У Гродне ў падарункавых цукерках для дзяцей трапіліся чарвякі
Чытач Аляксандр даслаў у рэдакцыю «Твайго стылю» відэа, у якім паказана, што ў цукерках «Лесной гном» кампаніі «Спартак» завяліся чарвякі. Гарадзенец атрымаў цукеркі ў падарунак на адным з прадпрыемстваў горада, але пасля таго, як перадаў іх дзецям, быў шакаваны ўбачаным.
«Па традыцыі на свята нам выдаюць цукеркі, так адбылося і гэтым разам. Я не аматар салодкага, падарунак перадаў сваім дзецям. Але тое, што яны там убачылі, уразіла іх. Некалькі чарвякоў на адной з цукерак „Лесной гном“ спрабавалі выбрацца з абгорткі. Мы самі былі шакаваныя, такога яшчэ не бачылі», — распавядае Аляксандр.

Занепакоены гарадзенец патэлефанаваў сваім калегам і папярэдзіў пра незвычайную знаходку, а свае цукеркі сфатаграфаваў і адправіў у кантэйнер для смецця.
«Мне ад фабрыкі нічога не трэба. Галоўнае, каб гарадзенцы ведалі, якія цукеркі могуць прадаваць у нас у крамах», — кажа Аляксандр.
Каб разабрацца ў сітуацыі мы звярнуліся ў краму да афіцыйных пастаўшчыкоў фірмы «Спартак» у Гродне.
Загадчыца фірмовай крамы Марыя Грыгенча распавядае, што чарвякі могуць з’явіцца ў цукерках, толькі з-за няправільнага захоўвання.
«Падобны выпадак у Гродне ўпершыню. Такое можа быць толькі з-за няправільнага захоўвання. Невядома, дзе захоўваліся гэтыя цукеркі, а для іх таксама важная пэўная тэмпература. Мабыць, прадпрыемства, на якім Аляксандр атрымаў падарунак, няправільна захоўвала цукеркі. З-за гэтага завяліся мікробы. Калі б ён у нас купляў, то мы пакрылі б шкоду і разабраліся».
Вядома, што чарвякі і некаторыя іншыя віды насякомых з’яўляюцца ў прадуктах, якія недастаткова герметычна запакаваныя. У тым ліку і ў цукерках. Гэта адбываецца ў выніку працэсу, які ў народзе называюць «самазараджэннем». Гэта значыць, які-небудзь біялагічны арганізм развіваецца там, дзе гэтаму спрыяе асяроддзе.