Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ратуе стары будынак у Магілёве
Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры мае намер для патрэбаў арганізацыі узяць адзін са старых дамоў Магілёва. Абраны рупліўцамі беларускага дойлідства будынак — у цэнтры гораду, за трыста метраў ад гарвыканкаму на завулку Камісарыяцкім, 17.
Апошнія два гады магілёўскую грамадскасць турбавала пытанне пра лёс гэтай унікальнай будыніны, стан якой блізкі да аварыйнага. Паводле кіраўніка Магілёўскага аддзялення Уладзімера Краўчанкі, гарадскія ўлады паабяцалі садзейнічаць перадачы помніка архітэктуры ў карыстанне Таварыства.
Летась Уладзімер Краўчанка быў на прыёме ў старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Уладзімера Даманеўскага. Кіраўнік абласной вертыкалі, кажа актывіст, паабяцаў перадаць будынак Таварыству аховы помнікаў гісторыі і культуры.
«Мы пісьмова звярнуліся да старшыняў аблвыканкаму і гарвыканкаму, яны пісьмова пацьвердзілі, што па прадстаўленні дакументацыі і пасля таго, як дом будзе выведзены з жылога фонду, яго перададуць Таварыству. На наступным тыдні неабходная дакументацыя будзе гатовая».
Паводле Уладзімера Краўчанкі, у доме размесціцца офіс, магчыма, музей і карцінная галерэя: «Будынку будзе нададзена другое дыханне, і ён будзе жыць дзеля патрэбаў гораду і яго жыхароў».
Актывіст запэўнівае, што будынак застаецца помнікам архітэктуры трэцяй катэгорыі.
Тым часам з дому на завулку Камісарыяцкім, 17 жыхары адселеныя. На сцяне адсутнічае шыльда пра яго ахоўны статус. Паводле звестак жыхароў, будынак збіраюцца зносіць. На ягоным месцы нібыта будзе аўтамабільная стаянка.
Апошнія пяцьдзесят год будынак, кажуць жыхары, не рамантаваўся.
Непадалёк напраўду будаўнічая пляцоўка. Ля самага дому — стаянка для тэхнікі будаўнікоў. Будынкі, якія былі навокал, знесеныя.
У жыллёва-эксплюатацыйным упраўленні Ленінскага раёну гораду зняпраўдзілі словы жыхароў. Супрацоўніца камунальнай арганізацыі заявіла, што будынак застаецца помнікам архітэктуры. Што да ахоўнай шыльды, то, на меркаванне суразмоўніцы, яе маглі скрасці. Камунальніца паабяцала разабрацца і вярнуць шыльду на месца.
У гарвыканкаме таксама заявілі, што будынак не пазбаўлялі ахоўнага статусу.
«Дом ніхто не збіраецца зносіць. Ён будзе выкарыстоўвацца як гісторыка-культурная каштоўнасць. Пакуль ня ўсе жыхары з'ехалі, як толькі апошні выедзе, то будзем абмяркоўваць у гарвыканкаме, як канкрэтна выкарыстоўваць дом. Але зносіць яго дакладна ня будуць», — запэўніла супрацоўніца гарвыканкаму.
Пры канцы 19-га стагодзьдзя, паводле супрацоўнікаў краязнаўчага музея, такімі характэрнымі толькі для Магілёва дамамі, як той, які на Камісарыяцкім завулку, забудоўваліся цэлыя гарадскія раёны. Першы паверх іх быў мураваны, другі — драўляны з разной аздобаю. За стагодзьдзе ацалеў толькі адзін. На яго і прэтэндуе Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.
Алесь АСІПЦОЎ