Дзяжурная па пераездзе ў Маладзечна: "Я размаўляла з цягніком: Не едзь, пастой, хай мужчына пералезе"

Источник материала:  
28.03.2016 16:55 — Новости Общества

Пераезд ля мясакамбіната ў Маладзечна закрыты. Колькі нязручнасцей гэта выклікае ў кіроўцаў і пасажыраў. Але і тым, і другім даводзіцца моў­чкі назіраць, як дзяжурная па пераездзе выхо­дзіць насустрач цягнікам, падымае ўгору жоў­ты сцяжок і праводзіць позіркам шматвагонныя саставы.

Дзяжурную па пераездзе завуць Людміла Ляшчынская, і яна ўжо 28 гадоў нязменна падымае сцяжок цягнікам, каб паказаць, што на яе пераездзе ўсё ў парадку.


Людміла Ляшчынская працуе дзяжурнай па пераездзе ўжо 28 гадоў

— Каб жа моўчкі ўсе чакалі, пакуль адкрыецца пераезд. Некаторыя прыходзяць і сварацца, — расказвае Людміла. — Быў выпадак, калі мужчына ўскочыў ў памяшканне і стаў патрабаваць адкрыць пераезд. Я яму тлумачу, што цягнік не прымае станцыя, мы не можам адкрыць. Ды хіба ім патлумачыш?

Гэта на першы позірк здаецца, што дзяжурная па пераездзе толькі позіркам праводзіць цягнікі. Насамрэч яна ўважліва сочыць, ці ў парадку тэхнічны стан саставу, ці паралельна ў іх ідуць пары колаў, ці гарыць у хвасце цягніка святло. Калі раптам нешта з гэтага не працуе, дзяжурны па пераездзе мусіць паведаміць дзяжурнаму па станцыі і запісаць няспраўнасць у спе­цыяльны журнал.

А машыніст цягніка, каб паказаць, што ў яго ўсё ў парадку, дае гукавы сігнал.

У дзень праз пераезд ля мясакамбіната праходзіць больш за сотню розных цягнікоў. Мінскі напрамак самы загружаны. У суткі тут праходзіць больш за сотню цягнікоў.



— А дадайце да гэтага яшчэ грузавыя. Бывае, што запар могуць праходзіць аж пяць цягнікоў. Тады пераезд зачыняецца амаль на гадзіну. Бывае, што састаў не прымае станцыя. Я гэта разумею па чырвоным святле, які загараецца на семафоры. І ў гэтым выпадку цягнік стаіць доўга.

Пакуль мы гутарым з Людмілай, праз кожныя хвілін пятнаццаць спрацоўвае сігнал і апускаецца шлагбаўм.

Шлагбаўм на пераездзе апускаецца аўтаматычна.




— Калі цягнік першымі коламі трапляе на ўчастак набліжэння, які знаходзіцца недзе за кіламетр да пераезда, у нас уключаецца гукавы сігнал і апускаецца шлагбаўм. Уручную гэтага рабіць не трэба.

Але на пераездзе, бывае, здараюцца сітуацыі, калі кіроўцы на грузавых машынах або аўтобусах ламаюць, зносяць шлагбаўм.

— Гэта адбываецца таму, — тлумачыць Людміла, што цягнік праязджае, шлагбаўм па­чынае падымацца аўтаматычна, і кіроўцы, не заўважаючы таго, што гукавы сігнал яшчэ не выключыўся, па­чынаюць пераязджаць пераезд. А ў гэты час у зону пераезда ўязджае другі цягнік, і шлаг­баўм пачынае апускацца зноў. Калі маленькая машынка праскочыць яшчэ, то вялікія наў­прост зносяць шлаг­баўм.

«Больш за ўсё баюся п’яных і падлеткаў у навушніках»

Работа, прызнаецца Людміла, у яе спакойная, але за 28 гадоў працы здаралася рознае.

Даводзілася ўключаць сігнал агульнай трывогі, калі на пераездзе раптам заглухла машына. Але адзін на адзін з цяжкасцямі не заставалася, заўсёды іншыя кіроўцы прыходзілі на дапамогу.

— Бывала, што падбягалі і машыну выпіхвалі з пуцей. Але я больш за ўсё баюся п’яных, ім жа нічога не дакажаш. І яшчэ падлеткаў, якія пераходзяць пуці ў навушніках. У іх жа музыка ў вушах гучыць, а што навокал робіцца не чуюць.

Быў у Людмілы выпадак, калі цягнік спыніўся на пераездзе і доўга стаяў. А ля пуцей хадзіў нецвярозы мужчына, відаць было, што ён спяшаецца перайсці на другі бок. Чакаў, нерваваўся і раптам палез пад колы цягніка.

— А мужчына малады, апрануты ў белую кашулю, у белыя штаны. І палез пад цягніком, па мазуце. Пералез. Праз хвілін пяць цягнік адправіўся. Я ўздыхнула з палёгкай.

Успамінае Людміла і выпадак, калі да яе ў будку завітаў нечаканы госць.

— Даўно гэта было. І цяпер здаецца, што няпраўда, — смяецца Людміла. — Сяджу я спінай за дзвярэй. І чую, што нехта зайшоў. А страшна павярнуцца, так страшна, у мяне ажно ўсе блохі падохлі. Але набралася смеласці, паварочваю галаву — стаіць мужчына. Я за тэлефон. А ў нас тут тэлефон без кнопак, прыкідваюся, што дзяжурнаму тэлефаную. Мужчына спалохаўся, сеў на ровар і паехаў.

А ў зменшчыцы Кацярыны на змене летась смяротны выпадак быў.

— Хадзіў мужчына цэлы дзень каля пераезда. Малады, гадоў 45, добра апрануты. Паставіў сваю машыну на абочыне. Спытаўся ў Каці, калі цягнік будзе ісці. Хто ж ведаў, што калі пойдзе цягнік, а гродзенскія яны хутка едуць, кіламетраў пад 80 у гадзіну, ён выйдзе на рэйкі, раскіне рукі і будзе чакаць. Яго цягнік тады моцна адкінуў. Загінуў мужчына на месцы. Ну як такія выпадкі прадугле­дзіш?

Людміла гаворыць, што на яе рабоце асабліва і не расслабішся.

— Але я прывыкла за столькі гадоў. І ноччу: возьмеш ліхтарык і хо­дзіш, аглядаеш пуці. Памятаю, калі адпачывала ў Грузіі, бачыла, як дзяжурны па пераездзе сабраўся і пайшоў за хлебам. У нас такога я нават уявіць не магу, каб пакінуць свой пост. А калі ехала цягніком на Поў­нач, там дачка жыве, заў­важыла, што ў Расіі ля пераездаў ра­зам з тым, як апускаецца шлагбаўм, адначасова падымаецца спецыяльная агароджа, каб машыны не маглі нават наблізіцца да пуцей. Вось бы ў нас так зрабілі.

Кожны свой працоўны дзень Людміла Ляшчынская пачынае з аднаго:

— Іду на змену і пра сябе паўтараю: хаця б сёння было ўсё добра і абышлося без здарэнняў.


←План по снижению себестоимости проезда в Минске: станет ли талончик дешевле?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика