Экскурсія па Менску 1929 года: пляц Волі - пляц Парыскай Комуны
TUT.BY зноў запрашае сваіх чытачоў на мінскія вуліцы, якімі іх бачыў знакаміты беларускі краязнаўцыа і навуковец Мікалай Каспяровіч. Гэтым разам віртуальная экскурсія пройдзе па вуліцам страчанай Нямігі і Нізкага рынку ад плошчы Свабоды да плошчы Парыжскай камуны.
Папярэднія артыкулы з серыі віртуальных падарожжаў па Мінску 1929 года чытайце тут і тут.
Мова і арфаграфія тэкста М. Каспяровіча захаваныя.

Спушчаючыся з Пляцу Волі ўніз па Школьнай вуліцы…

…праз апошнія вароты першага кварталу яе на левым баку, зкскурсант пападае на так званы Школьны двор.

Шэраг будынкаў на якім, разам з халоднаю сынагогаю, даталямі сваімі нагадвае некаторыя асаблівасьці познай беларускай грамадзянскай і фортыфікацыйнай готыкі а таксама беларускага драўлянага будаўніцтва XVII-XVIII стагодзьдзя.

Цераз другія вароты гэтага двара выхад на Няміскую вул., у раён так званай Чорнай біржы.

Насупраць, на пачатку Ракаўскай вул. знаходзіцца так званая Жоўтая царква XVII стагодзьдзя, значна зьмененая пазьнейшымі пераробкамі. За ёю (№ 2) — Менскае акруговае таварыства краязнаўства з невялікімі колекцыямі па гор. Менску і Меншчыне.

На завулку Вызваленьня (№ 26, тэл. 335) трэба агледзець шпалерную фабрыку заснаваную ў 1923 годзе ў 7 аддзелаў.

На рагу Замкавай пачынаецца замчышча, на якім ёсьць старасьвецкі так званы дом гродзкага суда, пабудаваны быццам з рэштак менскага замку пасьля пажару яго ў 1778 годзе; аб доме існуе легенда як аб месцы паседжаньняў беларуска-літоўскага трыбуналу.

З замчышча, якое абмываецца зараз толькі Сьвіслаччу,…

…бо невялічкі ручай былой Нямігі, якая ўспамінаецца ў слове аб палку Ігаравым, і некалькі абмывала замак з другога боку, пушчаны па падземным штучным карыце, відаць вельмі прыгожыя краявіды на розныя бакі Менску.

Адсюль лёгка прайсьці на Нізкі рынак, куткі якога, калі зьняць сучасныя шыльды, зьяўляюцца найтыповымі прадстаўнікамі гэтага XVI-XVII стагодзьдзя. На ім можна наглядаць надзвычайна цікавыя рысы быту дробных гандляроў і рамясьнікоў.

З Нізкага рынку цераз драўляны мост на Сьвіслачы, па Комунальнай вул. (зараз вуліца Максіма Багдановіча), міма дому па левым баку яе, у якім жыў выдатны беларускі пісьменьнік Максім Багдановіч, аб чым сьведчыць мэморыялная дошка на доме,…

… — выхад на пляц Парыскай Комуны. Пляц зьяўляецца месцам базараў нядзелямі, панядзелкамі, серадамі і пятніцамі, а таксама месцам парадаў і дэмонстрацый у часе розных сьвяткаваньняў. У базарныя дні тутака можна чуць народную беларускую гутарку з розных далёкіх месц БССР і наглядаць бытавыя асаблівасьці беларускага сялянства.

3 левага боку на плацу — Цэнтральная беларуская вайсковая аб’яднаная школа ў карпусох былой духоўнай сэмінарыі. У ей можна пазнаёміцца з падрыхтоўкаю новых кадраў беларускага каманднага складу.

Направа цераз пляц, на Шырокай (з 1935 года вуліца Куйбышава) вуліцы (№ 28, тэл. 666) зьмяшчаецца Беларускі навукова-дасьледчы інстытут сельскай і лясной гаспадаркі імя Леніна, заснаваны ў пачатку 1927 году ў складзе 4-х аддзелаў: лясной гаспадаркі, мэліорацыі і культуры балот, сельска-гаспадарчай экономікі і аграрнай політыкі, жывёлагадоўлі і прыкдадной зоолёгіі і расьлінагадоўлі і прыкладной ботанікі. Апрача таго, у яго складзе працуюць Беларуская геофізычная служба і Цэнтральная хэмічная лябораторыя. Адначасна з азнаямленьнем з колекцыямі і матар’яламі ўсіх гэтых устаноў інстытуту экскурсанту рэкомэндуецца аглядзець і адну з васьмі дасьледчых станцый інстытуту, якая знаходзацца тут-жа, а ўласна Станцыю аховы расьлін.

Тэкст: «Куды і як вадзіць экскурсіі», М. Каспяровіч, часопіс «Наш край», № 4, Менск 1929;
Фота: TUT.BY, wikipedia.org, minsk-old-new.com, oldmensk.net, ctv.by, humus.livejournal.com, «Мінск: гістарычны партрэт горада 1953−1959» (В.Кірычэнка, 2004)