Першая бамбардзіровачная група RAF: ураджэнцы Беларусі ў Бітве за Брытанію
Летам-восенню 1940 года брытанскія ВПС мужна змагаліся з пераўзыходзячымі сіламі люфтвафэ. Свой уклад у адбіцці агрэсіі нацыстаў унеслі шматлікія польскія пілоты, сярод якіх былі і беларусы.
Выматаць праціўніка
У перыяд з 9 ліпеня па 30 кастрычніка 1940 года брытанскія каралеўскія вайскова-паветраныя сілы (Royal Airforce) гераічна супрацьстаялі нацысцкай авіяцыі. Гэты эпізод Другой Сусветнай вайны ўвайшоў у гісторыю як «Бітва за Брытанію». Дарэчы, упершыню гэтую назву выкарыстаў прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі сэр Уінстан Чэрчыль, назваўшы так спробу Трэцяга Рэйха заваяваць панаванне ў паветры над поўднем Англіі і падарваць баявы дух брытанскага народа.
Варта разумець, што Бітва за Брытанію была першай у сусветнай гісторыі ваеннай кампаніяй, у якой удзельнічалі выключна ВПС і сілы супрацьпаветранай абароны. Паводле германскага плана, люфтвафэ павінна было захапіць ініцыятыву ў паветры і ў кравапралітных баях знішчыць брытанскую авіяцыю. Пасля гэтага Адольф Гітлер планаваў ажыццявіць дэсантную аперацыю з мэтай захопу Брытанскіх астравоў.
З ліпеня 1940 года асноўнымі мэтамі нямецкіх бамбардзіровак з’яўляліся англійскія канвоі і марскія базы, але ўжо праз месяц самалёты люфтвафэ пераключыліся на англійскія аэрадромы. Пазней новымі цэлямі для нямецкай авіяцыі сталі авіяцыйныя заводы і аб’екты наземнай інфраструктуры. Такім чынам, Герман Герынг імкнуўся уцягнуць брытанцаў у зацяжныя баі і аслабіць паветраную абарону каралеўства.
Вялікабрытанія пад бомбамі Гітлера
8 жніўня 1940 года немцы нанеслі моцныя ўдары па гарадах Кардыф, Хал, Ліверпуль, Бірмінгем і інш. Праз тры дні «Мессершмідты 109» бамбілі партовыя гарады Вемут і Портлэнд. Пазней цяжкім бамбёжкам падвергся порт у Саутгэмптане, аэрадромы ў Андоўэры, Рочэстары, Мэнстане. 24 жніўня немцы ўпершыню бамбілі Лондан.
29 жніўня люфтвафэ знішчылі аэрадром у Істчэрге. 4 верасня нацысты разбамбілі завод «Уікерс Велмінгтан» у Бруклэндс. У сярэдзіне верасня германская авіяцыя сканцэнтравала свае ўдары на сталіцы брытанскай імперыі - Лондане. У кастрычніку 1940 года ў бамбардзіроўках Англіі ўдзельнічала і італьянская авіяцыя.
Польскія пілоты ратуюць брытанскія астравы
З першых дзён Бітвы за Брытанію англійскаму вайсковаму камандаванню стала зразумела, што ім прыйдзецца звярнуцца па дапамогу замежных пілотаў, таму было прынята рашэнне стварыць польскія, чэхаславацкія і канадскія знішчальныя авіадывізіёны.
Усяго, у паветранай абароне Брытанскіх атравоў удзельнічала 4 польскія паветраныя дывізіёны (два бамбардзіровачных: 300 і 301) і два знішчальных (302 і 303), у складзе якіх ваявала 145 польскіх пілотаў (загінула 28). Дывізіён 301 імя «Паморскай зямлі» быў сфармаваны ў канцы ліпеня 1940 года ў Брэмкоўт. У яго склад першапачаткова ўваходзіла 24 экіпажы пілотаў і 180 чалавек тэхперсанала. У жніўні ён быў пераведзены на аэрадром Суіндэрбі і ўключаны ў склад 1-й бамбардзіровачнай групы RAF.
