Дзяўчына змянiла горад на вёску i стала рымарам - спецыялістам па конскай вупражы

Источник материала:  
09.02.2016 10:58 — Новости Общества

Выкладчыца англійскай мовы Яніна з’ехала з Мінска на Полаччыну, дзе знайшла мужа і цяпер разам з ім гадуе коней і поні. Карэспандэнт «Звязды» даведаўся, як сям’я спрабуе наблізіцца да натуральнай гаспадаркі.


Па сталіцы не сумуюць

Яня і Аляксандр Маслоўскія наўмысна ўцяклі ад цывілізацыі ў вёску Цінаўка Полацкага раёна, каб жыць, як калісьці іх продкі.

— Я нарадзілася ў далёкім Нарыльску. Настолькі холадна там, што, бывае, выходзіш з пад’езда, і першы ўздых абпальвае лёгкія. На поўначы і мама мая нарадзілася, і цётка, якая першай пераехала ў Мінск — вучыцца. Потым і мы за ёй, — згадвае Яніна.

Аўтар гэтых радкоў у арміі служыў на Чукотцы, і разумелі мы адно аднаго з паўслова. Калі, напрыклад, за вокнамі мінус 40, жыхары Поўначы, як звычайна, ідуць на працу.

Яня спачатку вучылася ў Мінску. Але потым пераехала ў правінцыю — працягвала адукацыю на гісторыка-філалагічным факультэце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дыплом дазваляе ёй выкладаць і англійскую мову.

— Не хачу зноў у Мінск, — кажа маладая жанчына. — Мне не патрэбны вялікія гарады з мітуснёй. Нядаўна была ў сталіцы, ды яшчэ ў часу пік… Дык хвіліны лічыла, каб хутчэй з’ехаць. Да таго, як перабрацца ў вёску, жыла ў Наваполацку. Там і з будучым мужам пазнаёмілася. Ён наваполацкі. Яго таксама заўсёды цягнула да прыроды. Кажуць, у вёсцы сумна. Няпраўда! Тут кожны дзень усё па-рознаму! Конь, напрыклад, уцячэ, куры яйкі знясуць.

Яня з любоўю распавядае пра жывёл, якія жывуць на іх «ферме»: усяго ў гаспадарцы чатыры кані, у тым ліку адзін маленькі, два поні, сем курэй, тры гусі, чатыры казы, лебедзь… А яшчэ двое кацянят і чатыры сабакі.

Выратавала ад мясакамбіната

— Вось таго каня хацелі з гаспадаркі, дзе ён жыў, на мясакамбінат здаць. Яму яшчэ і года не было. Я тады вучылася на другім курсе. Збірала грошы, каб на моры адпачыць. Калі даведалася пра каня, вырашыла яго купіць. Зразумела, ён жыў не ў кватэры (смяецца), у знаёмых маіх у вёсцы. А той, што побач — яго брат. Купіла ў цыганоў, — паказвае жывёл Яніна.

Былая гараджанка падрабязна расказвае пра пароды і характар сваіх гадаванцаў. Раптам да маіх ног нехта далікатна дакранаецца. Казёл па мянушцы Пушкін такім чынам праявіў інтарэс.

Коні прыбытак пакуль не прыносяць: і турыстаў, і мясцовую дзятву Маслоўскія катаюць задарма.

— Адзінае, просім людзей трохі дапамагчы па гаспадарцы. Не хапае рук з усім самім справіцца. Ніяк нармальнае наваселле не справім. Дом пабудавалі мае бацькі. Мы ферму ніяк не дабудуем, — перажывае Яня.

Нягледзячы на складанасці, маладыя гаспадары поўныя аптымізму. Коні ім замяняюць і трактар, і газонакасілку.

— У мяне і суседзі просяць «капытны апарат» у арэнду: газоны даглядаць, — кажа Яня.

Другое жыццё

Саша працуе на «Нафтане» машыністам кампрэсарнай устаноўкі. Пажартаваў, што нават у карпаратыўнай газеце яшчэ не ведаюць, што ён і яго жонка — «пустэльнікі». Яго продкі з Украіны.

— У нашай сям'і ўвасобілася дружба народаў. Я — напалову ўкраінец, напалову паляк. Жонка — беларуска, але нарадзілася ў Расіі. Дзед мой падчас вайны быў у адным партызанскім атрадзе з Машэравым. Служыў у дэсантных войсках. У Беларусі пазнаёміўся з бабуляй. Тут мама мая нарадзілася, — дапаўняе сямейную гісторыю Саша.

У двары Маслоўскіх стаіць зламаны аўтамабіль. Галава сям'і ездзіць на працу на аўтобусе, потым доўга дабіраецца пешшу. Марыць, каб уласная ферма дазволіла яму цалкам пераключыцца на працу на зямлі.

— На маім прадпрыемстве добры калектыў і заробак. Даплачваюць за вытворчую шкоднасць. А мне хочацца дыхаць чыстым паветрам, — разважае Саша.

Ён не ўжывае спіртнога, не курыць. Любіць мяса, але сваіх жывёл есці Маслоўскія не збіраюцца.

«Педыкюр»… коням

Яня паказвае лебедзя з абмежаванымі магчымасцямі. Яго прывезлі рыбакі, каб птушка не загінула ад голаду — у моцныя маразы вадаём, дзе яна жыла, цалкам пакрыўся лёдам.

— Неабыякавыя людзі звярнуліся да эколагаў. Тыя спаслаліся на натуральны адбор. Маўляў, драпежная птушка: калі не выжыве, дык так трэба прыродзе. Але ж шкада, — кажа Яня.

А яшчэ Яніна — рамесніца вельмі рэдкай спецыялізацыі. Яна рымар: робіць вупраж, гунькі і падобнае.

— А яшчэ расчышчаю капыты ў коней — падтрымліваю іх у анатамічна правільным выглядзе. Па дапамогу звяртаюцца гаспадары іншых коней, якія жывуць недалёка. Акрамя таго, расчышчаю капыты коням з клубаў у Полацку, Баравусе. Езджу дзеля гэтага ў расійскія Себеж, Пскоў, Невель. Часам — у Мінск. Там хапае такіх спецыялістаў. У абласных цэнтрах іх больш, чым на перыферыі. А ў Полацкім раёне я адна, — сціпла тлумачыць Яня.

Гаспадыня не ведае, адкуль пра яе даведваюцца ўладальнікі коней. Напэўна, адны адным расказваюць, што ёсць на Полаччыне «эксперт па капытах».

Пра дзяцей Маслоўскія мараць, але спачатку хочуць моцна стаць на ногі. Каб не прыходзілася думаць, на якія грошы купіць абутак, адзенне малым.

Мы дамовіліся сустрэцца ўлетку: калі ў іх штодня адбываюцца падзеі, то, пэўна, будзе пра што расказаць. Саша з Яняй плануюць набыць паўночнага аленя і разводзіць індыкоў.

←В Гомеле пустуют более 50 земельных участков. Местные власти не спешат передавать их нуждающимся

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика