Віцебск упершыню адсвяткуе дзень даравання Магдэбургскага права

Источник материала:  
16.03.2016 16:07 — Новости Общества

Віцебск 17−18 сакавіка ўпершыню адзначыць дзень даравання гораду Магдэбургскага права.


Ратуша — адзін з сімвалаў Магдэбургскага права. Фота: Ігар Мацьвееў

У праграме — шэраг культурніцкіх імпрэз, паведаміў TUT.BY адзін з арганізатараў свята, навуковы супрацоўнік музея «Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва» Уладзімір Булаўскі.

Так, 17 сакавіка ў ратушы адбудуцца лекцыя-экскурсія «Старажытны Віцебск» вядомага гісторыка Леаніда Калядзінскага (а 15-й) і адкрытая лекцыя «Магдэбургскае права ў Беларусі» (а 16-й). У 17.30 віцебскі краязнаўца Мікалай Півавар правядзе экскурсію па горадзе.

18 сакавіка святкаванне пройдзе ў канцэртным зале «Віцебск». У 18.00 тут прэзентуюць праект «Віцебская харугва» клуба гістарычнай рэканструкцыі «Варгенторн». А ў 19.00 на сцэну выйдзе гурт «Стары Ольса» і запросіць на сярэднявечную дыскатэку.

Ініцыятыва святкавання гістарычнай даты належыць кіраўніку клуба «Варгенторн» Сяргею Бабенка.

«Права на самакіраванне гарады Вялікага Княства Літоўскага выкарыстоўвалі ў XIV-XVIII стагоддзях, яно спрыяла іх эканамічнаму і культурніцкаму развіццю. Гэтай частцы гарадской гісторыі надаецца не так шмат увагі, як хацелася б. Наша ідэя — адзначыць дату, калі горад атрымаў права на самакіраванне, і расказаць сучасным жыхарам пра гісторыю і культуру тагачаснага Віцебска. Спадзяемся, што іншыя беларускія гарады падхопяць ініцыятыву, і з часам гэта ператворыцца ў серыю святкаванняў па ўсёй краіне», — адзначыў TUT.BY Сяргей Бабенка.

На працягу года арганізатары плануюць правесці іншыя лекцыі па гісторыі горада, конкурс для дызайнераў (каб гістарычная сімволіка добра выглядала на сувенірах), круглы стол для краязнаўцаў і іншае.

Даведка TUT

Віцебск атрымаў Магдэбургскае права 17 сакавіка 1597 года — граматай польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта III Вазы. Тут з’явіўся магістрат — орган гарадскога самакіравання. Гораду далі герб, пячатку, харугву, права на правядзенне штогадовага кірмашу на працягу месяца. Гараджане пабудавалі ратушу і гасціны двор.

У 1623 годзе за ўдзел гараджан у паўстанні, падчас якога яны забілі ўніяцкага біскупа Язафата Кунцэвіча, Віцебск пазбавілі Магдэбургскага права. 25 лістапада 1644 года Уладзіслаў IV вярнуў яго гараджанам. Магдэбургскае права ў Віцебску скасавалі ў лістападзе 1775 года — пасля ўваходжання горада ў склад Расійскай імперыі.

←Самая несчастная страна в мире — Бурунди, самая счастливая — Дания

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика