"Кінуць 200 тысяч адчэпных". Працаўнiкi будаўнічай арганізацыi ў Маладзечне незадаволеныя заробкам
На прадпрыемстве «Будаўнік-169» цяпер працуе 86 чалавек, але на працу выйшлі 27.
— Набалела! — кажуць людзі. — Распусціце вы гэту кантору. Што гэта за работа, калі на ёй трымаецца адзін інтэрнат.
А дырэктар «Будаўніка-169» Аляксандр Карнейчык скардзіцца на тое, што ў горадзе ім не даюць аб’екты для будаўніцтва.
"З прадпрыемства татальна выжываюць людзей"
З такімі словамі ў рэдакцыю прыйшоў муляр, работнік «Будаўніка-169» Даніла Нужын. Мужчына, бацька траіх дзяцей, скардзіцца на тое, што не памятае, калі апошні раз атрымоўваў заробак цалкам.
— Кінуць 200−500 тысяч адчэпных, а потым здзіўляюцца, чаму мы не плацім за камунальныя паслугі, за інтэрнат. Адказваю так: «Няма заробку, няма аплаты». А цяпер кіраўніцтва абавязала яшчэ рамонт у інтэрнаце за свой кошт рабіць.
Пражыванне ў блоку інтэрната на сям’ю абыходзіцца ў 480 тысяч рублёў у месяц.
Многія рабочыя падпрацоўваюць па дагаворы падраду, шукаюць нешта на баку.
— Людзі трымаюцца толькі за інтэрнат. Пры спробе пагутарыць з кіраўніцтвам, чуем толькі адно: «Не падабаецца, ніхто вас не трымае. Вызваляйце інтэрнат».
Пры гэтым, прызнаецца Даніла, праца ў іх ёсць. Перад Новым годам усе супрацоўнікі «Будаўніка-169» працавалі на будаўніцтве жылога дома ў Мінску. Аднак за гэту работу не атрымалі нічога.
— Мы спраўна атрымоўваем толькі разліковыя лісты.
Данілу падтрымалі і іншыя работнікі. Людзі скардзяцца на тое, што не атрымалі заробак за снежань, што многім адпускныя так і не выплацілі. На прадпрыемстве нармальная сітуацыя, калі чалавек выходзіць з адпачынку, а яго заварочваюць дадому ў адпачынак за свой кошт.
На пытанне, ці спрабуе хто ўладкавацца на іншую работу, людзі абураюцца:
— А як гэта зрабіць? Многія фірмы не хочуць браць без працоўнай кніжкі. А звольніцца адсюль — значыць, згубіць інтэрнат. А ва ўнівермагу палаткі не прадаюцца, — дзе тады жыць?
Інтэрнат па вуліцы Францішка Скарыны — для работнікаў «Будаўніка-169» сапраўдны боль.
Многія не могуць выплаціць запазычанасць за пражыванне, таму што няма чым плаціць.
— Я дзесяць гадоў адпрацаваў у «Камунальніку», каб атрымаць блок у інэрнаце, — кажа адзін з работнікаў, — а цяпер мне пагражаюць высяленнем. А як мне разлічыцца з даўгамі, бутэлькі пайсці збіраць?
Выйсце з сітуацыі работнікі бачаць толькі ў тым, каб іх інтэрнат перадалі «Камунальніку», як і многія іншыя інтэрнаты прадпрыемстваў у горадзе.
Дырэктар «Будаўніка-169»: хочуць працаваць у іншых месцах — калі ласка
Кіраўніцтва «Будаўнік-169» змянілася ў верасні 2015 года. Цяпер прадпрыемства ўзначальвае Аляксандр Карнейчык.
— Калі я прыйшоў сюды, у работнікаў была запазычанасць па заробках ад мая. На сённяшні ж дзень мы не разлічыліся толькі за снежань.
Сітуацыю з тым, што за лістапад работнікі атрымалі толькі частку зарплаты, Аляксандр Карнейчык патлумачыў, што гэта было толькі адзін раз. На рахунак паступіла 30 мільёнаў рублёў:
— Нашто нам было трымаць гэтыя грошы і чакаць пералічэння астатніх? Мы вырашылі даць людзям хаця б драбязу. Усе ж лепш, чым нічога.
Аляксандр Леанідавіч разумее, што становішча на прадпрыемстве не простае. Таму і ідзе насустрач людзям, калі яны просяць адпусціць іх працаваць у іншыя арганізацыі. Кіраўніцтва «Будаўніка-169» атрымоўвае хадайніцтва ад той установы, што прымае на работу спецыяліста, і па законе адпускае свайго работніка.
