У віцебскіх касцёлах асвячаюць велікодныя стравы. Фотафакт
Католікі, пратэстанты і ўніяты адзначаюць сёння Вялікую суботу. Яна завяршае Святы Пасхальны Трыдуум, падчас якога ў касцёле ўзгадваюць ўкрыжаванне, пахаванне і ўваскрасенне Хрыста. Вялікдзень вернікі адсвяткуюць заўтра, 27 сакавіка.
У Вялікую суботу вернікі прабываюць каля гробу Збаўцы, разважаючы пра яго муку і смерць. Сёння ў храмах таксама асвячаюць велікодныя стравы. Людзі звычайна прыносяць у святочным кошыку кулічы, вяндліну, яйкі і соль.
У ноч на нядзелю адбудзецца Пасхальная вігілія, якая лічыцца найважнейшым набажэнствам у касцёле на працягу ўсяго года.
«Для нас штодзённае жыццё часта кладзецца на плечы непасільным крыжам: пошук працы, змаганне з невылечнай хваробай, здрада мужа ці жонкі, вызваленне ад алкагольнай ці наркатычнай залежнасці… Ва ўсе вякі моц для знясення пакутаў і пераадолення цяжкасцяў хрысціянам давала вера ва Уваскрослага і прысутнага ў іх жыцці Збаўцу. Таму і нам няхай заўсёды спадарожнічаюць словы Хрыста, сказаныя Ім падчас Апошняй Вячэры: «…У свеце будзеце мець прыгнёт, але будзьце адважныя: Я перамог свет». (Ян 16, 33), — гаворыць у сваім велікодным віншаванні біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Цалкам пасланне кіраўніка дыяцэзіі можна пачытаць тут. Расклад святочных набажэнстваў у касцёлах Віцебска — па гэтай спасылцы.