніцтва. Аляксандр Рагачук падкрэсліў, што проста чакаць паступлення сродкаў з-за мяжы ў Брэсце не маюць намеру. Усё, што магчыма зрабіць сваімі намаганнямі, будзе зроблена, каб гарадское паветра станавілася чысцейшым.