У верасні 1940 года самалёты дывізіёна бамбілі порт Балонь, Кале і Астэнд. Бамбардзіровачны дывізіён 300 імя «Мазавецкай зямлі» быў гатовы да баявых дзеянняў у верасні 1940 года і дзейнічаў разам з 301-м. 302 «Познаньскі» знішчальны дывізіён быў сфарміраваны ў ліпені 1940 года і ваяваў на самалётах «Харікэйн». 303 «Варшаўскі» дывізіён імя Тадэвуша Касцюшкі ўжо ў канцы жніўня 1940 года удзельнічаў у баях з самалётамі люфтвафэ. Па розных дадзеных пілоты 303-га ў жніўні-кастрычніку 1940 года збілі 126 нямецкіх самалётаў. Усяго ж, падчас Бітвы за Брытанію польскія авіятары знішчылі 170 нямецкіх самалётаў.
Імя герояў
Сярод тых, хто ў складзе польскіх экіпажаў абараняў брытанскае неба, былі і беларусы. Па дадзеных польскага камандавання ў лістападзе 1942 года ў RAF ваявала каля 47 жаўнераў праваслаўнага веравызнання. Але беларусы былі і сярод каталікоў. Варта таксама разумець, што шматлікія жаўнеры беларускага паходжання запісваліся «палякамі». Чаму? Адказ на гэтае пытанне дае гісторык Юры Грыбоўскі, які цытуе ўраджэнца Пастаў, пілота Казіміра Яновіча: «Польская нацыянальнасць тады атаясамлівалася з польскім грамадзянствам. Калі нехта да вайны жыў у Польшчы, то гэта азначала, што ён быў палякам. Так рабіла шмат „тутэйшых“».
Сярод беларусаў, якія ваявалі з нацыстамі ў складзе брытанскай авіяцыі варта назваць капітана Казіміра Бакаўца, радыёаператара Міхаіла Ляўдара, пілота Паўла Хаванскага, бортмеханіка 301-га знішчальнага дывізіёна Юзафа Амельяновіча (нарадзіўся ў 1915 г. у вёске Гнойна на Слонімшчыне).
Акрамя гэтага, у брытанскіх ВПС служыла і шмат ураджэнцаў Беларусі, пры чым не толькі заходняй, але і ўсходняй яе часткі. Сярод іх варта ўзгадаць ураджэнца Пінска (1924 г.) капрала Мікалая Шыяновіча; берасцейца Эдварда Анцута (1914 г.), лідчаніна Уладзіслава Антановіча (1911 г.), слонімчаніна Самуэля Байрашэўскага (1896 г.), ляхаўчаніна пілота Станіслава Бецьку (1915 г.), сяржанта-пілота Зянона Змітровіча (нарадзіўся ў 1922 г. у Лідзе); капрала-пілота 301-га знішчальнага дывізіёна Здзіслава Чапскага (нарадзіўся ў 1919 г. у Берасці); узводнага Канстанціна Відзернікава (нарадзіўся ў 1918 г. у Горадне); старэйшага сяржанта-пілота 300-га дывізіёна Івана Данялюка (нарадзіўся ў 1913 г. у Альбярціне ля Слоніма).
У складзе брытанскай авіяцыі з нацыстамі ваявалі ўраджэнец Мінска (1914 г.), старэйшы сержант, радыёаператар Мікалай Паўлючык; капрал Павел Аўсейчык (нарадзіўся ў 1914 годзе ў Негарэлым); сяржант-пілот Генрых Дыгала (нарадзіўся ў 1919 годзе ў Бабруйску); сяржант Юрый Чунікін-Красавецкі (нарадзіўся ў 1919 г. у Слуцку) і інш.
Па падліках сучасных даследчыкаў у ходзе бітвы за Брытанію пілотам RAF удалося знішчыць 1733 самалётаў ворага. Пры гэтым брытанцы страцілі 1087 машын.
Кожны год 15 верасня ў Вялікабрытаніі адзначаецца «Дзень Бітвы за Брытанію». Паводле меркавання англічан, страты, панесеныя нямецкімі ВПС у гэты дзень у 1940 годзе, прымусілі германскае камандаванне адмовіцца ад наземнай фазы ўварвання на Брытанскія астравы. Тую перамогу кавалі прадстаўнікі шматлікіх нацый. Прыемна, што свой уклад у абарону Вялікабрытаніі ў 1940 годзе ўнеслі і сыны Беларусі.