Як святкуюць Вялікдзень уніяты. Фотарэпартаж
Вялікдзень сёння святкуюць не толькі католікі, але ўніяты і пратэстанты. Калі пра вернікаў заходняга абраду (католікаў) журналісты пішуць шмат, то пра тых, хто прытрымліваецца ўсходніх традыцый (уніятаў), — практычна нічога. TUT.BY вырашыў прыбраць гэты прабел і пабываў на святочным набажэнстве ў віцебскай грэка-каталіцкай парафіі Уваскрасення Хрыстова.
Уніяцкая царква ў Віцебску месціцца недалёка ад чыгуначнага вакзала — на вуліцы 2-й Войкава, 6. Парафіяльны дом невялікі па памеры, і таму тут утульная, амаль хатняя атмасфера: абразы аздоблены вышытымі рушнікамі, пакой упрыгожаны бел-чырвона-белымі стужкамі.
Кіруе парафіяй айцец Зміцер Грышан. Ён узначаліў набажэнства на Вялікдзень у ноч з 26 на 27 сакавіка. Галоўная падзея літургічнага года, а таксама храмавае свята (царква, нагадаем, называецца ў гонар Уваскрасення Хрыстова) сабралі каля 50 чалавек.
Моляцца ўніяты па-беларуску. Шмат хто з вернікаў, асабліва моладзь, прыходзіць на свята ў царкву ў вышыванках, нацыянальных строях. Наведваюць гэты храм абсалютна розныя людзі: і рускамоўныя, і беларускамоўныя, і ўкраінцы. Любяць сюды хадзіць прадстаўнікі віцебскай творчай інтэлігенцыі.
На пытанне, колькі ў парафіі вернікаў, айцец Зміцер Грышан у адным са сваіх інтэрв'ю адказаў: «Пытанне колькасці важна пры арганізацыі латэрэі. А у нас — Царква. Тут важна якасць. <…> На духоўныя размовы, катыхезы прыходзяць і праваслаўныя, і рыма-каталікі, і пратэстанты. Некаторыя любяць казаць так: „Вось ён ахрышчаны ў рыма-каталіцтве, значыць ён іх. І хай ходзіць да іх“. Дык калі ён „іх“, тады чаму ён не можа прыходзіць да нас? Я не прызнаю такога размежавання. Насуперак юрыдычнаму ўспрыняццю, чалавек часта выбірае інтуіцыяй, сэрцам. <…> Здаецца, мы маем мільёны ахрышчаных, але па сутнасці мы маем мільёны язычнікаў з савецкімі мазгамі і паняццямі „свой — чужы“, „правільная — няправільная царква“. Што ж, такую спадчыну нам пакінуў Савецкі Саюз. Часта прыходзяць людзі і ў паніцы пытаюць: „А як паставіць свечку?“. Але ж ці ў свечцы справа? Справа ў тым, Хрыстос памёр за нас і ўваскрос. А як свечкі ставіць — гэта ўжо дзясятае пытанне».
Даведка TUT.BY
Беларуская грэка-каталіцкая царква (БГКЦ) створана для каталікоў, якія вызнаюць візантыйскі абрад на тэрыторыі нашай краіны, і для беларускіх грэка-каталікоў у дыяспары. Кіраўніцтва царквой ажыццяўляе апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
БГКЦ пачала гісторыю ад уніяцкай царквы Рэчы Паспалітай, якая ўзнікла ў 1596 годзе і была ліквідаваная ў 1839-м. У 1920−1940 гады царкву хацелі аднавіць, потым зноў забаранілі. Адраджэнне адбылося ў 1989 годзе.
Па дадзеных на 2013 год, у Беларусі былі зарэгістраваныя 14 парафій: па 3 — у Мінску, Віцебскай і Брэсцкай абласцях, 2 — у Гродзенскай, па 1 — у Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай.