Дзесяцігоддзе без вайны. Беларускія гарады на здымках сярэдзіны 1950-х

Источник материала:  
21.03.2016 14:37 — Новости Общества

Калі гаворка заходзіць аб пасляваенным аднаўленні Беларусі, часцей за ўсё ўспамінаюць Мінск, які ў канцы 1940-х, пачатку 1950-х гадоў стаў адной вялікай будаўнічай пляцоўкай. Савецкая ўлада рабіла са сталіцы Беларусі ўзорна-паказальны сацыялістычны горад з шырокімі праспектамі і пышнымі дамамі-палацамі. Але аднаўленчыя работы закранулі не толькі Мінск, з попелу адраджалася ўся Беларусь. У 1958 году Дзяржвыдатам БССР быў выдадзены альбом «Савецкая Беларусь у фотаілюстрацыях», складальнікі якога адздымалі на плёнку мноства гарадоў Беларусі, каб наглядна паказаць поспехі сацыялістычнага будаўніцтва ў рэспубліцы. Выданне паказвала толькі парадны бок побыту грамадзян Савецкай Беларусі, таму без ідэалагічнага пафасу, уласцівага савецкай друку тых гадоў, на старонках кнігі не абышлося.

TUT.BY запрашае сваіх чытачоў азнаёміцца ​​са здымкамі беларускіх гарадоў, зробленых у 1950-я гады.


Тытульная старонка выдання ўпрыгожана нацыянальным беларускім арнаментам з украпваннем савецкай сімволікі - ідэалагічна вывераная «вышыванка» з 1950-х

Пачынаецца выданне са здымкаў гарадоў Віцебскай вобласці. На фота ніжэй выяўлена панарама вуліцы Карла Маркса ў Полацку. У 2009 годзе вуліца была перайменавана ў праспект Францыска Скарыны. Справа ўдалечыні на здымку можна пабачыць былы касцёл Св. Стэфана з напаўразабранымі вежамі. Пабудаваны ў пачатку XVIII стагодзя пры езуіцкім калегіюме, касцёл некалькі стагодзяў з’яўляўся архітэктурнай дамінантай цэнтра Полацка. Вежы касцёла былі разабраныя ў 1936 годзе, пасля вайны будынак доўга стаяў закінутым і быў зруйнаваны ў 1964 годзе. Зараз на месцы касцёла стаіць шматпавярховы жылы дом.



Полацк. Перакрыжаванне вуліц Карла Маркса і Энгельса

Орша. Праспект Тэкстыльшчыкаў. Вуліца, што ішла ад ільнокамбінату, атрымала статус праспекта і новую назву ў 1956 годзе. На праспекце размяшчаюцца як даваенныя так і пасляваенныя жылыя дамы

Віцебск. Плошча Леніна. Ансамбль пасляваеннай забудовы плошчы выкананы архітэктарамі Віталём і Аляксандрай Данілавымі. Помнік правадару пралетарята перад будынкам філармоніі стаіць дагэтуль, а вось дэкаратыўныя абеліскі з дахаў дамоў-вежаў № 62 і № 67 па вул. Леніна да нашага часу не захаваліся

Віцебск. Педагагічны інстытут. Савецкая навучальная ўстанова размяшчалася ў будынку былой мужчынскай гімназіі. У 1975 годзе пры пашырэнні Замкавай вуліцы будынак педінстытуту быў знесены

Гомель. Праспект Леніна. У кадр трапіў даваенны дом-камуна, пабудаваны ў 1931 годзе паводле праекта знакамітага гомельскага архітэктара Станіслава Шабунеўскага. Сяміпавярховы дом на момант пабудовы з’яўляўся самым высокім жылым домам у БССР

Асаблівы націск складальнікі альбома рабілі на развіццё перыферыйных раёнаў БССР. Напрыклад, вось так апісаны ў кнізе адзін з гарадкоў Гомельскай вобласці: «Нароўля — былое закінутае мястэчка ў глыбі Палесся, цяпер добраўпарадкаваны ажыўлены гарадскі пасёлак».


Будынак нараўлянскага педагагічнага вучылішча і яго вучаніцы

Мазыр. Жылы дом на Ленінскай вуліцы

Рэчыца. Новы адміністрацыйны будынак у цэнтры

Магілёў. Панарама Першамайскай вуліцы. На фота выяўленыя дамы, пабудаваныя яшчэ ў даваенны час, у канцы 1930-х гадоў, калі савецкім урадам планаваўся перанос сталіцы БССР з Мінска ў Магілёў

Магілёў. Гасцініца «Днепр». Будынак быў узведзены ў 1940 годзе на месцы ўзарванага ў 1937 годзе праваслаўнага сабора Святога Іосіфа

Жлобін. Новая сярэдняя школа

Бабруйск. Клуб дрэваапрацоўчага камбіната

Жылічы. Агранамічная школа. Навучальная ўстанова размяшчалася ў былым палаца-паркавым комплексе Булгакаў. З 2009 года ў палацы вядуцца рэстаўрацыйныя работы

Барысаў. Праспект Рэвалюцыі. На фота трапілі жылыя дамы 1930-х гадоў, пабудаваныя паводле праектаў архітэктара Наталлі Макляцовай

Слуцк. Дом культуры. Пабудва ДК была распачата яшчэ ў 1930-я гады але была перапынена вайной. Слуцкі дом культуры святочна адчынілі ў 1951 годзе

Жодзіна. Рабочы пасёлак. Пасёлак пабудаваны пасля вайны побач з жодзінскім заводам дарожных машын, на базе якога ў 1958 годзе быў утвораны «БелАЗ»

Стоўбцы. Плошча Бессмяротнасці. Здымак цікавы тым, што большасць будынкаў выяўленых на ім была пабудавана ў часы знаходжання Стоўбцаў у складзе Другой Рэчы Паспалітай (1921−1939). З савецкай архітэктуры 1950-х у кадры прысутнічае крама ў правай часцы здымка і помнік Сталіну ў левай

Гродна. Новыя жылыя дамы недалёка ад Савецкай плошчы

Гродна. Палац культуры тэкстыльшчыкаў. Будаўніцтва палацу завершана ў 1958 годзе

Наваградак. Плошча Леніна

Ліда. Новы жылы дом абутковай фабрыкі

Брэст. Вуліца Леніна. На фота інтэрнат № 1 Брэстскага дзяржаўнага ўніверсітэту

Кобрын. Цэнтральная плошча

Баранавічы. Вуліца Савецкая. У будынку ў правай часцы здымка размяшчаўся аблвыканкам Баранавіцкай вобласці, ліквідаванай у 1954 годзе

Маладзечна. Новы жылы раён каля пасёлка Гелянова. З 1944 да 1960 года горад Маладзечна таксама з’яўляўся абласным цэнтрам

Вілейка. Гасцініца. На фота паказаны дарэвалюцыйны будынак, у якім раней знаходзілася казначэйства

Смаргонь. Новы будынак сярэдняй школы

Браслаў. Рэспубліканскі санаторый Маладзечанскай вобласці

←"Віцебск TUT". Уладзімір Булаўскі: Закінуты дом можна талакой пераўтварыць у цэнтр ініцыятыў

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика