Камбайн зімуе ў полі. Якія парушэнні знайшлі пракуроры ў гаспадарках Віцебшчыны
Работнікі пракуратуры праверылі, як сельгаспрадпрыемствы вобласці утрымліваюць зімой жывёлу і захоўваюць тэхніку, збожжа, угнаенні. І выявілі шмат парушэнняў.
— Летась адказным асобам, у тым ліку кіраўнікам аблвыканкама, райвыканкамаў, неаднаразова ўказвалася на парушэнні. Сярод іх нядобрасумленнае захоўванне ўласнасці ў перыяд пасяўной кампаніі, уборкі і пры забеспячэнні захаванасці новага ўраджаю. Аднак і ў чарговы раз патрабаванні Дырэктывы № 3 праігнаравалі, — паведаміла старшы пракурор аддзела па нагляду за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў пракуратуры вобласці Вольга Грыцкевіч.
У гаспадарках павялічылася колькасць крадзяжоў. У 2014 годзе іх было каля 90, а летась — больш за 125. Адна з прычын — адсутнасць належнага догляду за маёмасцю.
У Сенненскім раёне кантралёры не сустрэлі на мехдвары вартаўніка, але ўбачылі адчыненыя браму і кабіны тэхнікі, а таксама… пустыя бутэлькі з-пад спіртнога. Падобная карціна была і ў іншай гаспадарцы гэтага ж раёна. Там жа праз спарахнелыя сцены высыпалася на вуліцу збожжа са склада.
Не ўберагаюць сцены і мінеральныя ўгнаенні ў адной з гаспадарак Шаркаўшчынскага раёна: на іх трапляюць дождж і снег. У памяшканне лёгка можа зайсці любы старонні чалавек. На ўсе гэтыя недахопы пракуратура раёна ўказвала раней, але сітуацыю не выправілі.
У гаспадарках Ушацкага раёна летась адбылося 17 крадзяжоў, з іх 11 — у мясцовым райаграсэрвісе.
— У вышэйзгаданай арганізацыі на ферме, якая не выкарыстоўваецца, адсутнічалі аконныя рамы, вароты былі адчыненымі, а ўнутры знаходзілася халадзільнае абсталяванне, — абураецца старшы пракурор.
У Аршанскім раёне пасля жніва камбайн застаўся ў полі. З машыны скралі акумулятарныя батарэі коштам больш за 6,7 мільёна рублёў.
Усяго пракуроры раёнаў падрыхтавалі 26 прадстаўленняў і столькі ж прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў закона. Да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 11 чалавек.