— Я толькі не разумею, чаму нам ўлады не даюць будаваць аб’екты ў Маладзечне.
«Будаўнік-169» уваходзіць у асацыяцыю «Маладзечнабуд». У склад гэтай асацыяцыі акрамя «Будаўніка-169» уваходзяць яшчэ чатыры прадпрыемствы: «Будаўнік-197», «Спецбудмеханізацыя», «Маладзечнажалезабетон» і «Аддзелачнік-198».
У тэндары на будаўніцтва жылых дамоў удзельнічала «Спецбудмеханізацыя», таму што ў іх колькасць работнікаў дазваляла гэта рабіць. Па ўмовах тэндару, у ім маглі прымаць удзел арганізацыі, у якіх больш за 200 рабочых. А «Будаўнік-169» павінны быў быць у якасці субпадрадчыка. Аднак дазволу на ўдзел у тэндары яны не атрымалі.
Каментуе дырэктар «Спецбудмеханізацыі» Канстанцін Манюк:
— Няправільна гаварыць, што ўлады не даюць будаваць дамы. Іншая справа, што ўмовы тэндараў выстаўленыя такім чынам, што выйграваць іх у Маладзечне могуць толькі два прадпрыемствы: «Забудова-буд» і «ПМК-212». У заканадаўстве ёсць пункт «і іншае». І пад гэта «іншае» кожны заказчык прапісвае свае ўмовы, якія мы выканаць не можам. Рабочыя не вінаватыя, што мы трапілі ў абцугі.
У пачатку 2015 года ў «Будаўніку-169» працавала каля 200 чалавек, сёння іх засталося 86.
А між тым, праца ёсць. «Будаўнік-169» будуе жылы комплекс «Маяк Мінска», у Вілейскім раёне будуюць завод фарбаў. Выйгралі тэндар на будаўніцтва ЗАГСа ў Ваўкавыску. Яно павінна пачацца ў сакавіку.
«Будаўнік-169» аказвае паслугі прыватным асобам. У арганізацыі можна замовіць муляра, тынкоўшчыка, аддзелачніка, каб зрабілі рамонт у доме ці кватэры.
Прадпрыемству «Будаўнік-169» розныя арганізацыі вінаватыя паўтара мільярда рублёў.
— Не разлічыліся мінчане, вінаватыя нам грошы Асіповічы. Мы там будавалі аб’ект, аднак грошы за гэта не атрымалі. Вілейка за будаўніцтва малочнатаварнай фермы ў Сцешыцах павінна нам 700 мільёнаў рублёў.
У самога ж «Будаўніка-169» запазычанасць перад іншымі - мільярд 100 мільёнаў рублёў.
— Мы не адмаўляемся ад таго, што сітуацыя няпростая. Але варта было б запытацца ў некаторых работнікаў, чаму яны не хочуць ездзіць у камандзіроўку далей Мінскай вобласці. А скардзіцца ўмеюць усе, — падсумаваў Аляксандр Карнейчык.
Рабочыя «Будаўніка» на словы кіраўніцтва адказваюць так:
— А як без грошай ехаць у камандзіроўку? Там траву есці? Камандзіровачныя ж не плацяць.
Вадзім Цар: тэндары праводзяцца на агульных умовах
Намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Вадзім Цар на пытанне аб тым, чаму «Будаўніку-169» не даюць выйграваць тэндар, быў катэгарычны:
— Што значыць не даём будаваць? У тэндарах усе ўдзельнічаюць на агульных умовах, якія прапісаныя ў тэндары. Рашэнне прымае камісія. На трох дамах, якія цяпер будуюцца па вуліцы Снежнай, працуюць маладзечанскія арганізацыі: «Забудова-буд» і «ПМК-212», якія выйгралі тэндар.
На планёрцы ў райвыканкаме старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец сказаў:
— Будаўнічых арганізацый у Маладзечне многа, і, вядома, працы хапае не ўсім. Тэндары выйграваюць правераныя арганізацыі, якія не дапусцяць здачы аб’ектаў не ў тэрмін.
А што рабіць з астатнімі будаўнічымі фірмамі - аб’ядноўваць іх ці ліквідоўваць, Аляксандр Яхнавец папрасіў сваіх намеснікаў падрыхтаваць яму прапановы.